Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Совет РеспубликиНационального собрания Республики Беларусь

Viva, Aсademia!

Яны ўмеюць ствараць свята — сабе і іншым. Яны самі — свята, калі ёсць магчымасць дакрануцца да таленту і калі разумееш, колькі працы за ім прыхавана. Таму, калі яны святкуюць, варта далучыцца. Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі запрашае ў гэтыя дні на свята свайго нараджэння, якое адзначаецца пышна: шэрагам канцэртаў, канферэнцыяй, дзе будзе згаданы шлях фарміравання прафесійнай музычнай адукацыі ў рэспубліцы. Пра традыцыі, закладзеныя 85 гадоў таму, і іх сённяшняе развіццё мы размаўляем з рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам, членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Кацярынай Дулавай:

— Архіўныя матэрыялы даюць інфармацыю пра больш ранні перыяд утварэння кансерваторыі: указ, датаваны 1925 годам, сведчыў, што было прынята рашэнне аб стварэнні Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. А ўжо сам факт адкрыцця і пачатак функцыянавання ўстановы датуецца 1932 годам. Мяркую, што яшчэ да пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя было ўяўленне аб неабходнасці стварэння прафесійнай музычнай адукацыі ў Беларусі.

Зараз мы можам доказна гаварыць пра тое, наколькі разнастайным і цікавым было культурнае і тэатральнае жыццё ў нашай краіне ў розныя перыяды яе гісторыі: у ВКЛ ці Рэчы Паспалітай, падчас існавання ў межах Расійскай імперыі і ў гады існавання сучаснай беларускай дзяржавы. І раней былі ўстановы адукацыі, якія адначасова выконвалі функцыю культурных цэнтраў: калегіумы, музычныя тэхнікумы ў Віцебску, Мінску, Магілёве. Гэта аcобная тэма: наяўнасць падрыхтоўчага этапу, стварэнне музычнага асяродка, таго ж Беларускага музычнага таварыства. Адметны сам факт, што ў няпростыя часы, калі толькі ішло станаўленне эканомікі новай дзяржавы, думкі, у тым ліку дзяржаўных людзей, былі звязаны з культурай.

На пачатку стварэння кансерваторыя месцілася ў іншых будынках. Будынак, які мы займаем зараз, датуецца 57-м годам. Гэта ўсяго 12 гадоў пасля заканчэння вайны. У той час, калі трэба было пачынаць жыць нанова, калі будаваліся дамы, аднаўляліся прадпрыемствы, у цэнтры Мінска з лепшых матэрыялаў было ўзведзена памяшканне ўстановы для адораных людзей. Сёння гэта ўражвае: натуральны мармур, бронза, крышталь, дрэва. Гэта было зроблена годна, у класічным стылі, з думкай пра тое, што людзі, якія вырашылі прысвяціць сябе музычнай творчасці, павінны выхоўвацца ў адпаведных умовах.

— Каб у кожнага было разуменне: музыка — мастацтва для ўсяго грамадства, а не толькі для эліты?

— Асвеце надавалася вялікая ўвага. Былі патрэбны спецыялісты, каб пачаць працэс на найвышэйшым адукацыйным узроўні. Праз тры гады пасля адкрыцця кансерваторыі пры ёй адкрываецца школа для адораных дзяцей. Адразу прадумвалася: хто будзе фарміраваць кадры для будучай навучальнай установы. Важнай акалічнасцю ў гэтым працэсе стала запрашэнне выдатных дзеячаў савецкай — расійскай — музычнай культуры і адукацыі для таго, каб выхоўваць нашы нацыянальныя кадры. Сёння мы ганарымся, што многія з вядучых прафесараў Беларускай акадэміі музыкі былі першымі вучнямі выдатных дзеячаў Санкт-Пецярбургскай, Маскоўскай кансерваторый, такіх, як вучань Рымскага-Корсакава Васіль Залатароў. Пазней з’явілася практыка навучання лепшых выпускнікоў нашай школы пры кансерваторыі ў вядучых ВНУ Расіі, каб яны потым вярталіся і выхоўвалі наступнае пакаленне беларускіх музыкантаў.

