Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, член Вучонага савета Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, навукова-тэхнічнага савета Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, кандыдат юрыдычных навук Сяргей Сівец у інтэрв'ю «МС» растлумачыў сутнасць удасканалення грамадзянскага заканадаўства на прыкладзе падрыхтоўкі змен і дапаўненняў у Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь.
Змены, прадыктаваныя часам
— Сяргей Міхайлавіч, спачатку некалькі слоў пра сутнасць і ролю грамадзянскага заканадаўства ў Беларусі.
— Грамадзянскае заканадаўства займае асаблівае месца ў прававой сістэме краіны. Яго нормы рэгулююць маёмасныя і звязаныя з імі немаёмасныя адносіны, заснаваныя на прынцыпе юрыдычнай роўнасці суб'ектаў.
Нормы грамадзянскага права датычацца кожнага: з іх дзеяннем мы сутыкаемся кожны раз, калі робім пакупкі, карыстаемся паслугамі, распараджаемся сваёй маёмасцю, ствараем бізнес, атрымліваем спадчыну, абараняем у судзе свае гонар і годнасць.
Безумоўна, маёмасныя адносіны, якія рэгулююцца грамадзянскім правам, з'яўляюцца асновай прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай дзейнасці. Менавіта таму Грамадзянскі кодэкс, які змяшчае асноўныя нормы грамадзянскага права, цалкам абгрунтавана называюць эканамічнай канстытуцыяй дзяржавы.
— Што не так у грамадзянскім заканадаўстве дзяржавы, калі паўстала задача яго карэкціроўкі?
— Дзеючы Грамадзянскі кодэкс быў прыняты ў 1998 годзе. За мінулыя два дзесяцігоддзі істотныя змены зведалі самі грамадскія адносіны, якія рэгулююцца грамадзянскім правам. Змены адбыліся ў сферы прадпрымальніцкіх адносін. Змянілася роля дзяржавы ў рэгуляванні эканамічных адносін. З'явіліся новыя аб'екты грамадзянскіх праваадносін — лічбавыя актывы, а развіццё лічбавых тэхналогій запатрабавала радыкальнага змянення падыходаў да таго, як павінны здзяйсняцца і афармляцца здзелкі.
Сфарміравалася шырокая правапрымяняльная практыка. За гэты час судовая сістэма краіны выпрацавала практыку разгляду грамадзянскіх (эканамічных) спрэчак, якая сведчыла пра наяўнасць пэўных прабелаў у заканадаўстве. Усё гэта і стала асновай для сістэмнага перагляду нормаў Грамадзянскага кодэкса і распрацоўкі праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні кодэксаў» (далей — законапраект).
Прапанаваныя змены ў Грамадзянскім кодэксе значныя па аб'ёме і закранаюць розныя аспекты: абарону грамадзянскіх правоў, прававы статус грамадзян і юрыдычных асоб, карпаратыўныя адносіны, агульныя палажэнні аб дагаворах, права інтэлектуальнай уласнасці, спадчыннае права, міжнароднае прыватнае права.
З ліку найбольш істотных новаўвядзенняў я хачу вылучыць наступныя. Значная іх частка звязана з рэгуляваннем карпаратыўных адносін. Адзначу, што ў законапраекце прапануецца заканадаўча вызначыць прававы статус рашэння сходу ўдзельнікаў (членаў) калектыву, пры гэтым у кодэксе з'явіцца асобная глава, прысвечаная рашэнням сходаў і іх несапраўднасці.
Удакладняецца сістэма арганізацыйна-прававых формаў, у якіх могуць стварацца некамерцыйныя арганізацыі. У прыватнасці, у кодэкс прапануецца ўключыць нормы аб садаводчых таварыствах і таварыствах уласнікаў.
Узмацняюцца гарантыі правоў крэдытораў юрыдычнай асобы пры яе рэарганізацыі, а таксама дэталізуецца прававое рэгуляванне працэсу ліквідацыі юрыдычных асоб.
Не менш значныя змены датычацца правоў грамадзян. У кодэкс мяркуецца ўключыць нормы, прысвечаныя ахове выявы грамадзяніна: у якасці агульнага правіла мяркуецца выкарыстанне такой выявы (фатаграфіі, відэазапісу і да т. п.) толькі са згоды самога грамадзяніна. Выключэнне будуць складаць выпадкі атрымання такой выявы пры правядзенні здымак у месцах, адкрытых для масавага наведвання, падчас правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама ў іншых выпадках, якія павінны быць вызначаны заканадаўчымі актамі.
