Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Совет РеспубликиНационального собрания Республики Беларусь

Мы можам ствараць транснацыянальныя карпарацыі

Беларусь і Расія павінны дапоўніць адна адну для паспяховага сумеснага выхаду на сусветныя рынкі.

Калі мы шмат працуем, але жывём не так багата, як хацелася б, значыць, наша праца не запатрабавана. Каб змяніць сітуацыю, мы павінны ўвесь час азірацца. На тое, што і як робяць іншыя, з кім варта аб'яднаць свае намаганні, у каго нечаму навучыцца, дзе наш прадукт будзе больш запатрабаваны. Неабходна адначасова бачыць увесь свет з яго настроямі, напрамкамі руху, праблемамі і знаходкамі. Мы ўвесь час павінны імкнуцца ў лідары. Іншага не дадзена. Гэта цяжка. Але ёсць адзін правераны спосаб, які ў гэтым дапамагае — супрацоўніцтва. Ён няпросты, але сапраўды працуе. І рэгіянальнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі — пераканаўчы таму доказ. Няма моўных бар'ераў, ёсць воля палітыкаў і зацікаўленасць бізнесу. Плюс «зялёнае святло» з боку заканадаўства і празрыстыя межы. Менавіта пра беларуска-расійскае рэгіянальнае супрацоўніцтва наша размова са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаілам МЯСНІКОВІЧАМ.

— Міхаіл Уладзіміравіч, якія, на ваш погляд, самыя значныя вынікі апошняга Форуму рэгіёнаў?

— Вынікі трэцяга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі на тэму «Рэалізацыя ўзгодненай сацыяльна-эканамічнай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве: дасягненні, праблемы, шляхі вырашэння і перспектывы» чарговы раз пацвердзілі значнасць такога роду мерапрыемстваў ва ўмацаванні саюзнага будаўніцтва. Дзякуючы падтрымцы прэзідэнтамі Беларусі і Расіі гэтай парламенцкай ініцыятывы форумы сталі новай зручнай пляцоўкай для вызначэння найбольш запатрабаваных кірункаў і формаў рэгіянальнага супрацоўніцтва.

Мне асабліва прыемна адзначыць, што ў рабоце трэцяга Форуму, як і другога, які адбыўся ў мінулым годзе ў Сочы, прынялі ўдзел прэзідэнты нашых краін — Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка і Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін. Гэта падкрэслівае вялізнае значэнне, якое надаецца рэгіянальнаму супрацоўніцтву Беларусі і Расіі, з якім мы звязваем вялікія надзеі.

Буйным дасягненнем можна лічыць склад удзельнікаў форуму. Дабіцца такога якаснага дыялогу прадстаўнікоў заканадаўчай і выканаўчай улады, бізнесу, экспертнай суполкі і СМІ на адной пляцоўцы само па сабе няпроста. Але толькі такім чынам можна дасягнуць па-сапраўднаму эфектыўных узгодненых дзеянняў, асабліва цяпер, ва ўмовах санкцыйных абмежаванняў, вялікага перадзелу сусветных рынкаў, крызісаў у глабальнай эканоміцы. Кожнае такое мерапрыемства — гэта яшчэ і сур'ёзны рывок наперад у развіцці Еўразійскага эканамічнага саюза.

У форуме ўдзельнічалі прадстаўнікі 40 суб'ектаў Расійскай Федэрацыі, у тым ліку 13 губернатараў.

У рамках трэцяга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшлі пасяджэнні дзевяці секцый, падчас якіх было абмеркавана шырокае кола пытанняў двухбаковага ўзаемадзеяння, вызначаны праблемныя пытанні і шляхі іх вырашэння, а таксама выпрацаваны перспектыўныя кірункі далейшага супрацоўніцтва ў сферы працоўных адносін і сацыяльнай абароны насельніцтва, культуры і турызму, навукі і навукова-тэхнічнай дзейнасці, адукацыі, маладзёжнай палітыкі, аховы здароўя, сродкаў масавай інфармацыі, харчовай бяспекі і прамысловасці.

У рабоце секцый прынялі ўдзел звыш 780 чалавек, з дакладамі на іх выступілі 119 удзельнікаў.

