Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Совет РеспубликиНационального собрания Республики Беларусь

Не проста накарміць рыбай, а навучыць яе вудзіць…

Зрабі сябе сам

— І ўсё ж, кім вы больш адчуваеце сябе, Сяргей Рыгоравіч: дэпутатам, кіраўніком, бізнесменам?

— Усё ўзаемазвязана. Бізнес дапамагае вывучэнню і разуменню працэсаў, што адбываюцца ў грамадстве, у тым ліку і тых, што тычацца заканадаўчых аспектаў, бухгалтэрыі, эканомікі, кіравання. Таму пры абранні ў Савет Рэспублікі асаблівых складанасцяў у рабоце не ўзнікала. Я магу нешта падказаць людзям, якія на прафесійнай аснове займаюцца заканадаўствам, падправіць нейкія моманты, удасканаліць. А праца ў Савеце па прадпрымальніцтве для мяне, як прадстаўніка заканадаўчага органа, яшчэ большая дапамога, паколькі пашыраецца поле дзейнасці. Сюды звяртаюцца прадстаўнікі дзелавых колаў, саветаў, саюзаў, канфедэрацый прадпрымальнікаў па набалелых пытаннях. Мы выкрышталізоўваем некаторыя моманты, а свае прапановы, напрацоўкі перадаём у ніжнюю і верхнюю палаты парламента, у Цэнтр заканадаўчых ініцыятыў. Я прывык любую работу выконваць якасна. Перш чым даць нейкі адказ, напісаць паперу, зрабіць заяву, цалкам паглыбляюся ў тэму.

— Таленавіты чалавек — таленавіты ва ўсім. Гэтая папулярная фраза пра вас?

— (Смяецца.) Сябе неяк нясціпла ацэньваць, а па-другое, з майго пункту гледжання, талент — толькі адзін працэнт або нават менш ад таго, што дае нам прырода. Астатнія 99% — гэта работа над сабой: настойлівая адукацыя, імкненне да вучобы, самавыхаванне, самаўдасканаленне, самадысцыпліна. У гэтым выпадку да вашага ўзроўню пачнуць падцягвацца і іншыя. Калі вы пачынаеце прыбіраць лесвічную пляцоўку, ставіць тут кветкі, рана ці позна ваш прыклад спрацуе.

— Лічыцца, што беларусы памяркоўныя людзі, а ў бізнесе павінна прысутнічаць агрэсія: толькі ў гэтым выпадку можна дабіцца поспехаў…

— У бізнесе ўплывае на канчатковы вынік не агрэсія, а хуткасць прыняцця рашэнняў. Рэаліі сучаснага рынку хутка мяняюцца; каб выжыць, трэба ўмець імгненна адаптавацца: пакуль будзеш думаць, сітуацыя выйдзе з-пад кантролю. А для гэтага трэба валодаць ведамі, вопытам, кіравацца здаровым сэнсам. Айчыннаму бізнесу варта прыбаўляць у хуткасці. Разам з тым лічу, што ён будзе непазбежна развівацца. У Беларусі няма іншага шанцу, як рухацца наперад. Людзям неабходна забяспечваць сябе самастойна. Дзяржава павінна ўзяць пад сваё крыло сацыяльна незабяспечаных грамадзян, сірот, інвалідаў, пенсіянераў, тых, хто не ў стане паклапаціцца аб сабе.

Адаптавацца, каб выжыць

— Дзеля чаго вы прыйшлі ў бізнес? Рэалізаваць сябе, забяспечыць сям’ю, з іншай мэтай?

