Сённяшні госць — старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына Анатольеўна СТАРАВОЙТАВА.
— Ірына Анатольеўна, вы зусім мала часу працуеце ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу, і магу меркаваць, што думкамі вы па-ранейшаму на сваёй Магілёўшчыне, у сваім інстытуце. Лагічна было б пачаць размову з таго, што непарыўна ідзе побач з вамі і чаму вы прысвяцілі вялікую частку свайго жыцця, каб педагог быў заўсёды цікавы сваім вучням і меў бясспрэчны аўтарытэт.
— Сапраўды так. Дзейнасць інстытута, які я ўзначальвала пэўны час, не перастае быць для мяне актуальнай. Я ўпэўнена, што ў прафесійным станаўленні нашых настаўнікаў інстытут развіцця адукацыі ў кожным рэгіёне быў і застаецца менавіта той установай, дзе канцэнтруюцца інавацыйныя тэхналогіі, найноўшыя методыкі ў сістэме адукацыі, гатовыя працаваць на якасць прафесійнай падрыхтоўкі нашых педагогаў і на іх імідж.
У паслужны спіс Ірыны Анатольеўны Старавойтавай уваходзяць пасады, звязаныя толькі з педагагічнай дзейнасцю. Пачынала яна з Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, пасля заканчэння якога працавала настаўніцай біялогіі ў сярэдняй школе № 31 Магілёва. Пазней выкладала ў Магілёўскім педагагічным каледжы, а потым Ірына Анатольеўна вярнулася ва ўніверсітэт на пасаду старшага выкладчыка кафедры педагогікі і пачатковага навучання. Паміж гэтымі радкамі ў працоўнай кніжцы была вучоба ў аспірантуры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, абарона кандыдацкай дысертацыі і атрыманне ступені кандыдата педагагічных навук. Далей біяграфія Ірыны Анатольеўны звязана з Магілёўскім абласным інстытутам развіцця адукацыі, куды яна прыйшла працаваць выкладчыкам, пазней стала загадчыкам кафедры і дарасла да рэктара.
Увогуле, інстытут развіцця адукацыі — структура, у якой павінны інтэгравацца навуковы складнік і практычны вопыт, дзе павінен быць назапашаны навуковы патэнцыял практыка-арыентаваных даследаванняў. Адсюль павінны зыходзіць новыя методыкі, сучасныя тэхналогіі работы, вызначацца новыя напрамкі педагагічнай дзейнасці. На мой погляд, дзейнасць інстытутаў развіцця адукацыі неабходна выбудоўваць як адкрытае сацыяльна-педагагічнае асяроддзе і цэнтр развіцця педагагічных практык праз рэалізацыю сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, развіццё партнёрскай сеткі школ, стварэнне ўмоў для з’яўлення і падтрымкі эфектыўных ініцыятыў як з боку супрацоўнікаў інстытута, так і на месцах — ва ўстановах адукацыі, раённых метадычных кабінетах.
Гэта своеасаблівы цэнтр інавацыйнага развіцця, мэтай якога з’яўляецца ажыццяўленне метадычнай, арганізацыйнай, інфармацыйнай і кансультацыйнай падтрымкі дзейнасці іншых устаноў адукацыі па адным або некалькіх інавацыйных кірунках развіцця адукацыі. Любое мерапрыемства, арганізаванае інстытутам (семінар, круглы стол, канферэнцыя), павінна мець зразумелыя мэты, задачы і канкрэтныя вынікі.
