— Лілія Францаўна, новы закон уступіў у сілу 21 ліпеня. Ці будзе ваша камісія вывучаць, як ён працуе на практыцы?
— Думаю, мы заплануем маніторынг гэтага закону, але ён павінен прапрацаваць не менш за год. Гэта вельмі цікавая і важная для людзей тэма.
Пасля ўступлення ў сілу новага Закона судовы выканаўца ў рамках выканання дакумента можа на працягу некалькіх хвілін арыштаваць любы рахунак, маёмасць, спыніць здзелку без пастановы суда.
— Таму што праблема выканання судовых рашэнняў застаецца актуальнай?
— Безумоўна. Важна вынесці законнае абгрунтаванае судовае рашэнне, але не менш важна, каб яно было выканана, мела вынік, не засталося толькі на паперы. Уявіце сабе: вы пазычылі грошы. Суд вынес рашэнне, каб грошы вам вярнулі, але даўжнік пасля такога рашэння суда паспяшаўся пазбавіцца ад маёмасці, і справядлівае рашэнне суда не прынесла выніку. Нярэдка людзі ў такой сітуацыі хітруюць: маёмасць афармляюць на іншых, не заключаюць працоўных пагадненняў. Таму змены ў Грамадзянскі працэсуальны кодэкс у асноўным накіраваны на тое, каб быў вынік па судовых рашэннях і іншых выканаўчых дакументах.
Значная частка новага закону прысвечана выканаўчай вытворчасці, перш за ўсё — прывядзенню Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса ў адпаведнасць з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 530 ад 29 лістапада 2013 года «Аб некаторых пытаннях удасканалення арганізацыі выканання судовых пастаноў і іншых выканаўчых дакументаў», які стварыў адзіную сістэму органаў прымусовага выканання.
— Што ў законе самае істотнае?
— Пашырэнне паўнамоцтваў судовых выканаўцаў. Як я ўжо сказала, з пачатку гэтага года створана адзіная сістэма органаў прымусовага выканання, якая складаецца з галоўнага ўпраўлення прымусовага выканання Міністэрства юстыцыі, тэрытарыяльных органаў і раённых аддзелаў. Вылучэнне органаў прымусовага выканання са складу судоў у асобную сістэму было лагічным, бо ў сваёй працы яны выйшлі за межы судовай дзейнасці. У апошні час толькі 30% пастаноў, якія яны выконвалі, былі судовымі рашэннямі, а 70% прыпадала на іншыя выканаўчыя дакументы: пратаколы камітэта дзяржмаёмасці, пракуратуры, розных міністэрстваў…
Гэтая структура пакуль складаецца з дзяржаўных служачых і не мае ваенізаванага складніка, аднак, цалкам магчыма, што мы прыйдзем і да гэтага, падобна таму, як пабудавана такая структура ў Расіі. Работа судовых выканаўцаў складаная, патрабуе пэўнай мужнасці. Падчас арышту, спагнання, рэалізацыі маёмасці, высялення і канфіскацыі даўжнікі могуць аказваць супраціўленне, у тым ліку фізічнае.
Пасля ўступлення ў сілу новага Закона судовы выканаўца ў рамках выканання дакумента можа на працягу некалькіх хвілін арыштаваць любы рахунак, маёмасць, спыніць здзелку без пастановы суда. Раней для гэтага патрэбна была пастанова суддзі, цяпер дастаткова пастановы самога судовага выканаўцы.
Акрамя таго, судовы выканаўца цяпер можа бесперашкодна заходзіць на тэрыторыю альбо ў памяшканне індывідуальнага прадпрымальніка і юрыдычнай асобы. Яшчэ адна навіна — судовы выканаўца мае права ўскрыць памяшканне даўжніка без яго згоды, калі той яго сістэматычна не дапускае. Але ўскрыць памяшканне альбо вароты на тэрыторыю ў гэтым выпадку можна ўжо толькі па рашэнні суда.
