Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Совет РеспубликиНационального собрания Республики Беларусь

Зберагчы нашу нацыю ад згубных праяў

Праблема распаўсюджвання наркаманіі сярод насельніцтва сёння востра стаіць перад краінамі свету. На жаль, гэтае сацыяльнае зло ўкаранілася і ў нашай краіне, у нашым грамадстве і асабліва ў маладзёжным асяроддзі. У апошні час адзначаны істотны рост колькасці асоб, якія ўжываюць наркотыкі, і, што вельмі сумна, узрасла смяротнасць ад іх ужывання. Акрамя таго, сёння наркабізнес пераўтвараецца ў адзін з найважнейшых складнікаў арганізаванай злачыннасці. Наркатызацыя насельніцтва, якая ахапіла ў большай меры маладую частку нашага грамадства, аказвае згубнае ўздзеянне перш-наперш на здароўе людзей, на іх псіхічны стан. Згубнымі звычкамі людзі самавольна ламаюць сваё жыццё, свой лёс, пазбаўляюць сябе магчымасці стаць паўнацэннымі бацькамі, мець здаровыя сем’і і дзяцей. З-за наркотыкаў расце злачыннасць і карупцыя.

 — Злоўжыванне наркотыкамі і іх незаконны абарот, асабліва ў маладзёжным асяроддзі, немагчыма раўнадушна сузіраць, так жа, як немагчыма маўчаць і праходзіць міма, калі побач прападае чалавек, — выказвае свае думкі Лілія Францаўна. — Усе мы чыесьці маці, бацькі, бабулі і дзядулі, і гэтая бяда можа прыйсці ў любую сям’ю, таму мы не можам быць абыякавымі да гэтай прыкрай з’явы і павінны прымаць самыя рашучыя меры, каб гэтае зло ніколі не пастукала ў наш дом, не пранікла ў наша жыццё. А калі яно ўжо пранікае, ахоплівае наша асяроддзе, нашу моладзь сваім ядам, то неабходна паставіць надзейны бар’ер супраць яго распаўсюджвання і зберагчы нашу нацыю ад згубных праяў.

 Наркабізнес з’яўляецца пажыўным асяроддзем у першую чаргу для арганізаванай злачыннасці, кантрабанды і тэрарызму. Чалавек, які ўжывае наркотыкі, можа ў наркатычным дурмане зрабіць шэраг злачынстваў — украсці, забіць, падарваць. Таму наркаманію трэба расцэньваць як нацыянальнае бедства, вакол якога грамадства павінна правесці непераадольную мяжу.

 — Барацьба з наркаманіяй павінна весціся з двух бакоў, — мяркуе сенатар. — З аднаго боку, гэта прыняцце прафілактычных мер па папярэджанні наркаманіі, аб’яднанне ў гэтай барацьбе нераўнадушных людзей. Барацьба з наркотыкамі — як ваенныя дзеянні. Калі мы не будзем іх атакаваць, то яны нас перамогуць!

 У першую чаргу ў гэтым павінна быць задзейнічана сістэма адукацыі, пачынаючы з кіруючых органаў адукацыйнай галіны і заканчваючы кожнай канкрэтнай навучальнай установай. Сёння, на жаль, існуе тэндэнцыя, калі бацькі, чые дзеці ўсё ж такі трапілі пад уплыў наркатычнага дурману, баяцца агалоскі. Хто як не маці альбо бацька можа заўважыць знешнія змены свайго дзіцяці пасля ўжывання наркотыкаў?! Хто лепш за іх можа ведаць, з кім сябруе іх дзіця, якія ў яго інтарэсы? Таму вельмі важна з боку бацькоў пільна назіраць за паводзінамі сваіх дзяцей, за колам іх стасункаў асабліва ў тым узросце, калі адбываецца фарміраванне асобы, фізіялагічнае і духоўнае развіццё. Стэрэатып хаваць галаву ў пясок з боку бацькоў неабходна тэрмінова выкараняць — інакш бяда набудзе яшчэ большую пагрозу. Бацькі не павінны ўтойваць сваю праблему, а выходзіць на педагогаў, псіхолагаў, іншых спецыялістаў і прасіць дапамогі.

