Да Старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і сацыяльным развіцці са сваімі асабістымі турботамі і нават ініцыятывамі аб зменах у Асноўны закон краіны звярнуліся чатыры заяўнікі.
Іна Міхайлаўна з Нясвіжа клапацілася аб пераглядзе памеру пенсіі, на якую яна пайшла датэрмінова, згодна з ільготамі, што мела як медыцынскі работнік з-за працы ў шкодных умовах. Зараз жанчыне 55 гадоў і яна мяркуе, што з пераходам на пенсію па ўзросце каэфіцыент будзе вышэйшы і ў выніку атрымаецца большая сума.
Як патлумачыў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый КАВАЛЬКОЎ, які прысутнічаў на прыёме, з 2022 года ўзрост жанчын, якія маюць права атрымаць пенсію па ўзросце, будзе складаць 58 гадоў. Аднак і тады памер налічанай жанчыне пенсіі застанецца такім жа. Ён звярнуў увагу на тое, што ў краіне зараз 2,5 мільёна атрымальнікаў розных відаў пенсій, усім ім налічэнні ажыццяўляюцца па аднолькавых нормах, прапісаных у законе аб сацыяльным забеспячэнні.
Віктар Лісковіч перакананы, што звычайныя людзі не надта праінфармаваны аб працэдуры налічэння ім пенсіі (працоўнай, ільготнай ці любой іншай), таму лічыць, што гэты прабел неабходна ліквідаваць. Што датычыцца заяўніцы, вырашана зноў уважліва вывучыць яе пенсійную справу.
— Мы разам з вамі і з прыцягненнем прафсаюзаў дасканала пераправерым парадак налічэння вашай пенсіі, — прапанаваў старшыня профільнай камісіі. — Калі знойдзем парушэнні — яны будуць выпраўлены, калі не — вам усё растлумачым.
З такім падыходам Іна Міхайлаўна пагадзілася.
Другая заяўніца — Наталля Генадзеўна з Салігорска — прасіла пасадзейнічаць у працаўладкаванні. Яе багаты педагагічны стаж і вопыт работы, на жаль, зараз не задзейнічаныя. Жанчына, якой толькі 44 гады, знаходзіцца на ўліку як беспрацоўная ў аддзеле занятасці мясцовага райвыканкама, аднак ад прапаноў (напрыклад, выхавацеля, педагога ў каледжы) пакуль адмаўляецца, спасылаючыся на стан здароўя. У выніку прыйшлі да высновы: да вырашэння складанага жыццёвага пытання прыцягнуць міністэрствы адукацыі, працы і сацыяльнай абароны, а таксама Мінскі аблвыканкам.
Яшчэ адна заяўніца — Наталля Юр’еўна — звярнулася на прыём да сенатара са сваёй балючай праблемай: яна з’яўляецца абавязанай асобай і хоча вярнуць сваіх дачушак-падлеткаў у сям’ю. Органы апекі пацвярджаюць — жанчына выправілася ў лепшы бок, зразумела свае памылкі і, сапраўды, шчыра жадае пачаць усё з самага пачатку і быць разам са сваімі дзецьмі.
На прыёме жанчыне паабяцалі аказаць усялякую падтрымку ў гэтай справе і пасадзейнічаць у тым, каб сям’я зноў была адзіным цэлым.
Цікавым быў зварот аднаго мінчаніна, які мае свае погляды на сучасны падыход да нацыянальнай геральдыкі і жадае выказаць свае ідэі наконт гэтага Канстытуцыйнай камісіі. Вадзім Аляксеевіч прыйшоў на прыём да сенатара з пытаннем, як ён можа перадаць свае прапановы і атрымаў адказ, маўляў, не турбуйцеся — перададзім. Лейтматывам яго звароту можна лічыць слоган, які сталы чалавек прыдумаў у якасці нацыянальнай ідэі: «Беларусь — даражэй за ўсё!». І з гэтым цяжка не пагадзіцца.
Вольга АНУФРЫЕВА, фота аўтара
Все интервью