Падыход быў акадэмічны, але, з іншага боку, у нас адкрыўся адзін з вядучых кірункаў — факультэт народных інструментаў: ён развіваецца, і цікавасць студэнтаў да спецыяльнасцей, звязаных з народным выканальніцтвам, не згасае. Тады ж прыходзілі працаваць выдатныя майстры, самародкі, як тыя ж Жыновіч ці Жыхараў.

— Якім чынам сёння адбіраюцца таленавітыя дзеці?

— Гэта, па сутнасці, эксклюзіўная праца. Да нас паступіць адразу пасля школы немагчыма. Усе добра разумеюць, што музыка — гэта мастацтва. Каб яго засвоіць, існуе традыцыя вельмі ранняга ўключэння ў адукацыю — так жа, як, напрыклад, у класічным танцы (балеце). Гэта звязана з фізіялогіяй чалавека, з развіццём слыху і музычнай мовы, на якой музыкант мысліць. Таму ў нас створана своеасаблівая адукацыйная вертыкаль, стройная сістэма, якой хутка каля 200 гадоў і якая стабільна працуе. Сёння ёсць гімназія-каледж пры акадэміі, дзе нашы прафесары выкладаюць, кансультуюць і ведаюць тых, хто рыхтуецца і мог бы паступаць да нас. Гэты каледж забяспечвае абітурыентамі ВНУ. Далей — сістэма музычных каледжаў, якія ёсць у розных рэгіёнах краіны: кожны рэгіён адрозніваецца ад іншага. Некалі нехта вельмі разумны размясціў іх на карце нашай краіны з улікам спецыфікі рэгіёна, каб гэтыя навучальныя ўстановы не толькі падтрымлівалі адукацыю, але і былі своеасаблівымі культурнымі цэнтрамі — асветнымі, адукацыйнымі, выхаваўчымі, музычнымі. Што такое сёння каледж дзесьці ў Лідзе, у Баранавічах, у Наваполацку? Гэта наяўнасць сваіх творчых калектываў, канцэртнай залы, па сутнасці, маленькая філармонія — дзіцячая. І там таксама фарміруюцца кадры, якія хацелі б працягнуць адукацыю. Мы выкарыстоўваем рычагі прафесійна-арыентацыйнай работы, маем куратараў ад акадэміі ў кожным вучылішчы. Ведаем, што адбываецца ў дзіцячых музычных школах, бо там працуюць пераважна нашы выпускнікі. Такім чынам утварылася структура, у якой аб’яднаны ўсе зацікаўленыя: прадстаўнікі дзіцячых музычных школ, сярэднеспецыяльныя навучальныя ўстановы, акадэмія і тыя, каму патрэбны нашы кадры (аркестры, хары, тэатры, тыя ж школы і каледжы), каб потым атрымаць спецыялістаў. Дзякуючы створанай нацыянальнай сістэме музычнай адукацыі мы можам загадзя ведаць лічбу прыёму, разумеючы, колькі будзе выпускнікоў.

— Моладзь, якая да вас прыходзіць, мае разуменне, што музыка патрабуе ахвярнасці?

— Думаю, што ў пераважнай большасці яно сфарміравана жыццём, у нашай адукацыі сплецены навучанне і практыка, таму што без выступленняў музыкант не расце. Вядома, маленькае дзіця хоча гуляць, бегаць па вуліцы, як яго аднагодкі. А тут трэба гадзінамі займацца. Па сутнасці, ужо нейкая частка жыцця маленькага чалавека прынесена ў ахвяру. Па-іншаму не атрымаецца, калі вырашыў звязаць сваё жыццё з гэтым відам мастацтва. Прыходзячы ў акадэмію, навучэнцы гэты рытм падтрымліваюць. Не буду ідэалізаваць карціну: сустракаюцца людзі, якія пакідаюць прафесію, але гэта мінімальная колькасць у параўнанні з тымі, хто сапраўды вырашыў звязаць сваё жыццё з музыкай. Таму што потым гэта прафесія адорвае тым, чаго ў большасці іншых людзей няма.