 — Трэба аб’ядноўвацца ў барацьбе супраць гэтага зла, працаваць сумесна ўсяму грамадству, органам улады, школе аб’ядноўвацца з сям’ёй і праводзіць актыўную асветніцкую работу, — адзначае сенатар. — Найбольш дзейснымі маглі б стаць увядзенне ў вучэбную праграму факультатыўных заняткаў на гэтую тэму, гутарак класных кіраўнікоў, правядзенне бацькоўскіх сходаў, іншых мерапрыемстваў, накіраваных на выкараненне згубнай звычкі і, самае галоўнае, на папярэджванне той бяды, якая можа здарыцца з нашымі дзецьмі.

 Сёння, як вядома, распрацаваны настолькі эфектыўныя наркотыкі, што залежнасць ад іх узнікае ад аднаго ўжывання. Гэта значыць, што чалавеку хапае толькі аднаго імгнення, каб ступіць у прорву дэградацыі, калі ён пачынае губляць сам сябе. Многія памятаюць выпадак, які здарыўся ў адной сям’і, дзе быў наркаман. Калі яму спатрэбіліся грошы на наркатычную дозу, ён чарговы раз стаў патрабаваць іх у сваёй маці. І калі яна не згадзілася аддаць сваю пенсію на атруту, сын абліў жанчыну бензінам і падпаліў. Гэты выпадак, як і многія іншыя, што адбываюцца сёння, яскрава пацвярджае дэградацыю чалавека, у якога не засталося нічога святога, калі ён падняў руку на родную маці.

Другі бок барацьбы з наркаманіяй прадугледжвае заканадаўчыя рычагі, якія ствараюць невыносныя ўмовы для наркадылераў і спажыўцоў наркатычных сродкаў. Менавіта такім дакументам з’яўляецца Дэкрэт № 6 ад 28 снежня 2014 года “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”, дзе прапісаны меры крымінальнай адказнасці для тых грамадзян, якія ступілі на шлях нарказалежнасці або распаўсюджвання наркотыкаў. Лілія Францаўна адзначыла, што ўведзеныя нормы вельмі строгія ў параўнанні з іншымі краінамі, у прыватнасці з краінамі СНД. Так, у нашай краіне за распаўсюджванне наркотыкаў, калі яно прывяло па неасцярожнасці да смерці чалавека ў выніку ўжывання ім наркотыкаў, устаноўлены тэрмін зняволення да 25 гадоў (у Расійскай Федэрацыі за гэтае злачынства прадугледжаны тэрмін зняволення да 15 гадоў).

Акрамя таго, у новых антынаркатычных папраўках у Крымінальны кодэкс уведзены тэрмін “аналагі наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў”, што дазваляе максімальна спрасціць працэдуру аднясення новых псіхаактыўных рэчываў да наркотыкаў, у тым ліку курыльных сумесей і спайсаў. Да гэтага часу, як вядома, імгненнае з’яўленне на рынку новых наркотыкаў не дазваляла з такой жа хуткасцю ўносіць іх у пералік рэчываў, якія адносіліся да наркатычных і былі забаронены. Для гэтага было патрэбна не менш як 1—2 месяцы, і за гэты час кола спажыўцоў, а ў горшым выпадку ахвяр новага наркотыку магло істотна вырасці. Таму заканадаўчае ўвядзенне тэрміна “аналагі наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў” дазваляе больш аператыўна рэагаваць на прымяненне новых наркотыкаў. Спецыялісты хутка вызначаюць іх базавую структуру, і тэрмін унясення гэтых наркатычных рэчываў у пералік забароненых складае да пяці дзён.

Адным з істотных новаўвядзенняў у Крымінальны кодэкс лічыцца таксама норма, якая прадугледжвае крымінальную адказнасць за незаконны абарот наркотыкаў з 14 гадоў. Менавіта з гэтага ўзросту ў падлетка павінна з’яўляцца ўсведамленне таго, што за праступак непазбежна бывае пакаранне і што ўжыванне альбо распаўсюджванне наркотыкаў — гэта не гульня, а сур’ёзнае злачынства, якое прадугледжвае крымінальную адказнасць. За асабліва цяжкія злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, можа быць назначана пазбаўленне волі да 25 гадоў. Калі ж чалавек здзейсніў злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, яму будзе прадугледжаны максімальны тэрмін зняволення да 12 гадоў.