— Сістэматычна — гэта колькі разоў?
— Два і больш. Адмаўленне даўжніка ад добраахвотнага выканання судовага рашэння будзе каштаваць даражэй. Пры прымусовым спагнанні сістэме судовага выканання належыць 10% ад кожнай сумы.
— Якія яшчэ правы дае новы закон судовым выканаўцам?
— Па сваёй ініцыятыве яны цяпер могуць рэгістраваць маёмасць даўжніка. Напрыклад, калі даўжнік не рэгіструе пабудаваны катэдж, каб той не быў апісаны, спагнаны і рэалізаваны ў кошт вяртання доўгу. Альбо калі даўжнік прымае спадчыну, робіцца ўласнікам маёмасці, але не рэгіструе яе.
Таксама па сваёй ініцыятыве судовы выканаўца можа аб’явіць даўжніка ў вышук, атрымаць інфармацыю, якая змяшчае персанальныя звесткі. Цяпер выканаўца мае доступ у сістэму «Пашпарт» МУС, базу рэгістрацыі аўтатранспартных сродкаў ДАІ, рэестр адрасоў дзяржаўнага зямельнага кадастру і іншыя базы. Гэта вельмі зручна, бо людзі, як толькі суд выносіць рашэнне не на іх карысць, імкнуцца пазбавіцца ад любой маёмасці: кватэру «прадаюць», аўтамабіль «дораць».
Пашырыўся і пералік прадметаў, якія судовы выканаўца мае права апісваць і рэалізоўваць: адзіны тэлевізар, прафесійны інвентар, калі яго кошт перавышае 1000 базавых велічынь, паенакапленні. Нельга рэалізоўваць спецыяльныя сродкі руху для інвалідаў, дзяржаўныя ўзнагароды і прызы.
Яшчэ адна новая норма датычыцца права судовага выканаўцы выкарыстоўваць тэхнічныя сродкі: аўдыя-, відэазапіс, кіна- і фотаздымка, а таксама выкарыстоўваць электронны дакументазварот і інфармацыйныя тэхналогіі. Гэта значыць, што ён можа з дапамогай электронных сродкаў камунікацыі рассылаць паведамленні пра дату і месца сустрэч.
— Падарыць усю сваю маёмасць даўжнік можа і загадзя, калі толькі плануе не вяртаць пазыку, крэдытныя сродкі альбо калі, скажам, пазбягае падаткаабкладання.
— Сапраўды, такое бывае. Калі я працавала ў натарыяльнай канторы, то сутыкалася з выпадкамі, калі дырэктар, напрыклад, прыватнага ўнітарнага прадпрыемства перапісваў усю сваю маёмасць на жонку. Я папярэджвала, што такія шлюбныя дагаворы могуць быць прызнаны несапраўднымі з-за таго, што здзелка здзейснена на крайне нявыгадных для аднаго з бакоў умовах.
Што тычыцца судовых выканаўцаў, то яны могуць дзейнічаць толькі пасля паступлення адпаведнага выканаўчага дакумента, заявы спагнанніка, а таксама ў іншых выпадках, устаноўленых Грамадзянскім працэсуальным кодэксам.
На жаль, ні распіска, ні выканаўчы надпіс натарыуса не з’яўляюцца гарантыяй поўнага і своечасовага вяртання доўгу. Такой гарантыяй можа быць заклад.
— Для даўжнікоў таксама вызначаны новыя абавязкі?
— Так. Закон замацаваў абавязак даўжніка даваць судоваму выканаўцу звесткі пра маёмасць, а таксама пра крыніцу даходаў. Размова ідзе пра дэкларацыю даходаў перад судовым выканаўцам. 16 верасня 2014 года пастанова Савета Міністраў Беларусі зацвердзіла адпаведную форму.
Калі даўжнік не падае такіх звестак альбо дае недакладную інфармацыю, то нясе адміністрацыйную адказнасць.