Традыцыйна выніковасць форуму праявілася не толькі ў актывізацыі двухбаковага ўзаемадзеяння ў сферы сацыяльна-эканамічнай палітыкі нашых краін, але і ў рэалізацыі канкрэтных камерцыйных ініцыятыў. Так, у рамках падрыхтоўкі і правядзення форуму заключана камерцыйных кантрактаў на суму, эквівалентную больш як 300 млн долараў ЗША.

Падчас форуму і яго мерапрыемстваў падпісана 39 пагадненняў паміж урадам Рэспублікі Беларусь і суб'ектамі Расійскай Федэрацыі, рэгіёнамі Беларусі і Расіі, шэраг праграм супрацоўніцтва ў розных галінах сацыяльна-гуманітарнай сферы. У прыватнасці, дагаворныя адносіны з нашай краінай наладзілі Томская вобласць, Пермскі край і Рэспубліка Хакасія.

Не застаўся без увагі і парламенцкі складнік — на палях форуму адбылося пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве, прысвечанае абмеркаванню практычных пытанняў узаемадзеяння па інфармацыйным забеспячэнні інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы, а таксама гарманізацыі нацыянальных заканадаўстваў у сферы аховы здароўя (ва ўмовах функцыянавання з 2016 года ў рамках ЕАЭС адзінага рынку лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў).

— Наколькі нам удаецца прасунуцца ў сферы не проста ўзаемнага гандлю, а ў стварэнні сумесных вытворчасцяў з выхадам на новыя рынкі, у тым ліку трэціх краін?

— Ва ўмовах нестабільнасці на сусветных рынках для нас асабліва важным уяўляецца ўзмацненне прамысловай кааперацыі, узаемнай падтрымкі адзін аднаго, а гэта магчыма зрабіць толькі шляхам узгодненых і ўзаемавыгадных дзеянняў.

На гэты момант увага засяроджана на ліквідацыі бар'ераў для свабоднага перамяшчэння тавараў і паслуг і стварэнні роўных магчымасцяў для дзейнасці суб'ектаў гаспадарання дзвюх краін, у тым ліку ў працэсе дзяржзакупак.

Безумоўна, хацелася б большага. Нам патрэбна адзіная прамысловая палітыка, больш шчыльная каардынацыя ў аграпрамысловай і іншых сферах, пераход да выпуску навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі. З-за аб'ектыўных абставін, калі ёсць праблемы ў рабоце з далёкім замежжам, і беларускаму, і расійскаму бізнесу адкрываюцца спрыяльныя магчымасці для вядзення сумеснай інвестыцыйнай камерцыйнай дзейнасці.

Дзякуючы міжрэгіянальным сувязям вытворчай кааперацыяй звязана больш як 8 тысяч беларускіх прадпрыемстваў, працуе больш за тысячу сумесных вытворчасцяў. Мяркую, што стварэнне сумесных расійска-беларускіх кампаній, а таксама іх арганізацыю з удзелам рэзідэнтаў з трэціх краін нам мэтазгодна разглядаць як прыярытэт беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Нашы планы — стварэнне сумеснага прадукту для выхаду на рынкі трэціх краін.

— Якія з расійска-беларускіх рэгіёнаў найбольш плённа працуюць і ў чым тут прычына: асабістыя сувязі, роля ўлад, геаграфічны складнік ці іншае?

— Беларусь і Расія ставяцца да эфектыўнасці рэгіянальнага супрацоўніцтва вельмі сур'ёзна. Можна казаць пра існаванне двух узроўняў супрацоўніцтва — нароўні з міждзяржаўнымі аспектамі ўзаемадзеяння актыўна развіваюцца сувязі рэгіянальныя. Сёння Беларусь падтрымлівае прамыя гандлёва-эканамічныя адносіны з 80 рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, у тым ліку з 66 рэгіёнамі — на падставе заключаных пагадненняў аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве.

У рамках міжрэгіянальнага супрацоўніцтва заключана больш як 300 пагадненняў і дагавораў паміж абласцямі Рэспублікі Беларусь, Мінскам і суб'ектамі Расійскай Федэрацыі, а таксама паміж беларускімі раёнамі, гарадамі і расійскімі муніцыпальнымі ўтварэннямі. Паміж большасцю беларускіх і расійскіх рэгіёнаў створаны рабочыя групы, якія працуюць і рэалізуюць гэтыя пагадненні.