— Вашы студэнты пачынаюць канцэртаваць з малых гадоў. Ёсць конкурсы, якія даюць магчымасць удасканальвацца. Ці аблягчае гэта потым творчае жыццё?

— Я магла б сказаць, што і без конкурсаў можна вырасці. Але ёсць аналогія са спортам: без духу спаборніцтва, магчыма, няма матыву рухацца ў прафесіі. Атрыманая перамога не толькі надае сілы, але і ўздымае на прыступку вышэй: разумееш, чаго можаш дасягнуць. Але калі конкурсная сітуацыя ставіцца ў аснову, калі мама з татам дзеля гэтага жывуць, то дзіцяці гэта можа прынесці цяжкія ўзрушэнні адмоўнага характару. У той жа час конкурс падтрымлівае здаровыя прафесійныя амбіцыі. У чалавека фарміруецца зарад прафесійнай дзейнасці з ранніх гадоў (у нас школьнікі ўдзельнічаюць у сур’ёзных конкурсных спаборніцтвах). У студэнцкія гады гэта пашырае бачанне сябе ў прафесіі, фарміруе «паслужны спіс». Званні лаўрэатаў, дыпламантаў даюць магчымасць рухацца далей пры пераходзе з аднаго адукацыйнага ўзроўню на другі: такі чалавек мае перавагу. Яна ёсць і пры залічэнні ў ВНУ: кіраўнік дзяржавы даў нам магчымасць рабіць прыярытэтам творчыя іспыты, пры роўнай колькасці балаў мы прымем таго, хто мае багаж і запас прафесійнай трываласці. Гэта дае перавагу і пры паступленні ў магістратуру і аспірантуру. У чалавека з такімі рэгаліямі будуць перавагі пры працаўладкаванні.

— У нас робіцца ўхіл на індывідуальнае майстэрства, ці ўлічваецца будучая калектыўная дзейнасць?

— Тут трэба сказаць пра спецыфіку індывідуальнай адукацыі ў творчых ВНУ. Ёсць музыканты, якія маюць толькі індывідуальны досвед, а ёсць музыканты, жыццё якіх будзе звязана з калектыўнай дзейнасцю ў аркестры ці хары. І адны, і другія павінны выхоўвацца ў адпаведных умовах. У нас больш за 10 творчых калектываў, дзе студэнты могуць набываць гэты досвед. Сёння нашы студэнты ўдзельнічаюць у сацыяльных праектах, у праектах дыпламатычнай сферы, калі мы павінны паказаць нашу адметную беларускую музыку. Удзел у дзяржаўных мерапрыемствах дае магчымасць адчуваць, што яны патрэбны сваёй краіне: творчая моладзь паказвае сябе на самых буйных пляцоўках з удзелам кіраўніка дзяржавы і ў праектах за мяжой, якія ажыццяўляюць нашы ВНУпартнёры. Асобныя музыканты выступаюць у якасці салістаў.

Але не будзем прымяншаць дзейнасць і творчы рост тых, хто не ўдзельнічаў у конкурсах. Не ўсе ўздымаюцца на творчы Алімп, але я з вялікім задавальненнем сачу за тымі студэнтамі, якія паступаюць са сціплымі магчымасцямі і паступова раскрываюцца. З іх атрымліваюцца выдатныя педагогі. Яшчэ невядома, што жыццёва больш аб’ектыўна: вундэркінд, які ўражвае з малых гадоў, ці чалавек, талент якога раскрываецца праз працу. Тут я аддаю належнае таленавітым педагогам, якія здольны гэта ўбачыць і запаліць.

— Для творчых ВНУ актуальна паняцце «майстра»...

