Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Совет РеспубликиНационального собрания Республики Беларусь

Каб нечага дасягнуць, трэба імкнуцца нешта зрабіць

Размова аб статусе сенатара і дэпутата базавага ўзроўню, рабоце з людзьмі і... «Палёце над гняздом зязюлі»

Усе гэтыя тэмы карэспандэнт «МС» абмеркаваў з членам Савета Рэспублікі, дырэктарам Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Ігарам ГЕДЗІЧАМ. Невыпадкова яны аказаліся ў цэнтры ўвагі падчас нашай сустрэчы: сенатар, які быў абраны падчас нядаўніх парламенцкіх выбараў, прадстаўляе інтарэсы жыхароў Воранаўскага, Іўеўскага і Ашмянскага раёнаў Гродзеншчыны і адначасова з'яўляецца дэпутатам Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў 28-га склікання. Пагадзіцеся, ужо назапашаны няхай і невялікі, але вопыт дзейнасці ў якасці народнага абранніка, таму гутарку мы вырашылі распачаць якраз з высвятлення розніцы паміж гэтымі пасадамі. Дарэчы, ніводная з іх не прадугледжвае, як кажуць, адрыву ад асноўнай работы суразмоўніка — служэння Мельпамене.

— У чым розніца статусаў? — на імгненне задумваецца ён. — Хіба што зварот у якасці члена Савета Рэспублікі (калі параўноўваць з дэпутацтвам гарсавета) прадугледжвае больш уважлівае стаўленне выканаўчых органаў да пытанняў, якія ўзнімаюцца. Гэта не значыць, што ўсе перад табой рассцілаюцца, спяшаюцца пабегчы і выканаць, але адчуваецца, што адносяцца больш уважліва і адказна.

Канешне, усё залежыць ад прафесіяналізму каманды на месцах, і тут можа спрацаваць банальны чалавечы фактар. Але гэта хутчэй выключэнне, чым практыка, кажа суразмоўнік, — звычайна дэманструюцца аператыўнасць і зладжанасць.

Ці неабходна складаць паўнамоцтвы дэпутата базавага ўзроўню пасля абрання ў якасці члена Савета Рэспублікі? Як высветлілася, зусім не.

— Адно другому не перашкаджае, проста даводзіцца сумяшчаць гэтую дзейнасць, — растлумачыў Ігар Гедзіч. З яго пункту гледжання пашыраецца геаграфія зваротаў і павялічваецца колькасць тых, хто патрабуе ўважлівага вывучэння свайго пытання.

З чым даводзіцца працаваць? Тэматыка большай часткі зваротаў бадай што не залежыць ад месца пражывання заяўніка — перыферыя гэта ці абласны цэнтр — і датычыцца работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі і зямельных праваадносін. Іншая справа, што статус сенатара прыцягвае больш людзей на прыём, бо, як яны лічаць (і гэта справядліва), іншы ўзровень паўнамоцтваў можа паспрыяць больш сур'ёзнаму разгляду тэмы, якая іх хвалюе.

Але ёсць і тыя, хто карыстаецца гэтай магчымасцю ў спадзяванні абысці літару закона, — маўляў, вы ж заканатворца, дапамажыце павярнуць пытанне на маю карысць.

— Зразумела жаданне чалавека вырашыць усё па-свойму, — разважае суразмоўнік. — І не так важна для яго, што гэта парушэнне закону, усё роўна стаіць на сваім: дапамажыце вырашыць, і ўсё! Тлумачыш, што ёсць заканадаўчае поле і мы дзейнічаем у яго межах.

У сувязі з гэтым Ігар Гедзіч згадаў зварот былога вайскоўца, які настойваў на павялічэнні пенсіі. Як высветлілася, мужчына пасля звальнення з войска некалькі гадоў нідзе не працаваў, таму пры налічэнні пенсіі па ўзросце яму не хапіла страхавога стажу. Здаецца, сам вінаваты, але заяўнік так не лічыць.

— Па гэтай тэме былі зроблены адпаведныя запыты міністру абароны і міністру працы і сацыяльнай абароны, каб падрыхтаваць абгрунтаваны адказ, а не адпіску, — тлумачыць сенатар. — Безумоўна, у выніку быў падрыхтаваны (можа, і не надта прыемны) адказ, сутнасць якога ў наступным: вам перш за ўсё трэба працаваць.

Не магла не пацікавіцца, ці ёсць розніца ў характары зваротаў на ўзроўні абласнога цэнтра і глыбінкі.

— Магчыма, у рэгіёнах жывуць больш простыя людзі, тэмп жыцця ў іх крыху іншы, запаволены, таму, імаверна, у рэгіёнах узнікаюць больш простыя пытанні, а ў горадзе — больш складаныя, якія патрабуюць комплекснага вырашэння, — выказвае меркаванне Ігар Гедзіч.

І ў якасці прыкладу згадвае заяўніцу з аддаленага раёна Гродзеншчыны, якая прыйшла на прыём, каб высветліць лёс сваяка ў Кітаі. Для гэтага было дастаткова патэлефанаваць у пасольства.

— Трэба было толькі знайсці выхады: паглядзець, пачытаць і знайсці адказ на свае пытанне. Але ў некаторых людзей няма такой магчымасці альбо жадання, таму яны ідуць да прадстаўнікоў улады: выканаўчай, заканадаўчай, прадстаўнічай — гэта зразумела, — тлумачыць суразмоўнік.

Згадваючы гэты выпадак, сенатар называе яго прыкладам аператыўнага вырашэння праблемы на ўзроўні «пытанне — адказ». Але 99 % пытанняў не такія павярхоўныя і адназначныя. Амаль кожнае патрабуе дадатковага вывучэння і дасканалага разбору.

Між тым, як паказвае вопыт, дапамогу трэба шукаць не толькі наверсе:

— Кожны чыноўнік, сенатар, дэпутат, з майго пункту гледжання, без выключэння добрасумленна выконвае свае абавязкі, і калі, напрыклад, патэлефанаваць дэпутату базавага ўзроўню, ён заўсёды дапаможа, ён абавязаны гэта зрабіць, — упэўнены Ігар Гедзіч. — У нас ёсць спектакль «Палёт над гняздом зязюлі», лейтматыў якога наступны: «Ты хоць паспрабуй нешта зрабіць». І тут трэба спрабаваць. Заўсёды.

На пытанне, як атрымліваецца сумяшчаць столькі абавязкаў, суразмоўнік здзіўляе адказам:

— Я пакуль працую без памочнікаў, таму што хачу паглядзець, якія людзі патрэбныя побач, хто рэальна можа дапамагчы ў рабоце, канкрэтным заяўнікам, якія будуць звяртацца з пытаннямі да члена Савета Рэспублікі. Хочацца разабрацца, таму пакуль адзін. Як у ваенных: ёсць задача, трэба ацаніць абставіны і толькі потым прыняць рашэнне. Так і тут.

Вольга АНУФРЫЕВА

Все интервью