Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Совет РеспубликиНационального собрания Республики Беларусь

Выбіраць прафесію ўсвядомлена Юны шукальнік Віктар ЛІСКОВІЧ: “Люблю новае і цяжкасці”

Сёння госцем рубрыкі “Мая школа” стаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар ЛІСКОВІЧ. Віктар Андрэевіч адразу даў згоду на інтэрв’ю, бо школа для яго не проста ўспаміны. Менавіта ў школе раскрыліся яго лідарскія здольнасці, у школе ён сфарміраваўся як асоба і грамадзянін. І, безумоўна, школа дала яму той багаж ведаў, якім сенатар кандыдат медыцынскіх навук Віктар Лісковіч карыстаецца па сённяшні дзень.

— Віктар Андрэевіч, што ўспамінаецца ў першую чаргу, калі гаворка захо-дзіць пра вашу родную школу?

— Нарадзіўся я ў Кобрыне, і ў 1967 го-дзе пайшоў вучыцца ў першы клас кобрынскай сярэдняй школы № 5. Тады гэта была самая новая школа ў горадзе (яе пабудавалі ў 1963 годзе), але знаходзілася яна, як цяпер гавораць, не ў крокавай даступнасці ад нашага дома. У першыя чатыры гады навучання ў маім класе было 44 чалавекі. Разам з тым, усе мы жылі дружна, усім усяго хапала, настаўнік паспяваў усіх спытаць. І вучыліся мы тады не ў першую змену. Урокі пачыналіся ў 16.20 і заканчваліся ў 20.20 (гэта была трэцяя змена). Спачатку тата сустракаў мяне са школы, а пасля я хадзіў сам, што фарміравала маю персанальную адказнасць за сябе і свае ўчынкі.

Затым быў перыяд, калі я вучыўся ў другую змену, і толькі два апошнія школьныя гады хадзіў у школу ў першую змену. Сёння, гледзячы на тое, як загружаны сучасныя школы, абсталяваныя па апошнім слове тэхнікі, хачу адзначыць, што няправільна, калі яны працуюць толькі ў адну змену. Школы павінны працаваць у дзве змены. І гэта не будзе негатыўна адбівацца на нашых дзецях.

Мае школьныя настаўнікі былі вельмі прафесійнымі і строгімі. Нікому і ніколі не рабілі ніякіх патуранняў. Нягледзячы на тое, што бацька на працягу 10 гадоў быў старшынёй бацькоўскага камітэта школы і я заўсёды добра вучыўся, настаўнікі ўсё роўна наведвалі наш дом. Без увагі мы ніколі не заставаліся, і кантакт педагогаў з бацькамі быў пастаянны. У нашай сям’і, як, зрэшты, і ў сем’ях аднакласнікаў, слова настаўніка было законам. Раз настаўнік сказаў, значыць, трэба было выконваць.

Дарэчы, у маім атэстаце не было чацвёрак, але залаты медаль я не атрымаў, бо ў 9 класе была чацвёрка па рускай мове. Усё — ніякіх кампрамісаў і пераздач. У маім класе не было ніводнага медаліста, хоць мы былі самым моцным класам за ўсю гісторыю школы. 40 працэнтаў паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Усе выбралі прафесіі па душы, таму працавалі пасля поўнасцю аддаючыся справе.

— Ці былі ў вас правілы ў навучанні, якіх вы цвёрда прытрымліваліся?

— Калі гаварыць пра вучобу, то недзе з 8 класа ўзяў за правіла дамашняе заданне рабіць адразу ў той дзень, калі яно задавалася. Другім прынцыпам стала — нічога не паўтараць напярэдадні ўрока. Трымаў у памяці тое, што запомніў з мінулых урокаў, і той матэрыял, з якім працаваў падчас выканання дамашняй работы — трэніраваў памяць. Пасля мне ў жыцці гэта вельмі спатрэбілася.

Я любіў і люблю чытаць. Кожнае лета нам давалі спіс літаратуры для абавязковага чытання, а я яго абавязкова падвойваў. Недзе з 5 класа вёў чытацкі дзённік. Больш за ўсё мне падабалася літаратура на ваенную тэму. Я прачытаў практычна ўсе кнігі па гэтай тэме, якія былі выпушчаны ў Савецкім Саюзе (пра партызанскі рух у Беларусі, мемуары практычна ўсіх военачальнікаў СССР). Мемуары Георгія Жукава перачытваў ажно 4 разы. Гэты палкаводзец шмат зрабіў для перамогі Савецкага Саюза ў Другой сусветнай вайне. Вялікі чалавек.

