Саветы дэпутатаў — самая блізкая да народа ўлада. Ад таго, наколькі эфектыўна яны працуюць, людзі судзяць аб сістэме дзяржаўнага кіравання ў цэлым. Як павысіць эфектыўнасць работы Саветаў і іх аўтарытэт, як зрабіць больш важкім іх удзел у паляпшэнні жыццезабеспячэння насельніцтва, расказаў першы госць нашай рубрыкі «Улада ў асобах», старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар ЖУК.
— Ігар Георгіевіч, органы мясцовага самакіравання на Гродзеншчыне актыўна працуюць, вырашаюць многія надзённыя праблемы людзей. Дэпутаты зацвярджаюць планы сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэт рэгіёна і такім чынам уплываюць на вырашэнне пытанняў эканомікі і сацыяльнай сферы. Якія надзённыя пытанні падымаліся дэпутацкім корпусам вобласці сёлета?
— Штомесяц на сесіях абласнога Савета дэпутатаў мы разглядалі пытанні, якія рэгламентуюць сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці, зацвярджалі бюджэт, інвестыцыйную праграму, прагнозныя паказчыкі... Напрыклад, абмяркоўвалі разам з педагогамі, як у нас рэалізуецца дзяржаўная праграма развіцця адукацыі, папярэдне наведаўшы ўстановы агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі і прафтэхадукацыі. У выніку прынялі рашэнні, якія, на наш погляд, павінны садзейнічаць далейшаму працэсу аптымізацыі сістэмы адукацыі ў вобласці. У поле зроку дэпутатаў аблсавета — работа органаў кіравання і самакіравання па рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта Беларусі №1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны». На чарговай сесіі прааналізавалі, як пабудавана работа ў вобласці, ці ёсць пазітыўныя зрухі. А яны сапраўды ёсць. З кожным годам гіне менш людзей, паляпшаецца працоўная дысцыпліна. Не пакінулі без увагі і такія праблемы: гібель людзей на вытворчасці, пажары, асабліва ў сельскай мясцовасці, работу з адзінокімі, пенсіянерамі, з асацыяльнымі элементамі, са шматдзетнымі сем'ямі.
Кіраўніком дзяржавы і ўрадам надаецца вялікая ўвага выкарыстанню аб'ектаў нерухомасці дзяржаўнымі арганізацыямі і гаспадарчымі суб'ектамі з доляй дзяржавы. Выязную сесію аблсавета на базе Мастоўскага раёна мы правялі разам з семінарам для старшыняў раённых Саветаў дэпутатаў — агучылі асноўныя моманты работы ў гэтым кірунку. Паказалі, наколькі эфектыўна працуе Мастоўскі раён. Узнялі праблемы, з якімі сутыкаюцца мясцовыя органы ўлады па ўключэнні ў гаспадарчы абарот і эфектыўным выкарыстанні дзяржаўнай маёмасці, пустуючых вытворчых плошчаў.
У выніку прыняты рашэнні, якія дапамогуць дабіцца больш значных вынікаў. На апошняй сесіі абласнога Савета дэпутатаў, якая праходзіла 23 лістапада, тэмай абмеркавання стала работа органаў мясцовага кіравання і самакіравання па пытаннях інвестыцыйнай і інавацыйнай дзейнасці, імпартазамяшчэння і рэалізацыі палажэнняў Дэкрэта №6 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
— Якія пытанні ні разглядалі б дэпутаты, іх галоўная мэта, галоўны «аб'ект» клопату — гэта чалавек, яго патрэбы...
— На пасяджэннях прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў мы разгледзелі шэраг важных пытанняў, якія тычацца патрэб людзей і развіцця тэрыторыі. Напрыклад, у Мастоўскім раёне з запрашэннем старшыняў раённых Саветаў дэпутатаў абмеркавалі, як у вобласці выконваецца Дзяржаўная праграма па водазабеспячэнні і водаадвядзенні «Чыстая вада». З-за недахопу фінансавання праграма выканана не ў поўным аб'ёме, але, тым не менш, атрымалася расставіць прыярытэты: што трэба зрабіць, каб людзі не адчувалі недахопу ў якаснай пітной вадзе.
У Зэльвенскім раёне гаворка ішла аб рэалізацыі ў вобласці Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустых і старых дамоў у сельскай мясцовасці». У Зэльвенскім раёне, дзе за апошнія гады знесена шмат старых пустых дамоў і ўключана ў гаспадарчы абарот маёмасць, якая раней не выкарыстоўвалася, паказалі ўсім удзельнікам пасяджэння, як трэба працаваць з пустуючым жыллём, з уласнікамі, як уключаць у сельскагаспадарчы абарот землі. Паглядзелі, як працуюць мясцовыя Саветы дэпутатаў па навядзенні парадку ў сельскіх населеных пунктах, на могілках. Я лічу, што і мясцовыя жыхары не павінны заставацца ўбаку — яны могуць уносіць свой пасільны ўклад у навядзенне парадку на зямлі.
