Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Совет РеспубликиНационального собрания Республики Беларусь

Радуюся, калі ўдаецца дапамагчы...

Галіну Мельнікаву на Жлобіншчыне ведаюць практычна ўсе. Яна як феерверк: там, дзе з'яўляецца, узнікаюць новыя ідэі, адбываецца свята і вырашаюцца многія пытанні

Галоўны рэдактар раённай газеты «Новы дзень» летась была сярод пераможцаў VІІІ Рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2015». У шостым скліканні яна абрана членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу краіны. Каб з ёй сустрэцца, людзі неабавязкова запісваюцца да яе на прыём. Часта проста падыходзяць, калі яна ідзе па вуліцы. Спыняюць, звяртаюцца, скардзяцца, дзеляцца болем і радасцю...

Тым часам сама Галіна лічыць, што з дапамогай важна дайсці да самых сціплых, хто сам саромеецца звяртацца да ўлад. Мельнікава з'яўляецца яшчэ дэпутатам раённага і абласнога ўзроўняў, таму сучасныя праблемы людзей ведае дасканала. Кажа, гэтаму спрыяе і асноўная прафесійная пасада.

— Работа з людзьмі даўно стала маім ладам жыцця. Я чалавек каманды. Для мяне ва ўзаемадзеянні заўсёды галоўнае, што мне аказалі давер. Да таго ж хутка будзе 20 гадоў, як узначальваю раённую арганізацыю Беларускага саюза жанчын. Я, відаць, нарадзілася лідарам. У школе была старшынёй савета піянерскай дружыны, а потым сакратаром камітэта камсамола. І так заўсёды. Хаця самой здаецца, што наўмысна да гэтага не імкнулася, але працаваць з людзьмі падабалася.

— Галіна Уладзіміраўна, многія задаюцца пытаннем: а навошта ёй гэта ўсё патрэбна?

— Я таксама часта задаю сабе гэтае пытанне, асабліва калі моцна стамляюся. Часам здаецца, што сіл увогуле ўжо няма. Але потым я аказваюся ў колазвароце жыцця і мяне зноў зацягвае. Людзі прыходзяць, расказваюць пра свае праблемы, і ў мяне няма сіл ім адмовіць. Радуюся, калі ўдаецца дапамагчы. Магчыма, гэта важна для ўнутранага самаадчування і развіцця. Відавочна: калі ты дапамагаеш, нешта аддаеш, ты ў шмат разоў больш сам атрымліваеш. Жывеш больш асэнсавана. Калі бачыш розныя праблемы людзей, больш аб'ектыўна ацэньваеш і сябе. Урэшце, шануеш тое, што табе Богам дадзена. І нават тыя выпрабаванні, якія праходзіш. А ў маім асабістым жыцці іх было нямала.

— Ведаю, што вы 17 гадоў таму пахавалі старэйшую дачку...

— Так, таму паступова сыходзяць нейкія занадта амбіцыйныя планы і ты даражыш тым, што ў цябе ёсць сёння. І гэта — самае каштоўнае ў маім жыцці і рабоце. У лёсе ўсё не выпадкова. Відаць, так хоча Бог — каб я клапацілася пра іншых людзей. Можа, ён хоча мяне загартаваць ці адвесці ад нейкіх іншых выпрабаванняў...

— Звычайна той, хто праз нешта прайшоў і перажыў, зусім па-іншаму глядзіць на свет і яго спакусы...

— Я нарадзілася на хутары — у пасёлку Эрд, тут, на Жлобіншчыне. І тады там было ўсяго 15 дамоў, а цяпер засталося толькі тры. У маёй вёсцы ніколі не было ні школы, ні крамы, ні тым больш садка. У школу хадзіла ў Шчэдрын пешшу за тры кіламетры. Нас было чацвёра дзяцей у сям'і, я самая малодшая. Бацькі не стала, калі вучылася ў сёмым класе. Маці нас падымала адна. Так здарылася, што цяпер я вакол сябе аб'ядноўваю ўсіх сваякоў.