Лілія Францаўна звяртае ўвагу і на тое, што новаўвядзенні ў Крымінальны кодэкс ўпершыню прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі за пэўныя віды злачынстваў. Да іх адносіцца незаконны правоз наркотыкаў праз дзяржаўную мяжу. Калі няма прыкмет кантрабанды, максімальнае пакаранне прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі. За незаконны выраб наркотыкаў альбо перапрацоўку наркатычных рэчываў у спецыяльных умовах з выкарыстаннем лабараторнага посуду і абсталявання прадугледжваецца пакаранне ў выглядзе зняволення ад 10 да 20 гадоў з канфіскацыяй альбо без канфіскацыі маёмасці. Яшчэ адна новая норма кодэкса тычыцца грамадзян, якія здаюць у арэнду свае кватэры альбо пакоі. Калі яны выкарыстаны для арганізацыі прытонаў, для вырабу, перапрацоўкі або ўжывання наркотыкаў, то для гаспадароў гэтых памяшканняў прадугледжваецца пакаранне ў выглядзе арышту, або абмежавання свабоды, або зняволення ад 2 да 5 гадоў (раней для такой катэгорыі грамадзян адказнасць была ў выглядзе штрафных санкцый, арышту або абмежавання свабоды). Крымінальная адказнасць уводзіцца цяпер і за ўжыванне наркотыкаў (раней толькі адміністрацыйная адказнасць). Калі на працягу года да асобы, якая ўжывае наркатычныя сродкі, ужо былі прыняты меры адміністрацыйнай адказнасці, але яны не паўплывалі на паводзіны гэтага чалавека і ён зноў быў прыцягнуты да адказнасці, то ў дачыненні да яго будуць прыменены штрафныя санкцыі, арышт або абмежаванне волі тэрмінам да 2 гадоў. Такія меры пакарання прадугледжаны для грамадзян за ўжыванне наркотыкаў і з’яўленне ў наркатычным стане ў грамадскім месцы альбо на працы.

Акрамя таго, у некаторых артыкулах Крымінальнага кодэкса адкарэкціраваны некаторыя нормы, якія ўмацоўваюць адказнасць за незаконны абарот наркотыкаў. Напрыклад, павялічваецца максімальны тэрмін пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі з 13 да 15 гадоў за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў пры наяўнасці кваліфікуючых прыкмет: здзейсненыя групай асоб, службовай асобай з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў, звязаныя з асабліва небяспечнымі наркотыкамі (альбо тымі, якія незаконна распаўсюджваюцца ў буйных памерах), на тэрыторыі ўстановы адукацыі, арганізацыі аховы здароўя, воінскай часці, папраўчай установы, у месцы ўтрымання пад вартай, правядзення масавых мерапрыемстваў. Калі гэтыя злачынствы здзейснены арганізаванай групай асоб, то павялічваецца крымінальная адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі з 15 да 20 гадоў.

Згодна з прынятым Дэкрэтам № 6, асобы, злачынствы якіх звязаны з распаўсюджваннем і ўжываннем наркотыкаў, будуць адбываць пакаранне ў спецыяльна адведзеных для такой катэгорыі асоб установах, якія будуць мець статус папраўчых для адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі. У дэкрэце прадугледжана таксама арганізацыя спецыялізаваных лячэбных працоўных прафілакторыяў, дзе будуць утрымлівацца людзі, якія маюць наркатычную залежнасць.

 — Як бачна, новая заканадаўчая база дазваляе стварыць усе ўмовы для таго, каб не толькі выкараняць наркатычную хваробу ў нашым грамадстве, але лячыць яе і, што самае галоўнае, прадухіліць яе ў асяроддзі нашай моладзі. Толькі так мы зможам выхаваць здаровую нацыю, — заявіла Л.Ф.Мароз.

Ала КЛЮЙКО.

Все интервью