Сенатар — аб новым дэкрэце.
На мінулым тыдні члены Савета Рэспублікі разгледзелі нашумелы Дэкрэт № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі».
На думку Уладзіміра Панцюхова, старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, менавіта гэты дакумент абмяркоўвалі часцей за ўсё з тых, што ўключаны ў пакет мер па лібералізацыі бізнесу. «Трэба разумець, што перавод эканомікі ў «лічбу» — не проста модны трэнд, гэта пытанне нашай нацыянальнай бяспекі і глабальнай канкурэнтаздольнасці. Ад гэтых працэсаў мы не павінны заставацца ўбаку», — упэўнены парламентарый.
Сапраўды, даныя ў лічбавай форме сёння становяцца ключавым фактарам вытворчасці ва ўсіх сферах дзейнасці, што павышае канкурэнтаздольнасць краіны, якасць жыцця грамадзян, забяспечвае эканамічны рост і нацыянальны суверэнітэт. Развіццё ІT-сектара, высокаканкурэнтнага і дынамічнага, змяняе стаўленне да ведаў, да самаадукацыі і да будучыні.
«Такім чынам, Дэкрэт № 8 варта разглядаць як фактар глабальных змен, як «драйвер» развіцця, і не толькі эканамічнага, — лічыць сенатар. — Лічбавая эканоміка павінна «ісці па дарозе права». На падставе нормаў Дэкрэта № 8 рыхтуецца шэраг паправак у дзеючае заканадаўства ў мэтах фарміравання прававых умоў для эфектыўнага развіцця айчыннага ІT-сектара. У выніку ў нас павінна з'явіцца паўнавартаснае лічбавае асяроддзе».
Па словах Уладзіміра Панцюхова, яно і цяпер развіваецца. І таму нельга сказаць, што мы знаходзімся на абочыне. У Беларусі на вачах цяперашняга пакалення сыходзіць у нябыт эпоха папяровых дакументаў. АРІП, электронны гандаль, электронныя рахункі-фактуры, электроннае дэклараванне — усяго толькі частка інструментаў «лічбавай» Беларусі, якая шырока ўжываецца насельніцтвам і бізнесам. У нашу эканамічную лексіку таксама ўвайшлі такія словы, як блокчэйн, штучны інтэлект і іншыя новыя паняцці, якімі ўсяго пару гадоў таму аперыравала толькі вузкае кола спецыялістаў.
«За апошнія гады мы зрабілі даволі сур'ёзны крок наперад, тым не менш трэба гэты рух істотна паскорыць. Важныя пытанні, на якія трэба будзе адказаць самім сабе ў самы кароткі час: якія з кірункаў для нас прыярытэтныя, у што мы будзем укладваць сродкі ў першую чаргу, які ёсць патэнцыял камерцыялізацыі ў лічбавых праектаў», — адзначыў сенатар.
Вераніка ПУСТАВІТ
Все интервью