Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Совет РеспубликиНационального собрания Республики Беларусь

Ставіцца да выбаршчыкаў трэба, як да сям'і

У прыёмнай гэтага чалавека не бывае спакойнай хвіліны. Няспынна прыходзяць калегі, не змаўкаюць тэлефоны, на подпіс падрыхтаваны чарговы дакумент. Пастаянная камісія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні — адна з самых «бурлівых». Часам складваецца адчуванне, што сюды, як рэкі ў мора, сцякаюцца адзіным патокам законапраекты, ад якіх наўпрост залежыць дабрабыт кожнага з нас. Пра тое, якія змены яны ў сабе нясуць, «Звяздзе» расказала Святлана Герасімовіч, старшыня камісіі.

— У маю камісію трапляюць законапраекты, якія тычацца і дзяржавы, і насельніцтва: жыллёва-камунальнай гаспадаркі, землекарыстання, маёмасці, мясцовага кіравання і самакіравання, рэгіянальнай палітыкі, лясной гаспадаркі, аграрнага сектара. Адзін з апошніх самых аб'ёмных — лясны кодэкс. Для Беларусі лес з'яўляецца важным рэсурсам павышэння ўкладу ў валавы ўнутраны прадукт. У краіне апошнім часам была праведзена мадэрнізацыя прадпрыемстваў ляснога сектара ў перапрацоўцы драўнянай сыравіны. Таму працу сферы лясной гаспадаркі даўно варта было рэгламентаваць. Узнікла неабходнасць удакладнення заканадаўчай базы, тым больш што дзейны Лясны кодэкс Беларусі ў рэдакцыі 2000 года мала чым адрозніваўся ад Ляснога кодэкса Беларускай ССР (1979). Над законапраектам працавалі два гады, і на мінулую сесію ён паступіў у амаль непазнавальным выглядзе. У выніку — новы Лясны кодэкс прыняты і ўступіць у сілу з 31 снежня 2016 года. Таксама ўносілі змены ў законапраект «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні». У ім замацавалі новую практыку — рэгіянальныя сходы дэпутатаў.

— Навошта яны патрэбны і наколькі эфектыўна працуюць?

— Падобныя мерапрыемствы праводзіліся і раней па ініцыятыве кіраўніцтва, але не былі прапісаны ў законе. Цяпер два разы на год дэпутаты ўсіх узроўняў мясцовых Саветаў — сельскія, раённыя, гарадскія, абласныя — на тэрыторыі аднаго рэгіёна збіраюцца разам. Да іх далучаецца выканкам, кіраўнікі прадпрыемстваў, сенатары і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, тэрытарыяльныя органы грамадскага самакіравання, нават старасты вёсак. На такіх сходах абмяркоўваюцца вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна ў цэлым, планы на паўгоддзе або год, справаздачы. Такім чынам дэпутаты, мясцовыя ўлады ўсіх узроўняў маюць права падзяліцца здабыткамі — станоўчым вопытам — і цяжка вырашальнымі праблемамі, выказацца, пачуць адно аднаго і пры неабходнасці дапамагчы.

Я наведала напрыканцы верасня пяць такіх пасяджэнняў. На іх удзельнікі, што вельмі прыемна, выступалі з канкрэтнымі прапановамі, расказвалі пра рэальныя дасягненні: збудавалі бальніцу, правялі мадэрнізацыю вытворчасці, закупілі абсталяванне. А пасля абмяркоўвалі, што ў гэтым рэчышчы рабіць надалей. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч падтрымаў гэтую ініцыятыву.

— Ваша камісія таксама паспрыяла стварэнню новых дэпутацкіх і маніторынгавых груп. Чым яны адрозніваюцца?