— Па кожнай спецыяльнасці ў нас ёсць не проста майстар, а яго творчая школа. Гэта самы лепшы варыянт развіцця выканальніцкага кірунку, калі ёсць выдатны педагог (напрыклад, піяніст, скрыпач), які вядзе сваіх вучняў і перадае ім майстэрства: як здабываць гук, як інтэрпрэтаваць твор або той ці іншы стылявы кірунак. Таму нармальным з’яўляецца пытанне: «У каго ты вучыўся?»... Адзначаю піетэт, што існуе ў нашых выхаванцаў у адносінах да педагога, які падчас вучобы становіцца блізкім чалавекам.

— У нас яшчэ працуюць выкладчыкі, падрыхтаваныя ў Пецярбургу ці ў Маскве. Ці рыхтуе акадэмія сама выкладчыцкія кадры?

— Гадоў 30—40 таму патрапіць у нашу ВНУ па размеркаванні было даволі няпроста, для гэтага трэба было заявіць пра сябе. Сёння мы разумеем, што кафедра павінна ўтрымліваць некалькі пакаленняў выкладчыкаў, у тым ліку маладых. За апошнія 3—4 гады больш за 20 чалавек з ліку нашых выпускнікоў працаўладкаваны ў Акадэміі музыкі. Ужо можна казаць, што мы фарміруем уласныя адукацыйныя традыцыі. Але карані палягаюць у касцяку прафесараў, якія атрымлівалі адукацыю ў вялікіх майстроў. Сёння з задавальненнем магу гаварыць пра фартэпіянную школу, якую фарміруюць Ігар Алоўнікаў, Юрый Гільдзюк, Уладзімір Дулаў, Уладзімір Няхаенка. У нас працуе Ніна Шарубіна, якая вядзе вакальную справу. Ёсць школа харавога майстэрства, якую стварыў Віктар Роўда і традыцыі якой працягвае загадчык кафедры харавога дырыжыравання Інэса Бадзяка, школа выканальніцтва на духавых інструментах на чале з прафесарамі М. М. Волкавым, У. П. Скараходавым, Б. У. Нічковым, школа спеваў, старэйшы прадстаўнік якой — народная артыстка СССР, прафесар Т. М. Ніжнікава, школа выканальніцтва на беларускіх цымбалах, заснаваная І. І. Жыновічам, традыцыі якога плённа развівае сёння народны артыст Беларусі, прафесар Я. П .Гладкоў, і шматлікія іншыя.

— Школа і ўзровень падрыхтоўкі прыцягваюць у акадэмію замежных студэнтаў. Таму што напрацаваны пэўны імідж?

— Так, ён фарміруецца і пад уплывам таго, што мы жывём у сучасным свеце. У нас вялікая колькасць ВНУ-партнёраў — каля 60, і з імі ў нас розныя ўзаемаадносіны: стажыроўкі, павышэнне кваліфікацыі, адукацыйныя працэсы, акадэмічная мабільнасць у межах праграмы «Эрасмус». Нашы замежныя партнёры разумеюць, што тут у аснове — акадэмічная (так званая «руская») школа. Але было даволі нечакана, калі нашы кітайскія партнёры зацікавіліся навучаннем на беларускіх цымбалах!

Замежнікі едуць сюды і таму, што чулі пра цудоўных педагогаў: і духавікаў, і піяністаў, і выкладчыкаў акадэмічнага вакалу... Мы даём усе формы адукацыі: яны ўдзельнічаюць у нас і ў аркестрах, і ў ансамблях, і ў опернай студыі. Замежныя студэнты бяруць удзел у міжнародных конкурсах, прадстаўляючы сваю дзяржаву. Гэта адкрытае існаванне студэнцтва ў сучасным свеце.

Шмат нашых выпускнікоў з Кітайскай Народнай Рэспублікі занялі кіруючыя пасты ў кітайскіх ВНУ і за межамі сваёй краіны. Але адна з нашых выпускніц, вучаніца Віктара Роўды, вырашыла звязаць сваё жыццё з Беларуссю. Грамадзянка КНР Гун Лі скончыла аспірантуру, працуе дацэнтам на кафедры харавога дырыжыравання Акадэміі музыкі, мае від на жыхарства Рэспублікі Беларусь. Перавезла мужа, які таксама скончыў нашу акадэмію, нарадзіла дзяўчынку і збіраецца далей працягваць тут працу. Сёння ў нас 205 замежных грамадзян на розных ступенях адукацыі.

