Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Совет РеспубликиНационального собрания Республики Беларусь

Якім будзе дзяржбюджэт Беларусі ў 2018 годзе?

Ад кожнага зробленага намі кроку, прынятага рашэння залежыць (хай гэта і не адразу заўважна), як змяняецца наша жыццё — цяпер, праз пару гадоў ці дзесяцігоддзе. Так і ў выпадку з бюджэтам: ад таго, як ён будзе складзены і выкананы, залежыць вырашэнне задач па праграмах развіцця краіны на пяцігоддзе і далей. Пра асаблівасці законапраекта рэспубліканскага бюджэту на наступны год «МС» расказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзімір ПАНЦЮХОЎ.

Вырашэнне сацыяльных задач

«Пагадзіцеся, якасць і ўзровень жыцця насельніцтва краіны шмат у чым вызначаюцца той бюджэтнай палітыкай, якая ў ёй праводзіцца. Задача парламентарыяў разам з урадам праз бюджэтную палітыку падтрымліваць гарантаваны ўзровень жыццезабеспячэння насельніцтва і абавязкова дапамагаць сацыяльна неабароненым групам», — кажа Уладзімір Панцюхоў.

Ужо вядома, што праект рэспубліканскага бюджэту на 2018 год распрацаваны з кансерватыўнага сцэнарыя прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Даходы бюджэту на наступны год вызначаны ў суме 20,5 млрд рублёў (або з ростам да чаканага выканання ў адносінах да 2017-га на 7,8%), выдаткі — у суме 19,8 млрд рублёў або 107,0% да мінулага года. Паводле слоў парламентарыя, даходная частка бюджэту сфарміравана зыходзячы з дзеючых падаткаў. Падатковая нагрузка прагназуецца ў памеры не больш за 25,5% да ВУП і не перавысіць узровень, прадугледжаны ў праграмных дакументах.

«Асноўныя пазітыўныя моманты, якія варта адзначыць у праекце бюджэту на 2018 год, звязаныя пераважна з вырашэннем сацыяльных задач. Сацыяльная накіраванасць праяўляецца не толькі праз прамое фінансаванне сацыяльнай сферы (медыцыны, адукацыі, культуры, спорту), але і праз падтрымку сельскай гаспадаркі, транспартнай галіны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Канчатковай мэтай яе з'яўляецца зніжэнне коштаў на паслугі гэтых галін для насельніцтва, — тлумачыць сенатар. — У той жа час праект бюджэту на 2018-ы складана назваць бюджэтам развіцця ў поўным сэнсе, паколькі сацыяльныя выдаткі яўна пераважаюць. Таму асноўны фінансавы план краіны, па сутнасці, кансервуе бягучы стан эканомікі».

Адна з перашкод — забюракратызаванасць

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі, у краіне ёсць прыярытэтныя — спецыфічныя або «прарыўныя» — напрамкі, такія як унутраныя і знешнія інвестыцыі, лічбавыя тэхналогіі, АПК і перапрацоўчая прамысловасць, дзяржаўна-прыватнае партнёрства, якія могуць і павінны быць узятыя пад сенатарскую апеку. «Напрыклад, што датычыцца аграпрамысловага комплексу, то ключавая роля ва ўмацаванні фінансавага стану арганізацый АПК павінна належаць Агенцтву па кіраванні актывамі», — упэўнены Уладзімір Панцюхоў. У першую чаргу гэта датычыцца работы Агенцтва ў рамках дасудовага аздараўлення крэдытаатрымальнікаў, забеспячэння адтэрміноўкі ці растэрміноўкі на пагашэнне асноўнага доўгу па крэдытах і іх абслугоўванне.

«Альбо навука. Яна таксама патрабуе фінансаў і не толькі таму, што зараз у нас Год навукі, і не таму, што праходзіць ІІ З'езд вучоных, які павінен стаць «плацдармам» для карэкціроўкі навуковай палітыкі ў краіне. У абгрунтаванні да праекта бюджэту ўрад паказвае, што дадатковай крыніцай фінансавання навуковай сферы будуць выступаць сродкі цэнтралізаванага і мясцовых інавацыйных фондаў. Аднак сёння працэнт асваення гэтых сродкаў нязначны. Лічбы кажуць самі за сябе», — падкрэслівае парламентарый.

На 1 снежня 2017 года выкананне гадавога плана па мясцовых інавацыйных фондах склала 24,1%, а рэспубліканскага цэнтралізаванага фонду — 42,6%.

«Такая сітуацыя з вельмі невысокім узроўнем засваення сродкаў інавацыйных фондаў, што паўтараецца з году ў год, шмат у чым абумоўлена недасканаласцю існуючага алгарытму фарміравання і фінансавання інавацыйных праектаў. Працягласць працэдур узгаднення і розных экспертыз праектаў прыводзіць да таго, што іх рэалізацыя пачынаецца часта толькі ў ІІІ квартале года. Пры гэтым залішнія патрабаванні да праектаў, забюракратызаванасць працэсаў з боку Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях з'яўляюцца бар'ерамі для навукова-даследчых арганізацый, якія ў выніку адмаўляюцца ад удзелу ў праектах», — кажа сенатар. Можа быць, таму ў нас назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да зніжэння колькасці выдадзеных патэнтаў на вынаходкі — з 1474 у 2011-м да 941 у 2016-м.

