Нарадзіўся 15 красавіка 1939 года ў горадзе Магілёве. Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У.І.Леніна. Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Аўтар больш як 300 навуковых прац, 4 манаграфій і 65 вынаходніцтваў. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны арыгінальныя лазерныя прыборы, адзначаныя дыпломамі і медалямі ВДНГ і ўдастоеныя залатога медаля Міжнароднага Лейпцыгскага кірмашу. Падрыхтаваў больш як 30 кандыдатаў і дактароў навук.
Працоўную дзейнасць пачаў у Інстытуце фізікі Акадэміі навук БССР. Прайшоў шлях ад аспіранта да намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выконваў абавязкі акадэміка-сакратара Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі Акадэміі навук БССР. У 1965 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1972 годзе — доктарскую. У 1980 годзе яму прысвоена вучонае званне прафесара. Выбраны акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Член Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Узначальваў Вышэйшую атэстацыйную камісію Рэспублікі Беларусь. Быў Першым намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
У кастрычніку 2008 года выбраны членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання ад горада Мінска, у гэтым жа годзе, 31 кастрычніка, — намеснікам Старшыні Савета Рэспублікі, 24 мая 2010 года — Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. З 19 кастрычніка 2012 года па 16 студзеня 2015 года — Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыны III ступені, Францыска Скарыны, «Садружнасць» (Міжпарламенцкая Асамблея дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў), юбілейнымі медалямі, залатым медалём «МПА СНД. 20 гадоў», Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Міжпарламенцкай Асамблеі Еўразійскага эканамічнага супольніцтва.