У Гродне з запрашэннем членаў створанай у мінулым годзе абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў абмеркавалі работу органаў тэрытарыяльна-грамадскага самакіравання і меры па павышэнні эфектыўнасці іх дзейнасці. У горадзе ёсць што паказаць, ёсць прыклады таго, як мясцовыя органы ўлады супрацоўнічаюць з грамадскасцю, як наводзіцца парадак у дварах, у тым ліку і пры ўдзеле саміх жыхароў. Мы імкнёмся больш шырока ўключаць людзей у працу па добраўпарадкаванні тэрыторый. Людзі павінны разумець, што ад іх таксама шмат што залежыць.
Ёсць такія прыклады, калі жыхары мікрараёна за свае сродкі аднавілі спартыўныя пляцоўкі, пасадзілі кветкі і кусты, добраўпарадкавалі зялёныя зоны. Усё гэта варта пераймання.
У полі зроку абласнога Савета — і развіццё турызму на Гродзеншчыне. Як выконваецца абласная праграма развіцця турызму, вывучалі на базе Гродзенскага раёна. Тут вельмі вялікі патэнцыял, усё больш турыстаў прыцягвае наша жамчужына — Аўгустоўскі канал. Указ Прэзідэнта Беларусі значна спрасціў наведванне канала замежнымі турыстамі. Разгледзелі і пытанні развіцця агратурызму. Людзі зразумелі, што гэта выгадны бізнес, істотная таксама і дапамога дзяржавы. Са спрашчэннем візавага рэжыму агратурыстычны кампанент будзе развівацца сямімільнымі крокамі. Тут трэба фарміраваць адпаведную інфраструктуру, прыцягваць прыватны бізнес.
— А якая роля сельскіх Саветаў, які іх уклад у вырашэнне пытанняў у рэгіёнах?
— Адна з асноўных задач абласнога Савета дэпутатаў — каардынацыя работы Саветаў базавага ўзроўню — раённых і сельскіх. Мы павінны быць адзіныя, без выразнай каардынацыі нічога вырашыць немагчыма. Сельскія Саветы нярэдка становяцца ініцыятарамі новых спраў. У Навагрудскім раёне яны не проста бяруць удзел у праграмах трансгранічнага супрацоўніцтва, праектах міжнароднай тэхнічнай дапамогі ПРААН, але і ініцыявалі гэтае супрацоўніцтва. Многія сельскія Саветы ўжо асвоіліся ў новай для сябе справе і атрымалі гранты. Няхай яны і не такія вялікія ў грашовым вымярэнні, але гэтыя сродкі накіроўваюцца на рэалізацыю канкрэтных праектаў: добраўпарадкаванне вёсак, прывядзенне ў парадак могілак, стварэнне аб'ектаў турыстычнай інфраструктуры, рэканструкцыю музеяў, пракладку веладарожак... Людзі бачаць, што сельвыканкамы прыцягнулі дадатковыя грошы, а не папрасілі выдзеліць іх з бюджэту. Так павышаецца імідж мясцовай улады. Яскравы прыклад: Любчанскі пасялковы Савет выступіў з ініцыятывай і выйграў грант на ўстаноўку ў гарадскім пасёлку дыёднага асвятлення. Мясцовыя жыхары задаволеныя, ёсць эканамічны эфект. І такіх ініцыятыў шмат... Тут у нас вялікі патэнцыял, таму абласны Савет сумесна з абласной установай фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў і рэгіянальнымі прадстаўнікамі праграм ПРААН правёў семінар для старшыняў раённых і сельскіх Саветаў дэпутатаў.
— Сёння абмяркоўваецца праблема аптымізацыі сельсаветаў, іх аб'яднання. Як вы да гэтага ставіцеся?
— Мы ідзём не рэвалюцыйным, а эвалюцыйным шляхам. Кожны год з улікам змянення дэмаграфічнай сітуацыі, сацыяльна-эканамічнай структуры канкрэтнага раёна аптымізуем, прасцей кажучы, скарачаем колькасць сельсаветаў шляхам аб'яднання іх з іншымі. У гэтым годзе скарацілі чатыры. Пакуль у нас каля 20 сельсаветаў, дзе колькасць жыхароў даходзіць да тысячы чалавек.
Аптымізацыя праводзіцца не дзеля аптымізацыі. На першае месца ставяцца інтарэсы людзей.
Працуем з насельніцтвам, каб людзі не засталіся па-за ўвагай, маглі звярнуцца да кіраўніка мясцовага Савета і без праблем вырашыць адміністрацыйныя працэдуры.
— Ці дастаткова сельскім Саветам паўнамоцтваў, каб дапамагаць людзям у вырашэнні жыццёвых праблем? Часам у людзей узнікае пытанне: а ці патрэбныя ўвогуле дэпутаты сельскіх Саветаў?
