Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Совет РеспубликиНационального собрания Республики Беларусь

Неабходна захаваць гістарычную праўду пра вайну

— Віктар Андрэевіч, 75-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне — асаблівая дата. Вайна не абышла, мабыць, ніводную беларускую сям'ю. Яна паказала непахіснасць характару нашых людзей, іх волю да свабоды і мірнага жыцця. Што для вас асабіста значыць гэтая дата? Падзяліцеся, калі ласка, гісторыяй сваёй сям'і.

— Наша краіна панесла вялізарныя страты падчас вайны: загінуў кожны трэці жыхар. Беларуская зямля першая прыняла ўдар нацысцкай арміі. Тут праходзілі маштабныя бітвы і ваенныя аперацыі, сярод якіх — гераічная абарона Брэсцкай крэпасці і адна з найбуйнейшых наступальных аперацый Чырвонай Арміі «Баграціён». На тэрыторыі Беларусі дзейнічала каля 40 партызанскіх злучэнняў, у падпольных арганізацыях супрацьстаяла ворагу больш за 70 тысяч чалавек. Гэта была сапраўды народная вайна.

Нашы салдаты самааддана змагаліся, каб краіна была вольная, мірная і квітнела. Аб гэтым ні ў якім разе нельга забывацца. Мы пра гэта памятаем і хочам, каб памяталі будучыя пакаленні.

Практычна ўсю вайну мае бабулі і дзядулі змагаліся ў шэрагах партызан. Мой дзед па лініі бацькі, Лаўрэнцій Пятровіч, шыў для партызан кажухі. Калі ў 1944 годзе Беларусь вызвалілі, яго забралі ў дзеючую армію, і ён дайшоў да Будапешта, дзе быў паранены. Затым служыў у сапёрным палку, быў перадыслакаваны ў вайсковую часць у раён Японскага фронту, дзе скончыў службу ў студзені 1946 года.

Дзед па маці загінуў 21 красавіка 1945 года, пахаваны ў Берліне.

Бацькі шмат расказвалі пра вайну, пра тое, як наша сям'я дапамагала партызанам, хоць гэта і было рызыкоўна. Добра памятаю, напрыклад, аповед пра палоннага немца, якога партызаны прывялі на хутар бацькоў маёй маці. Гэта было ў Кобрынскім раёне. Прыйшлі, каб перадыхнуць, папрасіць ежы. Немец паспрабаваў збегчы, але яго злавілі. Уявіце, калі б яму ўдалося ўцячы: усіх на хутары маглі б забіць. Але пра гэта мала тады думалі. Людзі, як маглі, падтрымлівалі партызан, такіх прыкладаў было шмат.

Сёння ўсе ўзнагародныя дакументы майго дзеда захоўваюцца ў нашай сям'і як рэліквія. Добра ведаюць гісторыю вайны мае дзеці. Мая ўнучка, якая вучыцца ў 5 класе, удзельнічае ў розных патрыятычных акцыях, выкарыстоўваючы ўспаміны пра вайну, якія засталіся ад прабабуль і прадзядуляў. Памяць аб вайне для нас — гэта сямейная традыцыя. Мяркую, што гэтак жа сама да яе ставяцца і многія іншыя беларусы.

— Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны сёння, як мы бачым, — гэта не толькі тэма памяці. Яна выкарыстоўваецца для развязвання палітычных спрэчак, росту міжнароднай напружанасці. Робяцца спробы перагляду прычын і вынікаў вайны. На ваш погляд, як супрацьстаяць такой фальсіфікацыі і захаваць гістарычную праўду пра вайну?

— Асобныя замежныя палітыкі і грамадскія дзеячы робяць часам гучныя заявы, спрабуючы абясцэніць ролю савецкага народа ў перамозе над фашызмам, змяняюць акцэнты, прыводзяць нібыта новыя факты пра вайну, часцяком працуючы на публіку, каб дагадзіць пэўным палітычным інтарэсам. Такім чынам яны зарабляюць сабе балы, імкнуцца вылучыцца на фоне астатніх. Усе мы выдатна разумеем, навошта гэта робіцца.

Безумоўна, неабходна рэагаваць на такія інфармацыйныя ўкіды. А для гэтага трэба пастаянна казаць, пісаць пра ход вайны, перамогі, тыя факты, якія мы маем. Рабіць гэта не ад выпадку да выпадку, а на сістэмнай аснове, перш за ўсё праз сродкі масавай інфармацыі, а таксама сацыяльныя сеткі, дзе так шмат нашай моладзі. Другая крыніца інфармацыі — гэта кнігі.

Прывяду ўласны прыклад. У маладосці мяне вельмі цікавіла гісторыя Вялікай Айчыннай вайны, я шмат чытаў. Самыя любімыя былі кнігі з успамінамі і разважаннямі нашых вядомых савецкіх палкаводцаў: Жукава, Васілеўскага і іншых. Чытаў і мемуары пра партызанскі рух у Беларусі. Калі чытаеш гэтыя кнігі, адчуваеш усё ад першай асобы — настолькі праўдзіва і дакладна ў іх выкладзены падзеі. Гэта тое, што захоўвае гістарычную праўду. Акрамя таго, любая кніга пра вайну вучыць цаніць жыццё.

— Сёння шмат хто кажа пра тое, што трэба ўдасканальваць падыходы ў рабоце з моладдзю. Чаго не хапае сістэме патрыятычнага выхавання, каб яна працавала сапраўды эфектыўна?

— Дзяцей трэба вучыць шанаваць сваю гісторыю, у тым ліку ўнёсак нашага народа ў Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, з ранніх гадоў — пачынаць з дзіцячага садка, пачатковай школы. Калі з гэтымі ведамі дзеці пераходзяць на наступны ўзровень адукацыі, а гэта 5 клас, яны лепш разумеюць тое, што ім даюць на ўроках гісторыі.

У школах дзяцей трэба абавязкова прыцягваць да стварэння музейных экспазіцый. Ёсць добрыя клубы з патрыятычным ухілам. Не менш важныя экскурсіі для школьнікаў і студэнтаў па маршрутах і месцах баявой славы. Асобнай увагі заслугоўваюць пытанні валанцёрскага руху, уключэння ў такія праекты моладзі. Бо для ветэранаў мае значэнне не столькі матэрыяльная дапамога, колькі ўвага, якую ім удзяляюць, магчымасць падзяліцца ўспамінамі. У гэтым і ёсць пераемнасць.

Усе гэтыя кірункі ў комплексе працуюць на павышэнне эфектыўнасці сістэмы патрыятычнага выхавання. Моладзь павінна ведаць гісторыю сваёй краіны, сваёй сям'і, разумець, часткай чаго яна з'яўляецца.

Все интервью