— Дэпутацкіх груп цяпер працуе ўжо 327. Ідэя стварыць іх належыць старшыні Савета Рэспублікі. Калісьці, калі Міхаіл Уладзіміравіч толькі распачаў сваю працу як спікер верхняй палаты, мы наведалі прадпрыемствы холдынга «Гомсельмаш». Ён пацікавіўся, колькі там працуе дэпутатаў. Аказалася, што шэсць, розных узроўняў. Тады Міхаіл Мясніковіч прапанаваў ім аб'яднацца, каб супольна вырашаць праблемы супрацоўнікаў. Бо, акрамя дасягнення паказчыкаў экспарту і імпарту, важна ведаць, як людзі сябе адчуваюць ў калектыве, часам варта дапамагчы ім вырашаць надзённыя праблемы, а з кіраўнікамі абмеркаваць пытанні дысцыпліны, перспектыў развіцця вытворчасці. Цяпер такія дэпутацкія групы самастойна арганізоўваюць прыёмы і не чакаюць, пакуль на прадпрыемства прыедзе дэпутат Палаты прадстаўнікоў альбо сенатар. Але і яны часам далучаюцца да працы такіх суполак.

Маніторынгавыя групы ствараюцца часова пры мясцовых Саветах дэпутатаў. Гэта адказ на крызісныя з'явы ў краіне. У групы ўваходзяць не толькі дэпутаты, але і работнікі аблрайвыканкамаў, сенатары. Спачатку ў іх аб'ядноўваліся дэпутаты абласнога ўзроўню, а цяпер гарадскога і раённага таксама. Гэта робіцца для таго, каб удзельнікі груп змаглі больш глыбока і шырока даследаваць праблемы ў сваім рэгіёне ў любой сферы, не толькі на прадпрыемствах ці ў сельскагаспадарчых вытворчых кааператывах. Група фарміруе справаздачу і дасылае яе ў нашу камісію. Вядома, такім чынам праблемы адразу не вырашаюцца. Але калі не рабіць першага кроку — казаць пра набалелае, ці можна разлічваць на вырашэнне?

— У такой працы, напэўна, нельга дапускаць фармалізму, але і ён сустракаецца. Як ад яго пазбавіцца?

— Калі б гэта было так проста! Напэўна, гэта пытанне і ў стаўленні ўлад, і саміх грамадзян. Ёсць сярод насельніцтва і прафесійныя скаржнікі, якія звяртаюцца ва ўсе даступныя ведамствы, нават калі не маюць рацыі. А што тычыцца дэпутатаў, то гэта пытанне іх чалавечых якасцяў, сумлення, неабыякавасці да іншых. Ставіцца да выбаршчыкаў трэба, як да сваёй сям'і: з аднаго боку, чулліва і спачувальна, а з другога — патрабавальна і прынцыпова. Ці можна дапусціць, каб сям'я засталася без заробку, без жытла, ці можна сваіх жа падмануць? Каб не забывацца на гэта, варта часцей наведваць сваіх выбаршчыкаў, гутарыць з імі і галоўнае — чуць.

— Раскажыце аб планах камісіі на найбліжэйшы час.

— Пакуль што мы працуем над 10 законапраектамі. Адзін з асноўных — праект Закона «Аб абыходжанні з жывёламі», якім упершыню на заканадаўчым узроўні вызначаюцца прававыя асновы абыходжання з жывёламі. Ён накіраваны на забеспячэнне бяспекі, іншых правоў і законных інтарэсаў грамадзян у дачыненні да жывёл, а таксама на вырашэнне праблемных пытанняў у галіне абароны апошніх ад жорсткага абыходжання. Таксама ідзе праца над законапраектамі, датычнымі экалагічнай экспертызы, стандартызацыі ды іншых сфер.

— Што тычыцца міжнароднага супрацоўніцтва? Як у ім сябе праяўляе камісія?

— Мы таксама займаемся арганізацыяй трэцяга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. У гэты раз ён адбудзецца ў Мінску. Рыхтуем кантракты, пагадненні для будучага падпісання і аналізуем тое, як выконваліся дамоўленасці, заключаныя на папярэднім форуме. Колькі па факце было паставак, які агульны прыбытак для краіны. Таксама збіраем прапановы ад прадпрыемстваў нашых рэгіёнаў аб наладжванні кантактаў да форуму. Таксама плануецца падпісаць шэраг пагадненняў паміж міністэрствамі, рэгіёнамі, установамі адукацыі. Першы і другі форумы рэгіёнаў ужо далі станоўчыя вынікі, і мы цяпер плануем на яго трэцім вітку падштурхнуць да яшчэ больш шчыльнага супрацоўніцтва рэгіёны Беларусі і Расіі.

Все интервью