На мой погляд, застаюцца актуальнымі праблемы вымярэння якасных вынікаў адукацыі. З аднаго боку, яны ўключаюць у сябе ступень дасягнення школай пастаўленых перад ёй канкрэтных задач, выбудоўванне стратэгіі развіцця, з другога — ступень адпаведнасці патрабаванням сучаснага грамадства. Асаблівасць і складанасць сістэмы адукацыі ў тым, што яе дзейнасць не ўзважыш у кілаграмах і не вымераеш у метрах. Тут мера своеасаблівая — гэта ўзровень развіцця асобы дзіцяці, фарміраванне эфектыўнай інфраструктуры, наяўнасць адукацыйна-педагагічнай падтрымкі, якая спалучае ў сабе асобасна арыентаваную адукацыю, адукацыю, здольную забяспечыць адзінства выхавання, навучання, адукацыі і жыцця навучэнцаў. Самае галоўнае — убачыць у кожным дзіцяці тое, што знаходзіцца ў глыбіні яго душы і што яно яшчэ не зразумела, не асэнсавала. І калі педагог зможа, як кажуць, выцягнуць вонкі гэтую прыродную каштоўнасць, якая потым паспрыяе жыццёваму станаўленню дзіцяці, тады можна з упэўненасцю сказаць, што педагог працуе недарэмна. Фраза, што настаўнік павінен любіць дзяцей, для мяне не толькі банальная, але і недакладная. Мы ўсе, не толькі настаўнікі, павінны любіць дзяцей — гэта аксіёма. Настаўнік пры гэтым павінен быць захоплены педагогікай, умець не толькі перадаваць веды і навыкі навучэнцам, але і знайсці індывідуальны падыход да кожнага з іх, стварыць неабходныя ўмовы для развіцця іх мыслення, самастойнасці, адказнасці, для выхавання каштоўнасных арыентацый, маральных, духоўных якасцей асобы, грамадзяніна сваёй краіны.
— Наколькі дыстанцыйная форма навучання педагога спрыяе ўдасканаленню педагагічнай працы?
— Мы жывём у інфармацыйным грамадстве, якое фарміруе новую парадыгму адукацыі — адукацыю без межаў. Прыярытэт дыстанцыйнай формы адукацыі — у магчымасці яе атрымання незалежна ад прасторавых і часавых рамак. Для сучаснага пакалення камп’ютар і інтэрнэт з’яўляюцца часткамі жыццёвай прасторы. Пры арганізацыі дыстанцыйнай формы навучання педагог набывае новыя веды самастойна, праводзіцца самастойная пошукавая і даследчая работа, а таксама далейшае прымяненне атрыманых ведаў падчас вырашэння прафесійных задач.
Асаблівасцю дыстанцыйнай формы павышэння кваліфікацыі педагогаў з’яўляецца навучанне без адрыву ад асноўнай работы. Але такая форма не мае часавых рамак, кожны можа быць анлайн у вольны час. Гэта дазваляе педагогу напрактыкавацца і штодня выдзяляць гадзіну-другую на вучобу ў рэжыме рэальнага часу нават пры сваёй загружанасці. Такая форма работы на Магілёўшчыне прыжылася. ІРА ў гэтым цесна супрацоўнічае з АПА, і сёння ўзяты курс на тое, каб дыстанцыйную форму павышэння кваліфікацыі педагогаў развіваць і далей, тым больш што яна эканамічна выгадная і дазваляе ашчадна ставіцца да бюджэтных сродкаў. У далейшым мяркуецца ўдасканальваць дыстанцыйную форму і перш-наперш весці падрыхтоўку педагогаў-андрагогаў, якія будуць працаваць з настаўнікамі па фарміраванні метадычных ведаў, стварэнні курса дыстанцыйнага навучання і, безумоўна, вучыць іх, як працаваць з вучнямі ў напрамку карыстання інтэрнэтнымі рэсурсамі. Дыстанцыйная форма навучання дазваляе рэалізаваць на практыцы лозунг “Вучыцца таму, што неабходна, у любы час, у любым месцы”, але тады выкладчык перастае быць адзіным носьбітам ведаў. Ён становіцца хутчэй памочнікам навучэнцаў пры выбары адукацыйнай траекторыі і кансультантам па вывучэнні матэрыялу незалежна ад узросту і індывідуальных асаблівасцей дзіцяці. Нельга не ўлічваць той факт, што з кожным годам становіцца ўсё больш электронных курсаў і матэрыялаў, на змену традыцыйным (вочная, вочна-завочная) прыходзяць іншыя формы навучання, заснаваныя на новых тэхналагічных тэндэнцыях: навучанне на працягу ўсяго жыцця, глабальнае навучанне, мабільнае навучанне. Авалоданне інструментамі інфармацыйнага грамадства — важны складнік сучаснай адукацыі любога прафесіянала.