— Я праводжу маніторынг меркаванняў сярод дэпутатаў рознага ўзроўню, размаўляю са старшынямі сельскіх Саветаў. Пакуль думкі наконт гэтага разыходзяцца, мы будзем сітуацыю вывучаць. У 2018 годзе адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы. Безумоўна, трэба падымаць аўтарытэт прадстаўнікоў мясцовай улады, мясцовага самакіравання. Я думаю, што мы ўжо гатовы да таго, каб праводзіць прамыя выбары старшыняў мясцовых сельвыканкамаў. Тады чалавек працай, ініцыятывай будзе даказваць, што ён на сваім месцы. Пры прамых выбарах будзе конкурс. А людзі на сяле ведаюць, хто чаго варты. І калі старшыню сельвыканкама абяруць аднавяскоўцы, яны з яго і спытаюць, ды і ён смялей будзе адстойваць свой пункт гледжання. Як заклікае кіраўнік дзяржавы, не трэба баяцца выказваць свае ідэі, павінен быць адкрыты дыялог. Мясцовае самакіраванне ад гэтага толькі выйграе.
Старшыня сельвыканкама павінен мець аўтарытэт, адпаведныя паўнамоцтвы, матэрыяльны і маральны рэсурсы для вырашэння надзённых пытанняў.
— Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч часта робіць акцэнт на ініцыятыве парламентарыяў. На што вы як член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні хацелі б звярнуць увагу, з якімі праектамі або ініцыятывамі выступіць?
— Апошнім часам мы, сенатары, нацэлены больш актыўна займацца развіццём мясцовых тэрыторый, вырашаць праблемы на месцах. Як сказаў Прэзідэнт на сумесным пасяджэнні дзвюх палат парламента, нам трэба рухацца наперад, развівацца, разам пераадолець тыя негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы, якія, на жаль, склаліся. Цяпер стабілізацыя ўжо дасягнута, і гэта стане пачаткам росту эканомікі. Нашых выбаршчыкаў хвалююць заработная плата, сацыяльная сфера, ахова здароўя, адукацыя, цэны ў крамах, узровень рэальных даходаў... Каб людзі былі задаволеныя, трэба, каб больш эфектыўна працавала эканоміка, развіваўся прыватны бізнес, якому таксама надаецца вялікая ўвага. Напоўніцца бюджэт — стане расці і заработная плата, будзе развівацца сацыяльная інфраструктура, павысіцца дабрабыт.
Я выступіў з прапановай, якая, думаю, павінна быць уважліва вывучана: стварэнне на ўзроўні рэспублікі фонду падтрымкі мясцовых ініцыятыў. Нашы сельскія Саветы ўжо ўдзельнічаюць у розных праектах трансгранічнай дапамогі, людзі ведаюць, як праект аформіць, як даказаць яго эфектыўнасць, як скласці
бізнес-план.
Калі б на ўзроўні краіны мы стварылі фонд падтрымкі мясцовых ініцыятыў, то змаглі б стымуляваць гэтыя пачынанні. Хай бы ён папаўняўся не толькі з бюджэту, але і з іншых крыніц фінансавання, у тым ліку і спонсарскіх сродкаў. Органы мясцовага самакіравання, асабліва першаснае звяно, на конкурснай аснове прымалі б удзел у праектнай дзейнасці і атрымлівалі нейкія сродкі. Акрамя матэрыяльнага і маральнага стымулу, гэта толькі павышала б узровень даверу насельніцтва да кіраўніка мясцовага сельвыканкама. На першапачатковым этапе не трэба шмат грошай, а вось па меры развіцця эканомікі фонд будзе папаўняцца.
Зараз пры Савеце Рэспублікі створана рабочая група, якая вывучае на практыцы прымяненне Закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», распісаны алгарытм яе работы. Перада мной, як і перад іншымі членамі групы, пастаўлена задача сабраць праўдзівую і аб'ектыўную інфармацыю: як рэалізуецца закон на месцах, якія праблемы ўзнікаюць, што трэба зрабіць для ўдасканалення працы. Пасля аналізу сабранага матэрыялу намецім шляхі далейшай работы.
— А якія, на Ваш погляд, кірункі важныя для развіцця Гродзенскага рэгіёна? На чым неабходна сёння засяродзіць увагу?
— Галоўнае — і аб гэтым гаварылася на пятым Усебеларускім сходзе — сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, бізнесу, павышэнне долі высокатэхналагічнай і сярэднетэхналагічнай вытворчасцяў. Другі ключавы прыярытэт — занятасць насельніцтва, трэці — экспарт, чацвёрты — інфарматызацыя, пяты — наша моладзь. Немагчыма нешта выключыць з ланцужка. Калі гэтая сістэма пачне дакладна працаваць, усе будуць зацікаўлены ў рэалізацыі пастаўленых задач, мы будзем планамерна ісці наперад і ніхто нас не спыніць.
Вельмі важна, што ўлада сёння як ніколі даступная для людзей: праводзяцца прамыя тэлефонныя лініі, прыёмы грамадзян, выязныя прыёмы, разглядаюцца пісьмовыя звароты. Але жывыя зносіны павінна быць. Калі людзі з першых вуснаў чуюць, як працуе ўлада, якія праблемы яна вырашае і будзе вырашаць, то ўзровень інфармаванасці насельніцтва значна ўзрастае. Гэта адзін з ключавых момантаў работы органаў улады на месцах.
Ірына АНІКЕВІЧ
Все интервью