На імя Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай паступіў падзячны ліст ад Данііла Іванчука — навучэнца УА «Высокаўскі ДС ПТК».
«Работа сенатара падразумявае вырашэнне праблем на вышэйшым узроўні. Іншым разам нам, простым людзям з невялікіх гарадоў і мястэчак, здаецца, што нашыя праблемы хвалююць толькі нас. Але жыццё і тыя людзі, якім мы даверылі свае галасы ў выбарчых кампаніях, запэўніваюць нас у тым, што любыя праблемы заслугоўваюць увагі і нават на дастаткова высокім узроўні.
Упэўніцца ў гэтым дапамог мне Аляксандр Сяргеевіч Карпіцкі, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, галоўны ўрач УЗ «Брэсцкая абласная клінічная бальніца». Упершыню з ім я сустрэўся на акцыі «Тыдзень лесу»: мы разам з Аляксандрам Сяргеевічам высаджвалі сосны, а калі работа была скончана, ён з ахвотай пагутарыў з намі. Нас, навучэнцаў Высокаўскага каледжа, цікавілі пытанні дзейнасці Парламента, пытанні сучаснай сістэмы адукацыі і здароўя. Спыталі мы і пра тое, як Аляксандр Сяргеевіч адносіцца да народных сродкаў лячэння. Зносіны з сенатарам былі нефармальныя, і мы адразу адчулі, што нас пачулі і зразумелі, і наш сенатар даў зразумець, што пачулі нас на дастаткова высокім узроўні.
Я асмеліўся і звярнуўся да Аляксандра Сяргеевіча з асабістай праблемай, тым больш, што датычылася яна майго здароўя. Я думаў, што закончыцца мая праблема толькі на ўзроўні нашай з сенатарам размовы. Аляксандр Сяргеевіч прапанаваў мне прыйсці на кансультацыю да больш вузкага спецыяліста ва ўстанову, якую ён узначальвае. Паездку ў Брэсцкую абласную клінічную бальніцу я не адкладваў, хваляваўся, як усё будзе. Аляксандр Сяргеевіч сам сустрэў мяне і напачатку запрасіў да сябе ў кабінет, распытаў вельмі падрабязна пра мае праблемы і затым адправіў на прыём да вузкага спецыяліста. Кансультацыя і прапанаванае лячэнне, а што яшчэ трэба чалавеку, які прыйшоў на прыём да доктара?»
У лісце выказваецца падзяка Аляксандру Карпіцкаму за тое, што за вялікімі праблемамі, якія ён вырашае на ўзроўні рэспублікі, парламентарый бачыць, разумее і, што вельмі важна, дапамагае вырашаць праблемы простым людзям.