Моцныя дапамогуць слабым

Што датычыцца рэгіёнаў, то тут пазіцыя Уладзіміра Панцюхова непахісная: «Моцныя рэгіёны — моцная краіна, моцныя рэгіёны дапамогуць тым, хто слабейшы». Ён лічыць, што ў праекце бюджэту варта ўзмацніць механізмы стымулявання апераджальнага развіцця рэгіёнаў-донараў і падтрымкі рэгіёнаў-рэцыпіентаў. Падыходы па фарміраванні мясцовых бюджэтаў павінны забяспечваць збліжэнне фінансавых магчымасцяў мясцовых бюджэтаў і ствараць стымулы для развіцця рэгіёнаў.

Сёння за мясцовымі бюджэтамі ў поўным аб'ёме замацаваны такія эфектыўныя крыніцы даходаў, як падаходны падатак, падатак на ўласнасць, падатак на прыбытак, што выплачваецца прыватным бізнесам і камунальнымі прадпрыемствамі. Ім адлічваецца каля чвэрці рэспубліканскага падатку на дабаўленую вартасць. Але гэтага мала.

У кіраўнікоў мясцовых органаў улады павінны быць гарантыі, што рост даходаў мясцовых бюджэтаў не абумовіць скарачэнне датацый з рэспубліканскага бюджэту. Кожны дадаткова зароблены рубель павінен застацца ў мясцовым бюджэце.

«Пры фарміраванні бюджэту на 2018 год правы і свабоды мясцовых органаў улады ў распараджэнні сродкамі мясцовых бюджэтаў пашыраны. У прыватнасці, датацыі бюджэтам абласцей разлічаны без уліку дадатковых даходаў ад павышэння мясцовымі Саветамі дэпутатаў ставак падаткаў на ўласнасць і прыросту паступленняў падатку на прыбытак звыш зацверджанага на 2017 год памеру. Гэта дае мясцовым Саветам дэпутатаў магчымасць як зніжэння падатковай нагрузкі для арганізацый і грамадзян, так і нарошчвання даходаў бюджэту. Названыя падыходы патрабуюць далейшага развіцця. Нарошчванне ўласнай даходнай базы мясцовых бюджэтаў і развіццё падатковай аўтаноміі павінны стаць ключавымі прынцыпамі бюджэтнай палітыкі», — адзначае старшыня Пастаяннай камісіі.

Лічбы выклікаюць асцярогу

— Непакояць лічбы, звязаныя з прамымі замежнымі інвестыцыямі. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім звароце да беларускага народа і Нацыянальнага сходу ў красавіку 2017 года назваў прыцягненне інвестыцый разам з нарошчваннем экспарту жыццёвай неабходнасцю. Таму час шукаць і знаходзіць інвестыцыі. Аднак статыстыка такая. З 2011 года доля інвестыцый у асноўны капітал і аб'ём прамых замежных інвестыцый у беларускую эканоміку скараціліся ў 1,6 раза. Актуальным пытаннем застаецца і якаснае змяненне структуры інвестыцый у асноўны капітал. Калі ў 2011 годзе доля машын і абсталявання ў тэхналагічнай структуры інвестыцый складала 45,3%, то ў 2016 годзе — 35,7% (першае паўгоддзе 2017-га — 36,7%), што абумоўлівае зніжэнне аддачы ад інвестыцый.

Шмат гаворыцца прыгожых слоў пра прывабныя ўмовы для інвестара, створаныя ў нашай краіне. І тут можна працытаваць кіраўніка дзяржавы: «Калі ўсе ўмовы створаны, то чаму аб'ёмы інвестыцый скарачаюцца? Дзе мы недапрацоўваем?» Чаму інвестыцыйны клімат у нас, на жаль, рэальна горшы, чым сітуацыя ў эканоміцы?

Разуменне неабходнасці і важнасці інвестыцый, у тым ліку замежных, у рэальны сектар эканомікі ў дзяржаўных органаў сфарміраванае. Аднак сёння інвестыцыйны працэс мае ў большай ступені пасіўны характар. Перакананы, што такі падыход да працы з патэнцыяльнымі інвестарамі ў далейшым недапушчальны і наносіць шкоду інтарэсам дзяржавы.

Але я з аптымізмам гляджу ў будучыню. І веру, што распрацаваныя прагнозныя дакументы, уключаючы меры бюджэтнай палітыкі, дазволяць у 2018 годзе даць жыхарам Беларусі неабходныя пасылы для ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Вераніка ПУСТАВІТ

Все интервью