— Галіна Уладзіміраўна, ёсць праблемы, якія вы назвалі б характэрнымі для нашага часу?

— Відаць, пытанні працаўладкавання. Нядаўна прыходзіла жанчына, якую скарацілі на прадпрыемстве, а ў яе пенсія праз некалькі гадоў. У яе ёсць працоўны стаж для налічэння пенсіі, яна згодная працаваць і цяпер, але ж па сваёй адукацыі ўладкавацца нідзе не можа. Яе тут жа запісалі ва ўтрыманцы. Вядома, крыўдна. У Дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» ў пачатку года своечасова ўнесены пэўныя змяненні. Магчыма, з часам спатрэбіцца далейшае яго ўдасканаленне. Некалькі раней мы ў рэдакцыі правялі круглы стол па рэалізацыі Дэкрэта № 3 на тэрыторыі Жлобінскага раёна — з удзелам усіх адпаведных спецыялістаў. Магчыма, часткова папярэдзілі некаторыя праблемы, з якімі людзі сёння так востра сутыкаюцца. Увогуле ж, многія пытанні нельга адразу вырашыць з-за недахопу фінансавых сродкаў. Але ж, калі сёння яны не вырашаюцца, гэта адбудзецца праз пэўны час. Да таго ж трэба пастаянна ўдасканальваць заканадаўчыя акты.

— Бываюць моманты, калі не ведаеце, як дапамагчы, бо вычарпаны ўсе заканадаўчыя магчымасці?

— Безумоўна, у такім выпадку застаецца спачуваць людзям. Хоць такіх пытанняў мала. Здараецца, што асобныя людзі прыходзяць і ўскладаюць усе свае спадзяванні выключна на дзяржаву. Мяне напружвае тэндэнцыя да ўтрыманства. Часам прыходзіцца далікатна, але паставіць на месца. Прыватныя пытанні бываюць самыя розныя. У тым ліку яны датычацца наладжвання стасункаў з суседзямі, дзецьмі ці бацькамі.

На жаль, сціплыя людзі, якім сапраўды патрэбна дапамога, самі не прыйдуць на прыём да дэпутата — яны саромеюцца звяртацца да ўлад.

— А ці прыходзяць з прапановамі грамадскай значнасці?

— Так, здараецца, нейкае асабістае пытанне перарастае ў падставу для калектыўнага абмеркавання. Пасля апошняга прыёму ўзніклі, напрыклад, прапановы ў Крымінальны кодэкс. Паколькі я член камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, будзем абмяркоўваць іх. Дарэчы, у зону маёй адказнасці ўваходзяць Жлобінскі, Светлагорскі і Буда-Кашалёўскі раёны. Ва ўсіх я правяла ўжо прыёмы грамадзян, пайшла па другім крузе. Да таго ж актыўна сустракаюся з людзьмі ў калектывах.

— Галіна Уладзіміраўна, вас жа не выпадкова ўзнагародзілі летась на рэспубліканскім конкурсе «Жанчына года — 2015». Была адзначана ваша актыўная дзейнасць на грамадскай пасадзе старшыні Жлобінскай раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын...

— За 20 гадоў многія з нашых ініцыятыў былі падтрыманы ўладамі. Рэалізавана шмат разнастайных праектаў, і некаторыя атрымалі развіццё ў Жлобінскім раёне. У нас ёсць цікавы праект з дзяўчаткамі-падлеткамі: «Чацвер шчырай размовы». Мы з актывісткамі жаночага руху сустракаемся са старшакласніцамі — ужо аб'ехалі палову раёна. На асабістых прыкладах расказваем, якім чынам у нашай краіне можна паспяхова рэалізавацца. Разам з тым падказваем дзяўчаткам, як пераадольваць нейкія негатыўныя жыццёвыя сітуацыі. У сям'і дзеці не заўсёды знаходзяць адказы на хвалюючыя пытанні. Так здараецца, што пасля нашых гутарак хтосьці хоча пагаварыць прыватна. Пытаюць пра рознае: як вы выхоўвалі сваю дачку, як складаюцца адносіны з мужам. Тэм закрытых у нас няма. Між тым не ўтойваю, што сама была не вельмі дысцыплінаваная вучаніца. Я добра вучылася, але была «рэактыўная». Таму расказваю пра тое, як энергію накіраваць у мірнае рэчышча. Яшчэ мы разам — рэдакцыя газеты і жаночая арганізацыя — праводзім акцыю «Сям'я — усяму пачатак». У яе межах ушаноўваем найлепшыя сем'і па сельсаветах. Зусім нядаўна наведалі сям'ю, у якой нарадзілася адразу тры дзіцяці. Бацькі звярнуліся да мяне з пытаннем паляпшэння жыллёвых умоў. Цяпер разважаю, як ім найхутчэй дапамагчы.