— У які тэрмін даўжнік павінен прадаставіць гэтыя звесткі?
— Як толькі судоваму выканаўцу паступае адпаведны выканаўчы дакумент, ён выклікае даўжніка і прапануе яму добраахвотна выканаць судовае рашэнне. Даўжнік можа пакласці грошы на дэпазіт, аддаць непасрэдна спагнанніку, але калі ён добраахвотна гэтага не робіць, выканаўца прапануе запоўніць адпаведную форму. Маючы пад рукой доступ да ўсіх баз персанальных звестак, судовы выканаўца адразу можа распачаць працэсуальныя дзеянні па выканаўчай вытворчасці: спыніць рух грошай, арыштаваць маёмасць. А калі ён убачыць, што даўжнік нешта схаваў, то складае пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, які цягне за сабой выплату штрафу.
Пры змене месца працы і месца жыхарства даўжнік абавязаны паведамляць пра гэта судоваму выканаўцу на працягу трох дзён. Раней такі абавязак быў прадугледжаны толькі па аліментных справах, цяпер — па ўсіх. Інакш — штраф.
Трэба ведаць і тое, што адмаўленне даўжніка ад добраахвотнага выканання судовага рашэння будзе каштаваць даражэй. Пры прымусовым спагнанні сістэме судовага выканання належыць 10% ад кожнай сумы (раней было 5%). Ёсць такія дзеянні судовых выканаўцаў, якія грашыма не ацэньваюцца — высяленне, усяленне, ліквідацыя перашкод у карыстанні маёмасцю, перапланіроўка і падобныя. Кожнае такое дзеянне таксама абкладаецца пошлінай — 5 базавых велічынь для грамадзяніна і 10 базавых велічынь для юрыдычнай асобы.
Вызначаны адзіны для ўсіх відаў спагнання памер утрымання з заробку і іншых даходаў. Раней па выканаўчых лістах можна было вылічыць з заробку або пенсіі 20%, цяпер — палову.
— Якія рашэнні суда найчасцей патрабуюць прымусовага выканання?
— У асноўным па грамадзянскіх справах: спагнанне аліментаў, пазыкі, маральнай і матэрыяльнай шкоды, выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, усяленне, высяленне і перапланіроўка… Па крымінальных справах, як правіла, адбываецца канфіскацыя.
— Як быць з тымі, хто не працуе, не мае ніякай маёмасці і не аддае тое, што павінен?
— Абмяркоўвалася норма адміністрацыйнага арышту ў такіх выпадках, але з ёй заканадаўцы не пагадзіліся. Праблема гэтая застаецца пакуль адкрытай. Мая знаёмая ў свой час пазычыла грошы, натарыяльна засведчыла пазыку і на працягу вось ужо 8 гадоў вяртае суму, якая, безумоўна, усё больш абясцэньваецца. Маёмасці, якую можна рэалізаваць, у даўжніка няма, а заробак маленькі.
На жаль, ні распіска, ні выканаўчы надпіс натарыуса не з’яўляюцца гарантыяй поўнага і своечасовага вяртання доўгу. Такой гарантыяй можа быць заклад. Заклад рэгіструецца, і на закладзеную маёмасць накладаецца забарона яе рэалізацыі, пакуль даўжнік не верне пазыку.
— Ці дастаткова, на ваш погляд, новых захадаў, каб праблема выканання судовых рашэнняў была знятая?
— Час пакажа. Мы робім усё, каб рашэнне суда было рэалізавана, але любых мер будзе недастаткова без адпаведнай прававой культуры і выхавання. Кожны чалавек павінен сам прытрымлівацца правіла: «калі ўзяў — то вярні, калі пашкодзіў — аднаві».
Тым не менш зроблены вялікі рух наперад. Праз год мы паглядзім статыстыку і падвядзём першыя вынікі работы гэтага закону.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Все интервью