Паразважаў на вострую тэму знешніх пагроз старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў у эфіры радыё Sputnik.
Рэальнасць пагрозы — сур’ёзная
Сенатар звяртае ўвагу, што не трэба атаясамліваць палітыкаў і народы іх дзяржаў: думкі народаў не заўсёды супадаюць з думкамі палітыкаў. Гаворка, безумоўна, датычыцца нашых суседзяў: літоўцаў, палякаў, украінцаў.
— І гэта ўжо члены ЕС, НАТА, — падкрэслівае старшыня профільнай камісіі. — Вы бачыце, што адбываецца з НАТА (сцягваюцца войскі да межаў з Беларуссю. — Заўв. аўт.). Хоць Расійская Федэрацыя паставіла пытанне рубам, але збіраць рэчы і ісці дадому, па-мойму, яны пакуль не плануюць.
Ён нагадаў, што ўсе гэтыя дзеянні пачаліся не сёння і не ўчора:
— Нарошчванне групоўкі войскаў ідзе прыклада паўтары года, — кажа сенатар.
Паводле яго слоў, усе занепакоенасці, якія выказваліся як расійскім, там і беларускім бакамі, не ўспрымаюцца.
— Верагодна, расійскае кіраўніцтва, калі клала на стол два праекты дагавора па пытаннях бяспекі, якія прапануецца заключыць са Злучанымі Штатамі Амерыкі і НАТА, у тым ліку зыходзіла з таго, што на заходніх межах Саюзнай дзяржавы ідзе нарошчванне ваеннай групоўкі сіл НАТА, — адзначае Сяргей Рачкоў.
Ён мяркуе, што дэманстратыўнасць па нарошчванні сіл звязана з аб’яўленнем сумесных вучэнняў Беларусі і Расіі «Саюзная рашучасць — 2022», у сцэнарый якіх будзе ўключана і паўднёвая частка краіны. Гэта своеасаблівы адказ на намеры саюзнікаў, лічыць сенатар і акцэнтуе ўвагу, што да такіх рэчаў трэба адносіцца сур’ёзна.
— Палітолагі ці сатырыкі ад паліталогіі могуць ёрнічаць і выбудоўваць гумарыстычныя «сторыз», але спецыялісты адносяцца да гэтага інакш, — сцвярджае старшыня профільнай камісіі Савета Рэспублікі.
Наступствы — жахлівыя
Ён пагаджаецца — ступень небяспекі вялікая пры ўсім разуменні, што любая маштабная вайна сёння не толькі з’яўляецца разбуральнай, але і самазгубнай для любой краіны.
— Як вы лічыце, да якой ступені можа дайсці супрацьстаянне? Калі, крый божа, зброя спрацуе сама па сабе, — пацікавіўся журналіст.
— Тут можна ўзгадаць і пачатак Першай сусветнай вайны, якую таксама ніхто не хацеў, і фактычна Другую Сусветную, калі трыгеру не было, а было папушчальніцтва, — узгадвае Сяргей Рачкоў. — І геапалітычная гульня, якая прывяла да таго, што былі няправільна зроблены аналіз і ацэнкі, у выніку якіх давялося ўсім светам змагацца з карычневай чумой.
Старшыня профільнай камісіі акцэнтуе ўвагу, што больш за ўсіх наступствы гэтай барацьбы адчуў на сабе народ Савецкага саюза.
— Амаль 30 мільёнаў жыццяў, Беларусь — тры мільёны, мірнае насельніцтва — два мільёны 100 тысяч, — нагадвае ўрокі гісторыі і колькасць ахвяр сенатар. — То-бок, гэта, разумееце, мне падаецца, што гэта (пагроза паўтарэння сусветнай трагедыі — заўв.аўт.) недаацэньваецца. Людзі, нават многія палітыкі, сур’ёзна не ўспрымаюць такую магчымасць. Чаму? Я здзіўляюся гэтаму.
Разам з тым ён адзначыў, што спецыялісты гэтыя ўсе магчымасці ўлічваюць і працуюць у адпаведным кірунку.