Мы таксама маем магчымасць накіроўваць сваіх студэнтаў на навучальныя праграмы ў ВНУ-партнёры.

— І беларускія музыканты дзякуючы сваёй падрыхтоўцы ўладкоўваюцца за мяжой…

— Добра, калі гэта адбываецца так, як нам хацелася б, калі яны не з’язджаюць зусім, атрымаўшы адукацыю, і мы болей пра іх нічога не ведаем. Ёсць людзі, якія выступаюць у спаборніцтвах пад сцягам Рэспублікі Беларусь, прыязджаюць сюды і даюць канцэрты, займаюцца адукацыйнай дзейнасцю. Напрыклад, першы трубач Францыі і Французскага нацыянальнага сімфанічнага аркестра Андрэй Кавалінскі апякае духавую адукацыйную прастору ў нашай краіне. Скрыпач Арцём Шышкоў дае майстар-класы, удзельнічаў у юбілейным канцэрце з нашым сімфанічным аркестрам. Цымбаліст Міхаіл Лявончык жыве ў Германіі і ў кожны свой прыезд дадому стараецца кантактаваць са студэнтамі і выступаць у гонар нашай ВНУ. Аксана Волкава, якая вядзе актыўную замежную дзейнасць, жыве тут і спрыяе таму, каб пра беларускую адукацыйную школу даведаліся за мяжой. Для мяне важная зваротная сувязь. Мы разумеем, што музыкант — чалавек свету, ён валодае ўнікальнай мовай, якая не патрабуе перакладу. Добра, калі дзякуючы такой працы больш даведаюцца пра нашу культуру. Мне ўяўляецца, што Беларусь і Мінск могуць стаць месцам, куды будуць з’язджацца слухаць выдатных музыкантаў, будуць прыязджаць нашы выдатныя выпускнікі, у якіх жыццё звязана з замежнай дзейнасцю. Важна, каб у нашай інфраструктуры фарміраваўся такі кірунак, як музычны турызм. Калі людзі едуць у Прагу, Зальцбург ці Берлін слухаць музыку, то чаму тыя ж музыканты не маглі б выступаць тут, у нас? У добрых залах!.. Мы ўжо маем два знакавыя фестывалі, у рамках якіх выступаюць і беларускія музыканты: фестываль Юрыя Башмета і фестываль Уладзіміра Співакова, а таксама буйныя фестывалі, якія арганізуе Беларуская дзяржаўная філармонія — міжнародны музычны фестываль «Мінская вясна», міжнародны фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень». Пераканана, што гэтая тэндэнцыя павінна выйсці на новы ўзровень, таму што яна здольна падтрымаць імідж нашай краіны — не толькі як міралюбівага цэнтра Еўропы праз яе прымірэнчую дзейнасць, але і як культурнага цэнтра.

— Ці бачыце перспектыву для папулярызацыі музыкі, створанай беларускімі кампазітарамі?

— Гэта адзін з найважнейшых нашых кірункаў і ў навуковай, і ў выканальніцкай сферы. Сёння ўсе курсы напоўнены беларускай музыкай. Мы адзіныя, хто выдае музыку беларускіх кампазітараў, — партытуры, клавіры, неабходныя для адукацыйнай дзейнасці. Выдаём даследчыцкія працы, прысвечаныя беларускай музыцы. Адзначу два буйныя выданні, прысвечаныя Анатолю Багатырову і Мікалаю Аладаву, заснавальнікам беларускай кампазітарскай школы. З’явіліся і сёлета знакавыя выданні.

Змяніўся вектар, інтарэс у студэнтаў вялікі. Пра гэта сведчаць творчыя праекты маладых беларускіх кампазітараў. Ёсць інструменталісты, якія апантана выконваюць беларускую музыку, напрыклад, цымбалістка Вераніка Прадзед. У тэатрах ідуць оперы і балеты беларускіх кампазітараў, якія атрымліваюць высокія ўзнагароды. Працуе на гэта і філарманічная сцэна. Нацыянальная культура як сфера асветная і выхаваўчая задзейнічана ў адукацыйным працэсе — у выканальніцкім кірунку, вакальным, нават харэаграфічным (у нас працуе Валянцін Елізар’еў, стваральнік беларускіх балетаў).