— Да каго вы сябе адносілі: да фізікаў ці да лірыкаў?

— Я быў прызёрам Абласной алімпіяды па фізіцы. Калі паступаў у медыцынскі інстытут, рашыў задачу па оптыцы, якую ніхто з абітурыентаў не мог рашыць некалькі гадоў. У мяне тады спыталі, у якой спецшколе я вучыўся, што магу рашаць такія задачы. А ў мяне быў выдатны настаўнік фізікі Васіль Пятровіч Андраюк, які ўбачыў мае здольнас-ці да свайго прадмета і пачаў даваць дадатковыя задачы. Потым я даведаўся, што рашаў задачы завочнікаў 2—3 курса. Але мне падабалася рашаць такія задачы, я лёгка мог сядзець да 2—3 га-дзін ночы, бо захапляўся працэсам. Увогуле, я любіў дакладныя навукі: фізіку, хімію, матэматыку, геаграфію. З 1 класа атрымліваў з рук дырэктара школы падпісаныя ім кнігі за выдатную вучобу і прыкладныя паводзіны. Гэтыя кнігі і сёння захоўваюцца ў маёй бібліятэцы.

— Віктар Андрэевіч, цяпер шмат гавораць пра тое, што ў школе дзеці найперш павінны атрымліваць жыццёвыя навыкі. Вы такія навыкі ў сваёй школе атрымалі?

— Так, атрымаў. І тут асобна хачу спыніцца на працоўным навучанні. Мне ў школе вельмі падабаўся гэты прадмет. На першы погляд ён быў звычайным. Мы, як і ўсе, вучыліся ў майстэрнях сталярнічаць, забіваць цвікі, нешта майстравалі. І ў выніку выходзілі са школы поўнасцю падрыхтаванымі да сямейнага жыцця. Нам не трэба было звяртацца да сантэхніка, электрыка ці сталяра, бо мы маглі ўсё адрамантаваць самастойна. Я па сённяшні дзень усе рамонтныя работы дома праводжу сам. І дзяўчаты нашы ўмелі шыць, вязаць, гата-ваць. Дарэчы, я таксама ўмею шыць на швейнай машынцы, прычым як на ручной, так і на электрычнай. Акрамя таго, з 5 класа ў нас штогод была вытворчая практыка на школьным агародзе і ў школе, якую мы самі рыхтавалі да новага навучальнага года.

На канікулах я ўвесь час праводзіў у сталярнай майстэрні свайго бацькі. І пакалоць дровы было ў задавальненне. Памятаю, як у 11 гадоў за тры тыдні пакалоў 5 кубоў сасны, прычым сукаватай. Бацька ў гэты час быў у санаторыі, а калі прыехаў, то быў моцна здзіўлены. А мне падабалася такая праца і цяжкай не здавалася.

— Вашы лідарскія якасці таксама са школы?

— У школьныя гады актыўна займаўся грамадскімі справамі. Быў старшынёй савета дружыны, узначальваў камсамольскае бюро школы. На дэманстрацыях заўсёды насіў сцяг піянерскай дружыны. Грамадская работа ў школьныя гады, канечне, паўплывала на маё фарміраванне як асобы. Добра памятаю, як дрыжалі каленкі, калі прымалі ў камсамол, бо да тых, каго не прымалі (а такія былі), у маладзёжным асяроддзі ставіліся ганебна. Успамінаюцца кастрычніцкія, першамайскія дэманстрацыі, калі ідзе не проста актыў школы, а ўсе класы. Калі ты на дэманстрацыі ходзіш з 1 класа, то ў 10-м ты ўжо абсалютна сфарміраваны грамадзянін, які ра-зумее сваю ролю ў грамадстве.

У медыцынскім інстытуце ўсе школьныя і грамадскія навыкі мне вельмі дапамагалі. Добрая памяць спрыяла засваенню вышэйшай адукацыі, а грамадская дзейнасць дапамагала рухацца па жыцці. Узначальваў нават інстытуцкую арганізацыю ДТСААФ.

