Старшыня
Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай
бяспецы Сяргей Рачкоў правёў 24 сакавіка 2021 г. прыём грамадзян, аб чым піша
газета “Звязда”.
Спектр узнятых
праблем быў самым разнастайным: ад непаразуменняў з былым працадаўцам да
нармалізацыі адносінаў нашай краіны са знешнім светам.
У прыватнасці,
жыхарка Лепеля Іна Аляксандраўна скардзілася Сяргею Рачкову на неадэкватныя, з
яе пункту гледжання, адносіны з боку яе былой працадаўцы, якая працуе ў сферы
турызму. Жанчыну не звязваюць працоўныя адносіны з турыстычнай арганізацыяй ужо
сем гадоў, але да гэтага часу ўзаемаразуменне па некаторых пытаннях бакі так і
не змаглі знайсці. Нават у судовым парадку.
Сяргей Рачкоў
параіў заяўніцы акрэсліць спіс пытанняў больш канкрэтна, а не агулам, як
агучыла жанчына:
— Чаго вы
дамагаецеся? Канчатковага разліку, выдачы працоўнай кніжкі ці пералічэння
ўнёскаў у фонд сацыяльнай занятасці насельніцтва? — спытаў ён і паабяцаў
заяўніцы ўважліва разабрацца па кожным з пастаўленых пытанняў. Дарэчы, да
вывучэння яе сітуацыі даручана далучыцца і праваахоўным органам.
Мінчанін Вадзім
Уладзіміравіч таксама прыйшоў са сваёй «працоўнай» праблемай — ён прасіў
сенатара пасадзейнічаць яму ў аднаўленні на службе ў органах унутраных спраў.
Жыхарку з Жодзіна Галіну Іванаўну цікавіла пытанне афармлення спадчыны. А вось
жыхар Баранавіч Сяргей Сяргеевіч і мінчанін Сяргей Мікалаевіч прышлі да
сенатара з пытаннем, звязаным з нармалізацыяй адносінаў Рэспублікі Беларусь са
знешнім светам і вывадам краіны з крызісу.
— Звычайна людзі
прыходзяць са скаргамі, але зараз больш актыўна звяртаюцца грамадзяне з
выказваннем сваёй грамадскай, палітычнай, грамадскай пазіцыяй, — адзначыў у
гутарцы з журналістамі Сяргей Рачкоў. — І тэлефонныя званкі, і асабістыя прыёмы
атрымалі распаўсюджанне і большую практыку, што сведчыць аб тым, што сёння
людзей хвалюе не толькі быт, але і захаванне нашай беларускай дзяржавы.
Ён падкрэсліў,
што большасць заяўнікаў, якія тэлефануюць у Савет Рэспублікі і выказваюць свае
меркаванні (гэта тычыцца і пісьмовых зваротаў), выступаюць за падтрымку
дзяржаўнага курса, развіццё нашай дзяржавы і стабільнасць.
— Тое, што
забяспечыць устойлівае, мірнае спакойнае жыццё, — акцэнтаваў увагу старшыня
профільнай камісіі.
Акрамя таго, ён
адзначае рост даверу насельніцтва да Савета Рэспублікі ў цэлым. Паводле слоў
сенатара, за два з паловай месяцы да членаў Прэзідыума Савета Рэспублікі
паступіла амаль 650 толькі пісьмовых зваротаў.
— Мы робім акцэнт
на дбайнасці і дакладнасці разгляду кожнага звароту, — падкрэсліў ён. - Для
гэтага па асобных сітуацыях запрашаем людзей сюды, у Савет Рэспублікі, гутарым,
удакладняем. Калі паступаюць звароты з рэгіёнаў, даручаем сенатарам, якія
працуюць там, сустрэцца з заяўнікамі і высветліць дадатковыя дэталі.
Акрамя таго, пры
разглядзе зваротаў стала больш актыўна выкарыстоўвацца практыка выездаў на
месцы. Не так даўно ў профільную камісію паступіў сігнал аб тым, што ў адным з
дамоў у Мінску быццам бы вырабляюцца наркатычныя сродкі. Разам з супрацоўнікамі
МУС члены Савета Рэспублікі выехалі па ўказаным адрасе і ўважліва разабраліся ў
сітуацыі, якая апісвалася ў звароце.
Трэба сказаць,
што ў перыяд эпідэміі каранавіруса асаблівую ўвагу сенатары надаюць зваротам
сталых людзей, паколькі гэта катэгорыя людзей адносіцца да групы падвышанай
рызыкі, і менавіта ёй імкнуцца дапамагчы перш за ўсё.
Як патлумачыў
Сяргей Рачкоў, у прыватнасці, у Салігорску дапамаглі Ірыне Уладзіміраўне з
атрыманнем матэрыяльнай дапамогі на аздараўленне, а Анатолю Іванавічу — з
пуцёўкай у санаторый «Бярозка».
— Ведаеце, ёсць і
нечаканыя звароты. У нашу камісію, напрыклад, паступіў зварот аднаго замежнага
інвестара, якому быў абмежаваны ўезд у Рэспубліку Беларусь. Па нашым
прадстаўленні кампетэнтныя органы разгледзелі гэтую сітуацыю і прыйшлі да
высновы, што абмежаванне можа быць знятае, — расказаў сенатар. — Мы рады бачыць
у нашай краіне замежных інвестараў, турыстаў, канешне, тых, хто выконвае
беларускія законы, і, безумоўна, зацікаўлены ў тым, каб развіваць інвестыцыйнае
і турыстычнае супрацоўніцтва.
Падсумоўваючы
праблематыку зваротаў, старшыя профільнай камісіі адзначыў, што яна вельмі
шырокая і разнастайная: гэта і жыллёва-камунальныя пытанні, і
добраўпарадкаванне, і іншыя — усё тое, што хвалюе людзей.
Паразважаў
сенатар і на тэму заканадаўчых змен.
— Зараз пачала
работу Канстытуцыйная камісія, канешне, неабходна карэктаваць Асноўны закон
краіны, але само жыццё стварае гэты закон і людзей больш за ўсё хвалюе не
палітыка, а канкрэтныя пытанні, звязаныя з іх якасцю жыцця, вырашэннем
злабадзённых, штодзённых праблем, — падкрэсліў Сяргей Рачкоў. — Таму калі мы
праводзім прыёмы грамадзян, звяртаем увагу на тое, каб зрабіць зрэз, які
дазваляе нам трымаць руку на пульсе і выкарыстоўваць атрыманую інфармацыю ў
законатворчай дзейнасці.
Все интервью