Таксама прапануецца ўдакладніць змест дзеяздольнасці малалетніх (да 14 гадоў) і асоб, абмежаваных у дзеяздольнасці, у частцы іх права на здзяйсненне дробных бытавых здзелак, адмовіўшыся ад гэтага паняцця, якое не атрымала выразнага вызначэння, і замяніўшы яго мяжой «да 3 базавых велічынь».
Удасканальваюцца нормы, якія вызначаюць парадак выканання абавязацельстваў. У прыватнасці, мяркуецца прызнаць магчымасць заключэння крэдыторамі пагаднення аб парадку задавальнення іх патрабаванняў да даўжніка.
Прапануецца дэталёвая рэгламентацыя дагавора факторынгу, а таксама ўдасканаленне нормаў, якія рэгулююць дагаворы франчайзінгу і простага таварыства.
Раздзел V Грамадзянскага кодэкса «Інтэлектуальная ўласнасць» прапануецца сістэмна перагледзець, выклаўшы ўвесь раздзел у новай рэдакцыі.
Як бачыце, змяненняў шмат. Аднак няправільна будзе казаць пра тое, што з іх прыняццем краіна атрымае новы Грамадзянскі кодэкс, бо гэтыя змены не прадугледжваюць перагляду базавых прынцыпаў айчыннага грамадзянскага права, а пераважна накіраваны на ўдасканаленне асобных яго нормаў.
Пытанне пра тое, ці патрэбны нашай краіне прынцыпова новы Грамадзянскі кодэкс, уяўляецца досыць складаным. Распрацоўка такога прававога акта патрабуе сур'ёзнай шматгадовай працы з прыцягненнем вядучых вучоных і спецыялістаў-практыкаў. У якасці прыкладу можна прывесці досвед нашых суседзяў — у Расійскай Федэрацыі з 1999 года дзейнічае Савет пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па кадыфікацыі і ўдасканаленні грамадзянскага заканадаўства, які на пастаяннай аснове займаецца пытаннямі канцэптуальнага развіцця грамадзянскага заканадаўства і падрыхтоўкай прапаноў па яго сістэмным пераглядзе.
Правільныя тлумачэнні
— У якой ступені ўліваюцца вынікі прамых тэлефонных ліній, асабістых прыёмаў грамадзян сенатарамі, аналіз пісьмовых і электронных зваротаў людзей у верхнюю палату парламента пры падрыхтоўцы змен і дапаўненняў у грамадзянскае заканадаўства?
— Вынікі работы сенатараў са зваротамі грамадзян, атрыманыя ў сувязі з правядзеннем асабістых прыёмаў і прамых тэлефонных ліній, маюць надзвычай важнае значэнне з пункту гледжання атрымання інфармацыі, што называецца, з першых рук. Як паказвае практыка правапрымянення, у большасці выпадкаў асноўныя праблемы на месцах, у тым ліку ў грамадзян, звязаныя з няправільным ці некарэктным тлумачэннем тых ці іншых нарматыўных прадпісанняў мясцовымі органамі ўлады або кіраўнікамі адпаведных суб'ектаў гаспадарання. І калі гэта адбываецца на працягу доўгага перыяду, узрастае колькасць асоб, чые правы і законныя інтарэсы парушаюцца, што ў канчатковым выніку ўплывае і на ацэнку эфектыўнасці дзейнасці публічных органаў улады з боку насельніцтва.
Таму вельмі важны рэгулярны парламенцкі маніторынг практыкі правапрымянення заканадаўчых актаў на месцах, аналіз работы мясцовых органаў улады па вырашэнні бягучых пытанняў грамадскага жыцця, аказанні неабходнай дапамогі грамадзянам у рэалізацыі іх правоў і законных інтарэсаў. Менавіта на дасягненне гэтых мэт і накіраваны дыялог грамадзян з парламентарыямі, у працэсе якога заканадавец знаходзіцца на адлегласці выцягнутай рукі ад свайго выбаршчыка і разам з ім удзельнічае ў вырашэнні пытанняў, якія таго хвалююць.
Таму вынікі прамых тэлефонных ліній, асабістых прыёмаў грамадзян, пісьмовых зваротаў, у тым ліку электронных, абавязкова ўлічваюцца ў нарматворчай дзейнасці як пры падрыхтоўцы законапраекта, так і ў момант разгляду на пасяджэннях Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве.
— Як развіццё лічбавых тэхналогій уплывае на прававую сістэму дзяржавы?
— Актыўнае развіццё лічбавых тэхналогій уплывае на ўсе сферы грамадскага жыцця. У тым ліку — і на грамадскія адносіны, якія рэгулююцца нормамі грамадзянскага права.