Роля масавых мерапрыемстваў вельмі высокая, таму лічу, што і сёння дзеці павінны ўдзельнічаць у іх. Акрамя таго, перакананы, што школа павінна працаваць шэсць дзён. Нельга падмяніць шостым школьным днём (напалову класным і напалову пазакласным) паўнацэнны вучэбны дзень. Дзеці павінны вучыцца і ў суботу, што дазволіць знізіць іх нагрузку на працягу тыдня.

— Віктар Андрэевіч, а чаму выбралі медыцыну?

— На паступленне ў медыцынскі інстытут натхніў бацькаў брат, які таксама быў медыкам. Акрамя таго, ён быў вельмі блізкім мне па духу чалавекам, другім бацькам. Цяпер наша сямейная дынастыя ўрачоў па гарызанталі налічвае амаль 290 гадоў. Дактарамі самых розных спецыяльнасцей з’яўляюцца мая жонка, сястра, муж сястры, сёстры жонкі, мае дочкі, зяць. Усе прыйшлі ў медыцыну па сваім жаданні і з’яўляюцца запатрабаванымі спецыялістамі. Падрастаюць унукі Маша і Міша, якія, магчыма, таксама стануць урачамі. Цяпер яны ходзяць у школу і дзіцячы сад, але ўжо дэманструюць упартаць у дасягненні мэты.

І вось што хачу адзначыць: выбар прафесіі павінен быць усвядомленым, а не колькі балаў набраў, туды і паступіў. Акрамя таго, у школе мы павінны вучыць дзяцей самым простым і неабходным жыццёвым навыкам (ручная праца заўсёды ў пашане), ставіцца адно да аднаго з павагай. Важна, каб школьнікі любілі сваю Радзіму.

— Вы вучыліся ў Гродне, пасля доўгі час працавалі на Гродзеншчыне, якая стала вам роднай. Як гэты рэгіён паўплываў на ваша станаўленне як спецыяліста і кіраўніка? Чаму навучыліся? Наша навучанне ж не заканч-ваецца школай і ўніверсітэтам.

— Так, я 17 гадоў пражыў у Кобрыне, але практычна ўвесь астатні час вучыўся, жыў і працаваў на Гродзеншчыне, да якой прыкіпеў душой. Гэты рэгіён самы каларытны ў краіне. Нездарма Гродна называюць каралеўскім, горадам-музеем. Калі я прыехаў паступаць у медыцынскі інстытут, то пасля здачы кожнага экзамену (конкурс тады быў сур’ёзны, 5 чалавек на месца) ішоў знаёміцца з горадам (на тралейбусе і пешшу) і запамінаў, што дзе знаходзіцца. Мне тады гаварылі, навошта я гэта раблю, можа яшчэ не паступлю. Але я быў упэўнены. І цяпер памятаю Гродна ў ліпені 1977 года.

Затым працаваў у Астравецкім раёне (13 гадоў), дзе атрымаў першую практыку, навучыўся працаваць з людзьмі. Увогуле, быў вельмі рады працаваць у гэтым рэгіёне. Цяпер усе імкнуцца ў вялікія гарады, але мне падаецца, што пачынаць трэба з меншага. Работа ў раёне моцна паўплывала на маё станаўленне як спецыяліста і кіраўніка. У той перыяд я ўзначаліў прафсаюзную арганізацыю медыкаў раёна, а мне было толькі 26 гадоў.

Пасля Астраўца стаў галоўным гінеколагам Гродзенскай вобласці. Тады мы былі піянерамі ў распрацоўцы рознаўзроўневай сістэмы перынатальнай дапамогі мамам і дзецям, што стала вынікам маёй кандыдацкай дысертацыі (абараніў у 2003 годзе). Цяпер гэтая сістэма паспяхова функцыянуе па ўсёй краіне. Пазней стаў кіраўніком перынатальнага цэнтра ў Гродне. Правёў яго поўную рэканструкцыю, а потым быў выбраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 5-га склікання. Праз два гады стаў намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама, а праз шэсць пачаў працаваць у Мінску, у Савеце Рэспублікі.

