Рабочая нарада па пытаннях падрыхтоўкі 4-й секцыі ў рамках IX Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшла сёння ў Савеце Рэспублікі, перадае БелТА.
«Наша камісія адказвае за падрыхтоўку і правядзенне 4-й секцыі IX Форуму рэгіёнаў. Называецца яна „Адзіная навукова-тэхналагічная прастора Беларусі і Расіі як фактар забеспячэння глабальнай канкурэнтаздольнасці і бяспекі Саюзнай дзяржавы“, — расказала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Каліна Капуцкая. — Вызначана месца правядзення гэтай секцыі — галерэя Тызенгаўза ў Гродне. Таксама вызначаны дакладчыкі, колькасць удзельнікаў — да 25 чалавек ад кожнага боку. Мы ўзгаднілі мадэратараў гэтай секцыі. З расійскага боку мадэратарам будзе выступаць старшыня Камітэта Савета Федэрацыі па навуцы, адукацыі і культуры Лілія Гумерава, з беларускага боку, каб правесці гэту секцыю на высокім прафесійным узроўні, мы папрасілі ў сумадэратары намесніка старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Сяргея Кіліна».
Падчас правядзення секцыі будзе працаваць выстаўка. «Спадзяёмся, што яна стане навуковай і значнай падзеяй гэтага форуму. Таму што будуць прадстаўлены навукова-тэхнічныя дасягненні вучоных Беларусі і Расіі, інавацыйная прадукцыя, сумесныя распрацоўкі нашых вучоных. Выстаўка таксама пройдзе ў галерэі Тызенгаўза. Лічым, што яе наведвальнікі, як і ўдзельнікі секцыі, атрымаюць вялікае задавальненне. Папулярызацыя навукі сёння важна, таму што гэта асноўны фактар гарантавання эканамічнай, палітычнай і сацыяльнай бяспекі Саюзнай дзяржавы, — адзначыла сенатар. — Плануецца, што ў працэсе работы секцыі будзе падпісана пакуль тры пагадненні. Але перагаворы ідуць з расійскім бокам. Я думаю, што іх колькасць павялічыцца. Вядома, новыя сумесныя праекты будуць».
Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі праводзіцца штогод пад эгідай Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі. Тэма ІХ Форуму рэгіёнаў — «Роля міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў паглыбленні інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы». IX Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі адбудзецца 23-24 ліпеня ў Гродне.
Все интервью