З пачатку гэтага года гандаль ажыццяўляўся з 79 расійскімі рэгіёнамі. У «дзясятку» лідараў, якія імпартуюць тавары з Беларусі, увайшлі Масква, Санкт-Пецярбург, Бранская, Ленінградская, Маскоўская, Ніжагародская, Растоўская, Смаленская вобласці, Краснадарскі край, Рэспубліка Татарстан. На іх долю прыпадала 70,4% беларускага экспарту ў Расійскую Федэрацыю.

У «дзясятку» лідараў, якія пастаўляюць тавары ў Беларусь, увайшлі Масква, Санкт-Пецярбург, Цюменская, Смаленская, Калужская, Маскоўская, Ніжагародская вобласці, рэспублікі Башкартастан і Татарстан, Пермскі край. На іх долю прыпадала 78,2% расійскага імпарту ў Рэспубліку Беларусь.

Прамыя кантакты на ўзроўні кіраўнікоў рэгіёнаў дазваляюць найбольш эфектыўна задзейнічаць увесь напрацаваны патэнцыял гандлёва-эканамічных, навукова-тэхнічных і культурных сувязяў і дабівацца канкрэтных вынікаў.

Таму, кажучы пра выніковасць форумаў, я магу прывесці шэраг паспяховых прыкладаў актывізацыі супрацоўніцтва.

Так, напрыклад, у Калужскай вобласці беларускімі арганізацыямі актыўна ўзводзяцца жылыя кварталы.

Актыўна, нягледзячы на тэрытарыяльную аддаленасць, развіваецца супрацоўніцтва з Сахалінскай вобласцю, дзе рэалізуецца шэраг сумесных праектаў у сферы аграпрамысловага комплексу, пасажырскага транспарту, паставак кар'ерных самазвалаў «БелАЗ», што прывяло да росту таваразвароту з Сахалінскай вобласцю за 2015 г. у 5,8 раза, а ў студзені—сакавіку 2016 г. — у 13 разоў.

Сумесна з партнёрамі з Омскай вобласці рэалізуецца інвестыцыйны праект «Стварэнне прадпрыемства па вытворчасці тэхнічнага вугляроду» ў СЭЗ «Магілёў».

Кемераўская вобласць стала не толькі адным з асноўных спажыўцоў самазвалаў вядомай маркі «БелАЗ», але і выпрабавальным палігонам новых мадэляў беларускай велікагрузнай тэхнікі. Разгорнута работа па ўдзеле беларускіх арганізацый у стварэнні станкабудаўнічага кластара ў вобласці.

Актыўна развіваецца супрацоўніцтва беларускіх рэгіёнаў з Масквой.

Традыцыйна блізкім партнёрам Беларусі з'яўляецца Новасібірская вобласць, спектр кірункаў супрацоўніцтва з якой цяпер працягвае пашырацца. Раней гэта былі ў асноўным гарадскі транспарт і спецтэхніка, сёння гэта ўжо шэраг прадуктаў харчавання і новыя лагістычныя рашэнні па пастаўках беларускай прадукцыі за Урал у цэлым.

Актывізуецца цікавасць да супрацоўніцтва з боку Томскай вобласці і Краснаярскага краю, Рэспублікі Саха (Якуція), Хабараўскага края, Амурскай вобласці, рэгіёнаў Забайкалля. Дастаткова паглядзець на рэсурсны патэнцыял і фактычны ўзровень спажывецкіх выдаткаў гэтых рэгіёнаў, каб ацаніць перспектывы найбліжэйшых гадоў і каласальны патэнцыял развіцця адносін.

Відавочна, што беларуска-расійскае рэгіянальнае ўзаемадзеянне носіць шматпланавы і ўсёабдымны характар і паступальна развіваецца па ўсіх напрамках.

Усё гэта дасягаецца ў тым ліку дзякуючы прамым кантактам кіраўнікоў рэгіёнаў і Форумам рэгіёнаў, якія ладзяцца Саветам Рэспублікі і Саветам Федэрацыі.

— Сёння ва ўсім свеце тон задаюць транснацыянальныя карпарацыі, якія адкрываюць свае вытворчасці ў розных рэгіёнах свету. Ці могуць такія карпарацыі быць створаныя сумесна расійскімі і беларускімі вытворцамі? Што гэтаму перашкаджае?