— Як вядома, нашы дзеці амаль жывуць у інтэрнэце. Проста шукаць спосабы забараніць карыстацца ім бескарысна, але ажыццяўляць кантроль з боку дарослых неабходна.
— Я лічу, вельмі важна ў сістэме айчыннай адукацыі сфарміраваць умовы, пры якіх у нашых дзяцей з’явіцца патрэба ў самаўдасканаленні. Трэба ўмець правільна распараджацца той інфармацыяй, якую атрымліваеш. Настаўніку неабходна памятаць, што важны не аб’ём ведаў, а іх якасць. Калі інфармацыі вельмі многа, то можна ў ёй патануць, засвоіць яе складана нават самай геніяльнай галаве. Ды і навошта? Важна ўмець правільна працаваць з інфармацыяй, выбіраць патрэбнае для сябе, аналізаваць, рабіць высновы і такім чынам імкнуцца да самаразвіцця ў залежнасці ад таго, які кірунак дзейнасці ты выбіраеш. Сёння любому чалавеку патрэбна бясконца самаўдасканальвацца. Я заўсёды гаварыла: як толькі мы сказалі самі сабе, што ўсё ведаем і што ўжо вельмі прафесійныя, наша развіццё спыняецца, а значыць, заўтра мы адназначна прафесійнымі быць не зможам, мы ўжо адсталі ў гэтым на цэлы дзень. Жыццё імкліва развіваецца, і сёння неактуальна сцвярджаць, што веды старэюць на працягу 3—5 гадоў, гэта адбываецца намнога хутчэй. Галоўнае — сфарміраваць у дзяцей устойлівае меркаванне, што асобаснае і прафесійнае развіццё адбываецца на працягу ўсяго жыцця. На гэта ўплывае не толькі сістэма адукацыі, але і тое, што нас акружае, тое, што мы самі здабываем.
— Сёння ў цэнтры павышэння кваліфікацыі нашых педагогаў — тэматычныя курсы. Што ў іх найбольш злабадзённае?
— Кожныя курсы павінны мець актуальную, запатрабаваную педагогамі тэму. Важна ствараць умовы, пры якіх педагог мае магчымасць выбару таго напрамку педагагічнай дзейнасці, які яго цікавіць. Калі педагог матываваны, мэтанакіраваны, калі яму цікава, калі ў яго сфарміравалася патрэбнасць у прафесійным развіцці, ён прыязджае на курсы павышэння кваліфікацыі зусім іншы, гатовы да засваення інфармацыі, ведаў, навыкаў, практычных напрацовак, кампетэнцый. Мы заўсёды гаворым, што, калі мы хочам, каб курсы былі выніковымі, важна кожнаму педагогу даць магчымасць выказаць сваё меркаванне, распрацаваць свой адукацыйны прадукт, з якім ён прыедзе на сваё рабочае месца. Менавіта гэта з’яўляецца лепшым паказчыкам якасных курсаў — калі педагог прыехаў на сваё рабочае месца з прадуктам, ідэяй, праектам, ініцыятывай, новымі напрацоўкамі, жаданнем штосьці прыўнесці ў сваю работу, работу калектыву.
Калі вызначаецца тэматыка курсаў і іх змест, улічваюцца міжнародныя тэндэнцыі і айчынны вопыт у адукацыі, прапаноўваюцца тэарэтычныя і практычныя асновы методык навучання, тэмы ўзнікаюць на аснове аналізу стану спраў у рэгіёне. На кожных курсах мы павінны сфарміраваць у педагогаў разумовы вобраз, а для гэтага неабходны філасофскі і агульнапедагагічны аспекты, каб падвесці педагога да практычнай рэалізацыі тых або іншых методык. Кожны настаўнік, зыходзячы з яго асобасных якасцей, папярэдняга вопыту, начытанасці і агульнапедагагічнай падрыхтоўкі, будзе рэалізоўваць новыя тэхналогіі па-рознаму. І задача ў тым ліку і сістэмы павышэння кваліфікацыі, каб гэта было зроблена прафесійна, кампетэнтна, дакладна. Вызначэнне зыходнага ўзроўню прафесіяналізму педагогаў, вывучэнне іх магчымасцей, патрэб і запытаў, выяўленне праблем, з якімі сутыкаюцца педагогі ў рабоце, з’яўляюцца найважнейшымі этапамі фарміравання зместу павышэння кваліфікацыі.