— Пры такой актыўнай дзейнасці ці шмат часу застаецца для асабістага жыцця?

— Мне бывае вельмі складана. Але ж я дабілася галоўнага: камфортна сябе адчуваю і дома, і на рабоце, і на сваёй дачы. Самае важнае — акружыць сябе такімі людзьмі, з кім утульна. Я вельмі прывязана да сваіх каранёў. З мужам Валянцінам мы выконваем апошні матчын загад. Маці заўсёды прасіла: дачка, не кідай наш дом. І цяпер уся сям'я з задавальненнем адпачывае ў куточку, дзе я нарадзілася.

Мне час ад часу хочацца адпачыць ад публічнасці. У той жа час я не люблю сумнае жыццё — люблю жыць і працаваць прыгожа. Нават калі я гатую нешта — павінна атрымацца вельмі смачна і прыгожа.

— А што вы такое смачнае гатуеце?

— Люблю гатаваць традыцыйную беларускую ежу, імкнуся, каб яна атрымлівалася так смачна, як у матулі. Мая дачка Настасся выйшла замуж за расіяніна. І цяпер мой зяць вельмі любіць есці тое, што мной прыгатавана. Ён кажа, што я частую шкоднай, але вельмі смачнай ежай. Тут і дранікі, і калдуны, і бабка, язык з грыбамі, расольнік, боршч... Праўда, не люблю гэта рабіць штодзень. Але калі бяруся, то раблю з душою.

— Была вельмі здзіўлена, калі даведалася, што ваша рэдакцыя спансіруе асобныя бюджэтныя структуры...

— Мы не толькі расказваем пра жыццё ў раёне, але і дапамагаем вырашаць праблемы людзей і знаходзім для гэтай мэты сродкі. Два гады запар дзесці па паўмільярда ў старых грошах мы выдаткоўвалі на дабрачыннасць. Гэтыя сродкі пайшлі на мэблю для бальніцы, на рамонт дахаў, на касцюмы для двух народных калектываў. Са сваіх прыбыткаў дарылі залатым медалістам раёна ноўтбукі. Пазалетась падарылі 17, летась — 31. У мінулым годзе за свае сродкі выпусцілі альманах «Жлобіншчына літаратурная», дзе сабралі літаратурную творчасць нашых землякоў за 85 гадоў існавання газеты. Нашы супрацоўнікі маюць добры заробак, сацыяльны пакет і працуюць у годных умовах.

— У вас ёсць ідэі, якія вы яшчэ хацелі б увасобіць у жыццё?

— Мой сённяшні сенатарскі статус — гэта сур'ёзная нагрузка. У першую чаргу ў сэнсе патрабаванняў да сябе. Ёсць планы і маштабныя праекты, якія мне хочацца рэалізаваць. Сёлета мы паспрабуем стварыць дабрачынны жаночы клуб «Адкрытыя сэрцы». А калі пра асабістае... Наш вялікі бацькоўскі дом быў заўсёды поўны сваякоў. Думаю, прыйдзе час, я буду больш свабодная, тады на нашай малой радзіме будуць часцей збірацца ўсе мае родныя людзі: дачка з зяцем, унучка Васіліса, брат і сястра з пляменнікамі. Калісьці прачытала такое выказванне: нават там, дзе няма людзей, старайся заставацца чалавекам. Відаць, у жыцці гэта самае важнае.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Все интервью