— Па-першае, як ужо казаў, у мяне быў вопыт у гэтай галіне недзе з 14 гадоў. Пасля заканчэння Мінскага радыётэхнічнага інстытута (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі) працаваў на «Інтэграле» інжынерам-канструктарам. Цудоўная работа, калектыў. Магутнае прадпрыемства з магутным інтэлектуальным, інавацыйным патэнцыялам. Канструяваў розныя аўтаматы, мікрапрацэсарную тэхніку, займаўся праграмаваннем. Але пачалася перабудова, усё ішло да развалу Савецкага Саюза. Стала менш абаронных заказаў, абмежавалі фінансаванне. Разумеў, што няма сэнсу працаваць далей: ні перспектывы ў плане самаўдасканалення, ні рэалізацыі, атрымання даходаў. Трэба было карміць сям’ю, малога сына. Жонка працавала ў праектным інстытуце за невялікую зарплату. Грошай не хапала, тым больш што жылі на здымнай кватэры. Паралельна з асноўнай работай падпрацоўваў продажам сувеніраў. Затым, калі з’явілася паслабленне, сам атрымаў патэнт, арганізаваў кааператыў. Акрамя таго, калі б заставаўся на мінулым месцы працы, то быў бы незапатрабаваны ў прафесійным плане: прадпрыемства пераарыентавалася на выпуск іншай прадукцыі. А калі вы прадпрымальнікам нарадзіліся, то вам хочацца стварыць нешта новае, укараніць, рэалізаваць новыя ідэі. І вы непазбежна да гэтага прыйдзеце. Каб забяспечыць сваю сям’ю, не залежаць ад абставін, што мяняюцца.

— Штогод ствараюцца новыя прыватныя прадпрыемствы, сотні людзей адкрываюць свой бізнес. Але выжываюць адзінкі. У цяперашняй сітуацыі ці раілі б вы ахвотным пачынаць сваю справу? І калі так, то ў якім узросце лепш за ўсё гэта рабіць?

— Чым хутчэй, тым лепш. Але перш, чым заняцца прадпрымальніцтвам, трэба атрымаць веды. А ў нас некаторыя думаюць, што хутка заробяць на шыкоўныя дарагія аўтамабілі, абзавядуцца асабістым самалётам. Гэта самападман. І нават набытыя веды — толькі тэорыя, якую неабходна замацаваць на практыцы. Закончылі аграрную навучальную ўстанову — папрацуйце у сельскагаспадарчым прадпрыемстве, адчуйце, праверце, ці вашае гэта. Напрыклад, спецыяліст сельскай гаспадаркі заўсёды можа заняцца фермерствам, узяць у арэнду зямлю, выкупіць калгас. Лічу, што базавая адукацыя павінна быць, пачынаць бізнес з нуля — хутчэй выключэнне, чым правіла. Тое, што многія прыйдуць з цягам часу да бізнесу, — непазбежная заканамернасць. А незапоўненых ніш у нас шмат. Ды ўсе думаюць, што адзінае выйсце — гандляваць, нешта пастаўляць на прадпрыемства. У любой еўрапейскай сталіцы вялікая колькасць разнастайных сэрвісных паслуг: ад манікюру і тайскага масажу да любых відаў кавярняў, закусачных і іншага. І ўсе яны запатрабаваны спажыўцамі.

Цывілізацыя развіваецца сямімільнымі крокамі. Раней, скажам, былі філосафы, якія валодалі матэматыкай, іншымі навукамі. Цяпер матэматыка, фізіка, хімія — вузкая сфера, прычым яны ідуць углыб. Добраму хірургу няма калі займацца рамонтам веласіпеда, а шаўцу — рамонтам дома. Усё большы абарот набывае аўтсорсынг. Я вырабляю прадукцыю і ўтрымліваю службы маркетынгу і продажу. Усё астатняе — транспартныя паслугі, пастаўка каністраў, матэрыялаў — ажыццяўляюць іншыя фірмы. Мы арандуем пагрузчыкі, адмаўляемся ад аўтамабіляў. Я не ў стане ўтрымліваць персанал для абслугоўвання, рамонту тэхнікі, значна прасцей узяць яе ў арэнду. Так пабудаваны ўвесь заходні бізнес. Далей аўтсорсынг перарастае ў кластар. Возьмем, напрыклад, такія сусветна вядомыя кампаніі, як «Таёта», «Джэнерал Мотарс». Акрамя зборачнага цэха і праектнага бюро, яны наогул нічога не маюць, усе неабходныя дэталі вырабляюцца ў Турцыі, Кітаі.