Напэўна, я ніколі не дасягнуў бы такіх вышынь, калі б на шляху не трапляліся выдатныя людзі, якія станавіліся настаўнікамі па жыцці. Увогуле, мне пашанцавала спачатку са школьнымі настаўнікамі, пасля з інсты-туцкімі выкладчыкамі. Усе яны вялікія прафесіяналы і асобы, на якіх хацелася раўняцца. Напрыклад, загадчык кафедры акушэрства і гінекалогіі Віталь Сцяпанавіч Ракуць. Ён быў не проста прафесарам, навукоўцам, але і выдатным доктарам, добрым чалавекам. З дэканам майго факультэта Іванам Фамічом Мірончыкам зносіны мы падтрымлівалі і пасля заканчэння інстытута.

Потым таксама сустракаліся людзі, выдатныя спецыялісты, якія ўплывалі на мяне, скаралі сваёй прафесійнай і жыццёвай філасофіяй. Гэта начальнік упраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама намеснік міністра аховы здароўя Роберт Аляксандравіч Часнойць. Не магу не ўспомніць намесніка старшыні аблвыканкама Марыну Міхайлаўну Бірукову. На маёй цяперашняй пасадзе мне вельмі дапамагаюць вопыт і веды, набытыя дзякуючы самым розным педагогам і настаўнікам па жыцці. Я бачу, дзе трэба вярнуцца да ранейшага, а дзе — шукаць новы шлях для развіцця. І нават тут мне пашчасціла працаваць і вучыцца ў вялікіх прафесіяналаў. Сёння Савет Рэспублікі ўзначальвае Наталля Іванаўна Качанава — глыбокі аналітык з сістэмным падыходам, адданы краіне чалавек. Для мяне гонар працаваць пад кіраўніцтвам Наталлі Іванаўны.

— Віктар Андрэевіч, кожны з нас заўсёды знаходзіцца або ў ролі вучня, або ў ролі настаўніка. Не сумняваюся, што і вы былі настаўнікам, у якога ёсць паслядоўнікі, вучні.

— Ёсць людзі, якімі я ганаруся. Галоўны ўрач перынатальнага цэнтра ў Гродне Ула-дзімір Лявонцьевіч Звярко, цяперашні рэктар Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Алена Мікалаеўна Караткова, начальнік упраўлення па ахове здароўя Гродзенскага аблвыканкама Людміла Мікалаеўна Кеда, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Юр’евіч Абрамчык. Загадчыкі аддзяленняў у абласным раддоме, галоўныя ўрачы раённых бальніц. Мне вельмі прыемна, што ўсе яны дасягнулі поспеху ў прафесіі.

— Ці бываеце ў сваёй роднай школе?

— Стараюся не забываць пра Кобрын. Напярэдадні 1 верасня, выбіраючы ўстанову адукацыі для наведвання і віншавання з Днём ведаў, спыніўся на сваёй роднай кобрынскай школе. Падарыў ёй свае навуковыя працы: у мяне 8 манаграфій, з якіх 2 двухтомнікі, падручнік па арганізацыі аховы здароўя (таксама двухтомнік), 8 вучэбных дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі для студэнтаў. Атрымалася вельмі душэўная і кранальная сустрэча з былымі педагогамі Палінай Дзмітрыеўнай Гардзіевіч (настаўніца хіміі), Антанінай Клімаўнай Уласёнай (настаўніца рускай мовы і літаратуры).

— “Адукацыя праз усё жыццё” — лозунг на ўсе часы. Ці ёсць у вас уменні, якія выходзяць за межы вашай прафесійнай дзейнасці?

— Больш за 50 гадоў займаюся фатаграфіяй. Да гэтага цікавага занятку мяне далучыў бацька, які сам захапляўся фота. Я яшчэ толькі гляджу ў фотакамеру, а ўжо бачу канчатковы кадр. Гэта дапамагае бачыць рознабаковасць свету, арыентавацца ў сітуацыі, прымаць рашэнні. Няпростым з’яўляецца чорна-белае фота, але паўтонамі паказваць навакольную прыгажосць, людзей, іх рухі вельмі захапляльна. З некаторымі фотаздымкамі можна азнаёміцца ў маім Instagram. Так, у мяне ёсць Instagram, на які падпісана 2149 чалавек. У ім адлюстраваны мае працоўныя будні і жыццёвыя замалёўкі. Увогуле, я люблю новае і цяжкасці, пераадольваючы якія атрымліваеш жаданы вынік.

Все интервью