Можна казаць, што развіццё інфармацыйных тэхналогій у значнай меры апярэджвае развіццё заканадаўства. У якасці прыкладаў можна прывесці практыку заключэння дагавораў у сетцы «Інтэрнэт» націсканнем клавішы і наяўнае патрабаванне грамадзянскага заканадаўства забяспечыць пісьмовую форму здзелкі; абарот лічбавых знакаў (токенаў) і адсутнасць выразнага заканадаўчага вызначэння іх прававой прыроды і г. д. Таму адной з задач пры бягучым пераглядзе нормаў Грамадзянскага кодэкса з'яўляецца іх адаптацыя да ўмоў лічбавай эканомікі, якая цяпер актыўна ствараецца ў нашай краіне.
Таксама хачу адзначыць, што адной з падстаў для распрацоўкі законапраекта стала прыняцце ў канцы 2017 года Дэкрэта № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі», — у ліку іншага ён прадугледжваў правядзенне ў межах Парка высокіх тэхналогій прававога эксперымента па апрабацыі новых прававых інстытутаў на прадмет магчымасці іх імплементацыі ў грамадзянскае заканадаўства. У выніку ў ліку нормаў, прапанаваных для ўключэння ў Грамадзянскі кодэкс, ёсць прысвечаныя такім новым для нашага заканадаўства паняццям, як апцыённы дагавор, канвертаваная пазыка, безадзыўная даверанасць і іншыя прававыя інструменты, у выкарыстанні якіх зацікаўлены айчынныя ІT-кампаніі, што актыўна супрацоўнічаюць з замежнымі партнёрамі і інвестарамі.
У інтарэсах кожнага
— Што ўвогуле дадуць нашым суграмадзянам змены і дапаўненні ў Грамадзянскі кодэкс?
— Як я ўжо казаў, нормы грамадзянскага права закранаюць інтарэсы кожнага з нас. Таму ад таго, наколькі яны зразумелыя і простыя ва ўжыванні, наколькі яны адпавядаюць існуючым грамадскім адносінам, залежыць якасць нашага жыцця. Права павінна дапамагаць грамадскім адносінам, а не ствараць цяжкасці і перашкоды.
Асноўнай мэтай бягучага перагляду нормаў Грамадзянскага кодэкса з'яўляецца іх прывядзенне ў адпаведнасць з патрабаваннямі жыцця, якое хутка змяняецца. Таму я мяркую, што абноўленыя нормы грамадзянскага заканадаўства дадуць нашым грамадзянам больш магчымасцей для рэалізацыі сваіх маёмасных правоў, абароны асабістых немаёмасных правоў, будуць спрыяць росту прадпрымальніцкай актыўнасці і развіццю новых галін нашай нацыянальнай эканомікі.
— Якім чынам Савет Рэспублікі бярэ ўдзел у распрацоўцы змен у грамадзянскім заканадаўстве Беларусі?
— Нягледзячы на тое што Савет Рэспублікі фармальна далучаецца да заканатворчага працэсу на адной з апошніх яго стадый, члены Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве настроены на тое, каб «трымаць руку на пульсе» і ацэньваць законапраект яшчэ да таго, як ён паступіць у верхнюю палату Парламента. Асабліва калі гаворка ідзе пра такі важны законапраект, як згаданыя змены ў Грамадзянскі кодэкс.
Прыкладам удзелу Савета Рэспублікі ў рабоце над праектам змяненняў у Грамадзянскі кодэкс з'яўляецца арганізаваны Пастаяннай камісіяй па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве круглы стол на тэму «Удасканаленне палажэнняў Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб інтэлектуальнай уласнасці». Ён праводзіўся ў фармаце відэаканферэнцыі, што дазволіла ўзяць у ім удзел членам Савета Рэспублікі, прадстаўнікам Вярхоўнага Суда, Міністэрства эканомікі, Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, БДУ, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, адвакатам і патэнтным павераным. Прадметам абмеркавання сталі палажэнні прапанаванай новай рэдакцыі раздзела V Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, прысвечанага праву інтэлектуальнай уласнасці.
Падчас агульнай дыскусіі ўдзельнікі падкрэслілі неабходнасць унясення змен у нормы Грамадзянскага кодэкса і ў цэлым падтрымалі нормы законапраекта. У той жа час у дачыненні да асобных палажэнняў разгарнулася актыўная дыскусія, удзельнікі якой выказалі свае прапановы па іх карэкціроўцы. Такім чынам, правядзенне круглага стала дазволіла яшчэ раз ацаніць палажэнні законапраекта і сфармуляваць рэкамендацыі, якія могуць быць улічаны Парламентам пры яго разглядзе.
Падрыхтаваў Леанід Лахманенка
Все интервью