Нарадзіўся 11 верасня 1968 года ў гарадскім пасёлку Краснаполле Магілёўскай вобласці. Закончыў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.А.Куляшова з адзнакай, гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар. Аўтар больш як 135 навуковых прац, у тым ліку 12 кніг. Падрыхтаваў трох прызёраў рэспубліканскіх конкурсаў студэнцкіх навуковых работ.
Служыў у радах Узброеных Сіл. Працаваў археолагам архітэктурна-рэстаўрацыйнай фірмы «АРТ-М» (г. Магілёў), старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры філасофіі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, дацэнтам кафедры археалогіі, дацэнтам кафедры ўсеагульнай гісторыі ўстановы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова».
Загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова».
Член Савета ўстановы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова». Кіраўнік і выканаўца Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў «Гісторыя, культура, грамадства, дзяржава» (2011 — 2015). Двойчы лаўрэат стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Маладыя дактары навук» (2006, 2012).
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў па пытаннях абароны і бяспекі, намеснік кіраўніка дэлегацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ажыццяўленні кантактаў з Міжпарламенцкай Асамблеяй Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі.
Удастоены звання «Чалавек года Магілёўскай вобласці-2011» з занясеннем на абласную Дошку пашаны. Пераможца спаборніцтва Ленінскага раёна г. Магілёва «Лепшы па прафесіі-2010». Узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», юбілейнымі медалямі, медалём Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў «За ўмацаванне парламенцкага супрацоўніцтва», нагрудным знакам Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі», Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ганаровымі граматамі НАН Беларусі, Міністэрства адукацыі, Савета Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.