Ужо праз два тыдні ў парламенце распачнецца чарговая сесія. Сярод законапраектаў, якія плануецца разгледзець, будуць і тыя, што закліканы палепшыць эканамічную сферу нашай краіны. Менавіта пра іх нам расказаў Уладзімір Панцюхоў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па эканоміцы, бюджэце і фінансах.
— Уладзімір Іванавіч, якія законапраекты, што адносяцца да кампетэнцыі Пастаяннай камісіі, плануецца разгледзець падчас восеньскай сесіі?
— На сённяшні дзень у Пастаяннай камісіі знаходзіцца шэсць прынятых у першым чытанні законапраектаў, якія мы рыхтуемся разгледзець. Сярод іх — новыя рэдакцыі законаў «Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)» і «Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі», законапраекты аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у законы аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве, аб абароне правоў спажыўцоў і інш. Акрамя гэтага, у абавязковым парадку будзе разгледжаны бюджэтны пакет.
У мінулы панядзелак пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча адбылося пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі, падчас якога абмяркоўваліся гэтыя і іншыя законапраекты, якія адносяцца да распараджэння Пастаяннай камісіі. Па кожным з іх выпрацаваны прапановы, накіраваныя на ўдасканаленне дзейнага заканадаўства ў той ці іншай сферы.
Члены Прэзідыума таксама звярнулі ўвагу на неабходнасць прывядзення разгледжаных законапраектаў у адпаведнасць з Дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе і правам ЕАЭС. Усё гэта будзе ўлічана намі пры дапрацоўцы.
— Якія законапраекты выклікалі найбольшую цікавасць у членаў Прэзідыума?
— Асаблівая ўвага была ўдзелена новым рэдакцыям законаў «Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)» і «Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі». Актыўная дыскусія разгарнулася вакол крытэрыяў і абгрунтавання парогавых значэнняў для прыняцця рашэнняў аб аднясенні суб'ектаў гаспадарання да суб'ектаў, якія займаюць дамінуючае становішча на рынку, і магчымасці ўдзелу мясцовых Саветаў дэпутатаў у прыняцці гэтых рашэнняў.
— Што да дзяржаўных закупак, якія карэктывы ў законапраект аб іх плануецца ўнесці?
— Асноўная мэта распрацоўкі гэтага законапраекта — прывядзенне нормаў дзейнага закона аб дзяржзакупках у адпаведнасць з Дагаворам аб ЕАЭС. Члены Пастаяннай камісіі, вывучыўшы прыняты ў першым чытанні законапраект, унеслі прапанову замацаваць у ім нормы, накіраваныя на стварэнне роўных умоў доступу суб'ектаў гаспадарання да дзяржаўных закупак на рынках Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС, рэалізацыю механізма спецыяльных інвестыцыйных кантрактаў. Акрамя гэтага, прапанавалі замацаваць магчымасць свабоднага доступу ўдзельнікаў закупак да інфармацыі аб выніках праведзеных працэдур закупак і адказнасць удзельніка-пераможцы за дакладнасць звестак, пададзеных у дакументах, прадстаўленых для ўдзелу ў дзяржаўных закупках, а таксама за ўхіленне або адмову ад заключэння дагавора на дзяржаўную закупку.
— Якім чынам унясенне зменаў у Закон «Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве» паўплывае на рэалізацыю гэтай формы ўзаемадзеяння паміж бізнесам і дзяржаўнымі структурамі?
— Прыняты ў 2015 годзе закон «Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве» заклаў прававую аснову для пашырэння ўзаемадзеяння дзяржавы і бізнесу пры рэалізацыі розных праектаў. Праз пэўны час спатрэбілася яго дапрацаваць. Асноўныя змены закранулі парадак выбару прыватнага партнёра, падыходы да правядзення конкурсу і дзейнасці конкурснай камісіі па выбары прыватнага партнёра, паўнамоцтвы дзяржаўных органаў у сферы ДПП, склад удзельнікаў, якія могуць выступаць у якасці прыватнага партнёра, кантроль за выкананнем умоў пагаднення ДПП, а таксама гарантыі правоў прыватнага партнёра.
У той жа час мы выступілі з прапановай яшчэ больш удасканаліць дадзены інстытут і прадугледзець у законапраекце наяўнасць дзейснага механізма рэалізацыі праектаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства, замацаванне зоны адказнасці дзяржаўных органаў і службовых асоб, адказных за прыняцце рашэнняў у сферы дзяржаўна-прыватнага партнёрства, уключэнне пераважна нормаў прамога дзеяння. Усё гэта дазволіць, на нашу думку, стварыць узаемавыгадныя і празрыстыя ўмовы дзейнасці дзяржаўных і прыватных партнёраў, а таксама дадаткова прыцягнуць інвестыцыі ў эканоміку краіны і вызваліць сродкі дзяржаўнага бюджэту.
Карыстаючыся нагодай, Уладзімір Панцюхоў павіншаваў калектыў рэдакцыі газеты «Звязда» з юбілейнай датай — стагоддзем — і пажадаў ёй далейшага росквіту, стабільнасці і фінансавага дабрабыту, а творчай камандзе — шчасця, моцнага здароўя, добрага настрою, цікавай працы, прафесійных поспехаў і ўдзячных чытачоў.
Вераніка ПУСТАВІТ
Все интервью