Фабрыка па выстругванні Бурацінаў

— Трапіць на работу на такое паспяховае прадпрыемства, відаць, нялёгка: адбор, тэсты, прасейванне? Ці працуеце з персаналам па ўдасканаленні ведаў, прафесійных навыкаў?

— Трапіць на работу да нас не вельмі складана. Але ў сувязі з тымі працэсамі, што адбываюцца ў эканоміцы, якія ў першую чаргу паўплывалі на будаўнічую галіну, мы пакуль не прымаем новых кадраў, спрабуем замяшчаць вакансіі сваімі супрацоўнікамі. Хоць усе вакансіі размешчаны на нашым сайце, чалавек праходзіць гутарку ў аддзеле кадраў, з кіраўніком структурнага падраздзялення, затым — са мной. Нам неабходныя спецыялісты, якія валодаюць сучаснымі камп’ютарнымі тэхналогіямі, прыкладнымі праграмамі. Кандыдат на вакантнае месца праходзіць адаптацыйны перыяд: калі зарэкамендуе сябе з добрага боку, заключаем з ім кантракт.

Увогуле, знайсці патрэбнага чалавека вельмі складана. Добрыя спецыялісты ўжо працуюць, для іх крызіс не перашкода. Наадварот, у крызісныя часы на іх кладзецца большая нагрузка, яны запатрабаваны на рынку. Людзей шмат, а спецыялістаў мала. Жартам, наша фабрыка — фабрыка па вытворчасці бурацінаў. Я імкнуся браць на працу маладых людзей і «стругаць» з іх тое, што нам патрэбна. Мой прынцып развіцця кадраў: добры спецыяліст той, хто прайшоў усе прыступкі кар’ернай лесвіцы, пачынаючы ад рабочага. У нас распрацавана адмысловая праграма, паводле якой штогод на адзін дзень супрацоўнікі мяняюць свае рабочыя месцы. Напрыклад, офіс — на вытворчасць. Кожны супрацоўнік мае свой план самаўдасканалення і ацэньваецца па двух параметрах: potentіal (патэнцыял развіцця) і perfomance (уклад у развіццё кампаніі на працягу года).

— Ваша актыўная прафесійная, грамадская дзейнасць, пастаянная занятасць не перашкаджаюць сямейным адносінам? Магчыма, жонка выказвае незадаволенасць?

— Ды не, не ўсё так сумна. Бываю і дома. І спадзяюся, што жонка задаволеная, калі да гэтага часу жыве са мной. А калі сур’ёзна, то сям’я — гэта база, прыстань для любога чалавека, прадпрымальніка ў тым ліку. Працую шмат, але чуткі пра маю празмерную занятасць перабольшаны. Знаходжу час і на сям’ю, і ад інтэрв’ю не адмаўляюся. Калі ты валодаеш ведамі, то павінен падзяліцца імі з людзьмі. Магчыма, для цябе гэта — банальныя рэчы, а для некага — добрая парада, дапамога ў жыцці.

— На вашу думку, Сяргей Рыгоравіч, якая самая галоўная праблема для беларусаў?

— Мяркую, нам неабходна пераламаць свядомасць. Зразумець, што на работу прыходзіш не парабкаваць на гаспадара, а працаваць на сябе, зарабляць грошы, каб узровень жыцця сям’і быў больш якасным. А кіраўнік стварае падначаленым для гэтага магчымасць. У нас жа яшчэ дастаткова тых, хто спрабуе палепшыць сваё матэрыяльнае становішча крадзяжом за кошт прадпрыемства, цягне літаральна ўсё, што ляжыць пад рукой. Гэта памылковы погляд. Неабходна ўкладваць сілы, вопыт, розум у развіццё сваёй фірмы, кампаніі, каб добра жыць.

Таму лічу, праблема свядомасці не ў рыначных адносінах, не ў недахопе сродкаў, інфляцыі, дэвальвацыі — у галаве кожнага з нас. Самае галоўнае — «перабудаваць» мазгі. Трэба даражыць тым, што ў цябе ёсць, і працаваць. Будзеш добра працаваць — будзеш добра жыць.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Все интервью