— Відавочна, што сёння сусветная эканоміка, якая традыцыйна грунтавалася на перамяшчэнні таварных патокаў, паступова саступае месца эканоміцы, заснаванай на перамяшчэнні капіталаў. Увесь свет глабалізуецца і працуе над тым, каб аб'ядноўваць гандлёвы, прамысловы і інтэлектуальны капітал у адзіную сістэму. Пэўная работа вядзецца і ў нашай краіне, але ўяўляецца, што ў гэтым кірунку павінны быць задзейнічаны не толькі нацыянальныя вытворцы, якія аб'ядноўваюць навуку, вытворчасць, сэрвіс, але і замежныя кампаніі, паколькі ўсё ж галоўную ролю ў фарміраванні патокаў капіталу паміж краінамі і рэгіёнамі адыгрываюць транснацыянальныя карпарацыі.

З улікам нашых стратэгічных адносін з Расіяй, безумоўна, самы аптымальны варыянт — гэта прыцягненне да стварэння сумесных праектаў менавіта расійскіх кампаній. Паміж нашымі краінамі ўжо рэалізуюцца перспектыўныя праекты ў прамысловасці, у машынабудаванні, біятэхналогіях, энергетыцы, навуцы, якія ў будучыні змогуць трансфармавацца ў транснацыянальныя карпарацыі. Паскорыць гэты працэс заклікана работа, якая вядзецца ў сферы фарміравання адзінай прамысловай палітыкі. Валодаючы інтэлектам, прамысловым і сыравінным патэнцыялам, мы можам ствараць самадастатковыя транснацыянальныя карпарацыі па поўным тэхналагічным цыкле і сур'ёзна працаваць на сусветных рынках, сумесна ажыццяўляючы праекты. Вялізны патэнцыял для рэалізацыі сумесных праектаў мы бачым таксама ў электроннай і лёгкай прамысловасці, сельскай гаспадарцы.

— Якімі вы бачыце перспектывы Форуму рэгіёнаў? Ці магчыма далучэнне да гэтага праекта іншых краін, скажам, ЕАЭС?

— Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі сёння з'яўляецца паспяховым інтэграцыйным праектам і самым выніковым на постсавецкай прасторы. Задача на сучасным этапе развіцця нашага аб'яднання заключаецца ў напаўненні яго канкрэтным зместам. Я ўжо неаднаразова казаў, што добры рэзерв такога напаўнення — рэгіянальнае супрацоўніцтва. Вынікі трох беларуска-расійскіх форумаў наглядна гэта дэманструюць. Таму, безумоўна, пашырэнне міжрэгіянальных кантактаў, іх якасны змест могуць стаць лакаматывамі інтэграцыі і ў рамках ЕАЭС. Вынік прыцягнення да партнёрства рэгіёнаў Казахстана, Арменіі і Кыргызстана можа быць вельмі важкім, але толькі ў тым выпадку, калі гэта будзе наступствам вядзення ўзгодненай працы ўсіх дзяржаў — членаў ЕАЭС па гарманізацыі заканадаўства, забеспячэнні выканання планаў па ліквідацыі бар'ераў, стварэнні ўмоў для «чатырох свабод» (тавары, паслугі, капітал і рабочая сіла), стварэнні роўных умоў суб'ектам гаспадарання, развіцці вытворчай кааперацыі.

— Якія аспекты будуць абмяркоўвацца на наступным Форуме рэгіёнаў?

— Чацвёрты форум адбудзецца ў Расійскай Федэрацыі. Плануецца, што на ім будуць разгледжаны пытанні высокіх тэхналогій, інавацыйнага развіцця і інфармацыйнага грамадства.

Сёння надзейныя вытворчыя сувязі і інтэграцыя вытворчых магчымасцяў пры ўкараненні інавацыйных тэхналогій асабліва важныя. Ва ўмовах знешнепалітычнай нестабільнасці для прадпрыемстваў жыццёва важна знаходзіць альтэрнатыўныя варыянты высокатэхналагічнага імпартазамяшчэння і стабільнага супрацоўніцтва. Таму важна абмяркоўваць і прапрацоўваць магчымасці кансалтынгу ў трансферы інавацый ад распрацоўкі да іх укаранення ў вытворчасць пры ўдзеле прадстаўнікоў навукі, тэхнапаркаў рознай накіраванасці і кіраўнікоў, якія адказваюць за мадэрнізацыю розных галін эканомікі.

Вольга Мядзведзева

Все интервью