— Днямі я прымаў удзел у вэбінары, які быў арганізаваны Міжпарламенцкім саюзам па тэматыцы не распаўсюджання ядзернай зброі, — кажа Сяргей Рачкоў. — Здавалася б, сёння мы кажам аб больш простых формах магчымага ўзброенага канфлікту, але тым не менш усе разумеюць, што ў канфлікт будуць уцягнуты і ядзерныя дзяржавы. І недарэмна некалькі тыдняў таму гэтыя ядзерныя дзяржавы прынялі адпаведную заяву, якая была падтрымана і Рэспублікай Беларусь. Таму мы павінны быць вельмі ўважлівымі. Як кажуць у народзе, не гуляць з агнём, таму што гэтыя жарты могуць давесці да жахлівых наступстваў.
Непрафесійныя заявы і іх вынікі
Працягваючы тэму вайсковай напружанасці, у гутарцы была ўзгадана нядаўняя прэс-канферэнцыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна падчас якой той заявіў, што ў выніку эскалацыі канфлікту на Украіне, Вашынгтон можа забараніць расійскім банкам праводзіць аперацыі ў доларах. Гэта мера стане адным з пунктаў, якія могуць увайсці ў пакет санкцый, якім неаднаразова пагражала амерыканскае кіраўніцтва, акрамя таго можа быць адключэнне ад плацежнай сістэмы SWIFT.
«Я хачу даць зразумець, што ўвядзенне санкцый у дачыненні да транзакцый у доларах будзе мець негатыўныя наступствы для ЗША, свету, разбуральныя для Расіі», цытуе Байдена журналіст радыё Sputnik і задаецца пытаннем: ці гэта так дрэнна, калі нарэшце рубель ператворыцца ў нармальную інвестыцыйную валюту? Можа, гэта і будзе той развязкай супрацьстаяння: без вайны, але з адключэннем ад SWIFT і долара?
— Дзіўная заява вышэйшай дзяржаўнай асобы, якая павінна непакоіцца ўстойлівасцю амерыканскай валюты і яе наступствамі, — перакананы Сяргей Рачкоў. — Гэта сведчыць аб тым, што ўзровень аналітыкаў і дарадцаў ужо настолькі абмежаваны, што прапануюцца неразумныя дзеянні.
У процівагу такім заявам старшыня профільнай камісіі Савета Рэспублікі прапануе ўявіць магчымыя меры адэкватнага рэагавання.
— А калі Расія адключыць Злучаныя штаты ад нафты, а Еўропу — ад газу, што будзе? — задаецца рытарычным пытаннем сенатар. — Я ўпэўнены, Расія так не скажа, бо там дастаткова стрыманасці, спакою і разумнага падыходу. Пры ўсіх складанасцях расійскае кіраўніцтва імкнецца вынесці ўрок з лёсу Савецкага Саюза і разумна весці палітыку, больш прагматычна, не робячы гучных заяў і праяўляючы вытрымку.
Што датычыцца ўмацавання пазіцый расійскага рубля, сенатар нагадаў аб тэндэнцыі апошніх гадоў.
— Расійскай Федэрацыі выводзіла свае дзяржаблігацыі з рынку, долар выводзіла, Кітай гэта рабіў. Гэта таксама частка дэдаларызацыі: пераход у гандлі за газ, нафту, іншыя пастаўкі на нацыянальную валюту, — адзначае Сяргей Рачкоў. — Дзесьці выкарыстоўваецца і бартэр — а чаму б і не? 100 %-ы бартэр дрэнны, а калі гэта часткова, то як інструмент можа быць выкарыстаны.
Таму, выказвае свой пункт гледжання сенатар, вышэйзгаданыя заявы амерыканскага кіраўніцтва адносяцца да катэгорыі непрафесійных.
Адказаў і на пагрозы амерыканскага боку аб адключэнні ад плацежнай сістэмы SWIFT.
— Гэта прытча ва языцах, то Беларусь адключаюць, зараз Расію... Яна ўжо практычна стварыла сваю самастойную сістэму. І калі раптам адбудзецца адключэнне ад SWIFT, то, можа, іншыя краіны, супаставяць рызыкі і адмовяцца ад яе, падключацца да іншай плацежнай сістэмы, — разважае сенатар. — Мне здаецца, што тут гаворка будзе ісці аб сусветным хаосе.
Ён нагадвае аб наступствах пандэміі:
— Паглядзіце, што адбываецца ў сусветнай эканоміцы. Да хаосу справа не дайшла, але тым не менш... У ЗША ўжо пустыя паліцы ў крамах. Калі такое было? Толькі ў гады вялікай дэпрэсіі.
Все интервью