— Ірына Анатольеўна, а цяпер вернемся да вашай новай дзейнасці. Чым займаецца і будзе займацца камісія Савета Рэспублікі, якую вы ўзначальваеце?
— Прывяду некалькі прыкладаў законапраектаў, над якімі сёння працуе наша камісія. Сярод іх —законапраект “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”. Падрыхтоўка законапраекта ажыццяўлялася міжведамаснай рабочай групай з улікам практыкі яе прымянення, узмацнення сацыяльнай абароны асобных катэгорый грамадзян, а таксама неабходнасці ўзгаднення норм закона з іншымі заканадаўчымі актамі. У мэтах узмацнення сацыяльнай падтрымкі сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў, праектам закона прадугледжваецца права маці (мачысе) ці бацьку (айчыму), усынавіцелю (даверніку), апекуну (папячыцелю) ажыццяўляць догляд дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў з атрыманнем адпаведнай дапамогi і адначасова працаваць на ўмовах няпоўнай занятасці або працаваць дома (выконваць абавязкі аднаго з прыёмных бацькоў), павышэнне памеру дапамогі па цяжарнасці і родах у тых выпадках, калі памер гэтай дапамогі будзе ніжэйшы, чым сума дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Праект закона накіраваны на падтрымку найбольш неабароненых катэгорый сем’яў (жанчын, якія атрымліваюць дапамогу па цяжарнасці і родах у мінімальным памеры, сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў). Мы разумеем адказнасць гэтай работы, бо за кожнай лічбай стаіць лёс чалавека. І тут трэба вельмі асцярожна падыходзіць да кожнай нормы законапраекта, таму яго абмеркаванне праходзіць на пашыраных пасяджэннях дэпутацкіх камісій з удзелам прадстаўнікоў выканаўчай улады, зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў. У законапраектнай дзейнасці варта рэалізоўваць і міжнародныя абавязацельствы, прынятыя нашай краінай. Так, была ратыфікавана Канвенцыя аб правах інвалідаў, у якой наша краіна ўзяла на сябе абавязацельствы ўлічваць у сваёй стратэгіі развіцця абарону і заахвочванне правоў людзей-інвалідаў.
Злабадзённай тэмай для ўсіх нас з’яўляецца распрацоўка праекта новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі. Маё асабістае меркаванне, што кодэкс павінен мець канцэптуальны характар і па сутнасці выконваць асноўныя патрабаванні — не нашкодзіць нашай сістэме адукацыі і не разбурыць тое, што з’яўляецца яе лепшым здабыткам, развіваць сістэму адукацыі на карысць грамадства. Адукацыя — гэта асаблівая сфера, якая пастаянна развіваецца і адпавядае сацыяльна-эканамічнаму развіццю краіны. Трэба разумець і тое, што Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, таму мы павінны не заставацца ў баку ад еўрапейскіх тэндэнцый і падхапіць прагрэсіўныя тэхналогіі, сучасныя методыкі з мэтай укараняць іх у айчынную адукацыйную галіну, каб яе якасць выходзіла на больш высокі ўзровень. Для абмеркавання Кодэкса аб адукацыі будуць арганізаваны рабочыя нарады, сустрэчы, парламенцкія слуханні з педагагічнай грамадскасцю. Мы гатовы прыслухоўвацца да грамадскай думкі, адно да аднаго, абмяркоўваць розныя погляды і меркаванні наконт развіцця айчыннай адукацыі, каб знайсці адзіны правільны шлях.
Гутарыла Ала КЛЮЙКО
Все интервью