— А што рабіць, каб нацыянальная культура — музычная частка — прысутнічала ў разуменні нашых грамадзян?

— Як рэктар я сутыкнулася з тым, што людзі ў шэрагу выпадкаў хочуць дакранацца да высокага акадэмічнага мастацтва, разумеючы, як гэта прыўздымае, паглыбляе ў іншы асяродак, які чалавеку неабходны, таму што ў кожным з нас жывая боская душа, яна шукае прыгажосці. Таму ладзім рэгіянальныя выезды, праводзім канцэрты ў дамах культуры. Мы ўпершыню ажыццявілі сацыяльны праект «Дакрананне», скіраваны на падлеткаў са складаных сем’яў, ці тых, хто апынуўся ў няпростай сітуацыі, для дзяцей-інвалідаў, для дзяцей, якія ніколі не мелі адносін да творчасці, каму тата з мамай не сказалі, што гэта можа быць у іх жыцці. Я была пераканана, што жывыя зносіны з інструментамі могуць раскрыць талент у кімсьці з гэтых дзяцей — калі яны ўбачаць гітару, трубу, ударныя інструменты… Гэта былі прамыя зносіны, безбар’ерны асяродак. Музыка выконвалася розная: з мультфільмаў, блокбастараў, класіка. Мы праехалі па Мінскай вобласці вялікім складам у 100 чалавек. Я для сябе вызначыла: гэта місія дакранання да чалавечай душы.

Але сапраўды гэта сур’ёзная тэма — менеджмент у сферы акадэмічнага мастацтва, які, на жаль, у нас зусім не развіты, пры тым што нейкае прадзюсіраванне ёсць хіба што ў сферы папулярнай музыкі. Магчыма, пры Акадэміі музыкі ці пры філармоніі павінен быць асобны цэнтр прасоўвання нацыянальнага выканальніцкага мастацтва, які б падтрымліваў і забяспечваў магчымасць яркім таленавітым маладым людзям рэалізоўваць сябе і ў Беларусі, і за мяжой. Магчыма, ёсць неабходнасць фарміравання буйнога канцэртнага комплексу, з добрым прафесійным абсталяваннем, дзе маглі б рэалізавацца гэтыя ідэі.

— Дзейнасць у Савеце Рэспублікі дае магчымасць паўплываць на тое, як у грамадстве выбудоўваюцца культурныя прыярытэты?

— Усцешана, што ёсць магчымасць удзельнічаць у гэтых працэсах з цудоўным дэвізам урачоў: «Не нашкодзь». Калі рыхтуецца важны дакумент, згодна з якім будзем жыць і працаваць, трэба, каб хтосьці кваліфікавана пракансультаваў, як гэта павінна быць. Мяне прыцягнулі ў рабочую групу па працы над унясеннем змен у Закон аб інтэлектуальнай уласнасці — гэта непасрэдна тычылася дзеячаў музычнага мастацтва. Другі дакумент, які мы чакаем з нецярпленнем, — Кодэкс аб адукацыі, дзе адлюстроўваецца і падрыхтоўка спецыялістаў у сферы мастацтваў, у тым ліку музыкі. Важны дакумент — Кодэкс аб культуры, якому хутка споўніцца год. Мы мелі магчымасць зразумець, як ён адлюстроўвае рэальнае жыццё і што можна дапрацаваць. Я ўсяляк падтрымліваю прапановы па ўдасканаленні галіновых дакументаў, якія тычацца нашай дзейнасці. Як член Савета Рэспублікі на асабістых прыёмах працую з дзеячамі культуры, каб даведвацца пра надзённыя праблемы. І нешта для мяне адкрываецца нанова...

Ларыса ЦІМОШЫК

Все интервью