Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Совет РеспубликиНационального собрания Республики Беларусь

Якiя меры рэалiзуюцца сёння па стабiлiзацыi эканамiчнай сiтуацыi ў краiне

І якiя гэта прыносiць вынiкi.

Пра тое, якiя меры рэалiзуюцца сёння па стабiлiзацыi эканамiчнай сiтуацыi ў краiне i якiя гэта прыносiць вынiкi, «МС» распытала старшыню Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па эканомiцы, бюджэце i фiнансах Таццяну РУНЕЦ.

— Мы даручылi кожнаму сенатару вывучыць сiтуацыю ў рэгiёне, i я была прыемна ўражана, калi на пасяджэннi нашай профiльнай камiсii, якое прайшло ў фармаце вiдэаканферэнцыi, яны паведамiлi, якую вялiкую ўвагу ўдзялiлi гэтай тэме ў кожным рэгiёне, — падкрэслiла сенатар.

Трэба сказаць, што льготамi i прэферэнцыямi ў першую чаргу можна скарыстацца згодна з Указам Прэзiдэнта № 143 «Аб падтрымцы эканомiкi», i гаворка iдзе пра дзевяць галiн дзейнасцi, якiя пацярпелi ад наступстваў пандэмii.

— Кожны рэгiён скарыстаўся гэтым указам, — адзначыла суразмоўнiца. — Канешне, на ўзроўнi вобласцi сума i колькасць атрымалiся большыя, на ўзроўнi раённага цэнтра — меншыя.

Як паведамiла Таццяна Рунец, у аблвыканкамы i Мiнскi гарвыканкам было пададзена 2929 зваротаў (напэўна, на гэты час колькасць ужо вырасла. — «МС») аб дачы адпаведных iльгот i прэферэнцый згодна з артыкулам 2 гэтага ўказа. Па вынiках iх разгляду былi прыняты станоўчыя рашэннi па 180 зваротах, агульная сума дадзеных iльгот i прэферэнцый склала 9 мiльёнаў рублёў.

Акрамя таго, згодна з артыкулам 6 дакумента было накiравана 2850 зваротаў на прадстаўленне адтэрмiновак па аплаце арэнднай платы за карыстанне нерухомай маёмасцю.

Мясцовымi Саветамi дэпутатаў — у прыватнасцi, абласнога ўзроўню — прымалiся рашэннi па змяншэннi ў два разы ставак адзiнага падатку для iндывiдуальных прадпрымальнiкаў i iншых фiзiчных асоб у II i III кварталах бягучага года. Выключэнне ў гэтым спiсе — толькi Гомельскi абласны i Мiнскi гарадскi Саветы дэпутатаў. Мiж iншым, меры, якiя былi прынятыя ў сталiцы ў сувязi з наступствамi пандэмii, разгледзелi на мiнулай сесii. Больш падрабязна пра гэта ў матэрыяле «Падыход — iндывiдуальны».

Як справядлiва ўпэўнена Таццяна Рунец, разглядаць меры, якiя дзяржава прымае па падтрымцы эканомiкi, трэба ў комплексе прынятых нарматыўных актаў, i гэта не толькi згаданы 143-i ўказ. Гаворка iдзе пра шэсць (!) дакументаў такога кшталту.

Так, напрыклад, Указ Прэзiдэнта № 141 «Аб выплаце часткi прыбытку» дае гаспадарчым таварыствам растэрмiноўку па пералiчэннi дывiдэндаў у бюджэт па вынiках работы за 2019 год.

— Дывiдэнды трэба пералiчыць да снежня, а не так, як было раней, — адразу па вынiках квартала, — тлумачыць суразмоўнiца. — Гэта дае магчымасць захаваць грашовыя сродкi ў распараджэннi арганiзацый, забяспечыць iх фiнансавую ўстойлiвасць.

З яе пункту гледжання гэта таксама з'яўляецца мерай па падтрымцы эканомiкi. Дарэчы, скарыстацца магчымасцямi ўказа № 141 могуць усе гаспадарчыя таварыствы.

Далей можна весцi гаворку пра рэалiзацыю Указа Прэзiдэнта № 159 «Аб пераразлiку кошту актываў i абавязацельстваў».

— Указ датычыцца курсавых рознiц i амартызацыi. Канешне, многiя прадпрыемствы кажуць, што ўказ, па сутнасцi, адклаў час аплаты курсавых рознiц. Але, тым не менш, у цяперашнi час ён таксама дапамог, — упэўнена Таццяна Рунец.

Указ Прэзiдэнта № 172 «Аб працягу тэрмiну дзеяння дакументаў» таксама апасродкавана можна аднесцi да мер падтрымкi.

Нарэшце, Указ № 178 «Аб часовых мерах па дзяржаўнай падтрымцы наймальнiкаў i асобных катэгорый грамадзян» датычыцца субсiдый за кошт сродкаў фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва для ажыццяўлення даплат работнiкам, якiя не працуюць у перыяд з 1 да 31 лiпеня цi працуюць па iнiцыятыве наймальнiка ў рэжыме няпоўнай занятасцi, да велiчынi мiнiмальнага заробку. Цi ж гэта не падтрымка?!

Трэба сказаць, што кансультацыi па пытаннях прымянення гэтага ўказа атрымалi больш за 420 наймальнiкаў, 44 арганiзацыi ўжо падалi заявы на атрыманне гэтай падтрымкi ад дзяржавы. Па 14 з iх выканкамы прынялi рашэннi: дзевяцi ў найблiжэйшы час пералiчаць запрошаныя сумы, каб арганiзацыi аператыўна забяспечылi выплату даплат сваiм работнiкам. Пяцi арганiзацыям адмоўлена ў субсiдыях па аб'ектыўных прычынах.

Акрамя таго, згодна з артыкулам 2 гэтага дакумента больш за пяць тысяч грамадзян ужо атрымалi дадатковую матэрыяльную падтрымку праз дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу.

I завяршае спiс нарматыўных дакументаў, накiраваных на абарону эканомiкi ад наступстваў пандэмii, Указ Прэзiдэнта № 179 «Аб аплаце працы».

— Гэта даплаты работнiкам бюджэтных арганiзацый, у якiх быў страчаны прыбытак ад пазабюджэтнай дзейнасцi. Гэта таксама падтрымка, — тлумачыць старшыня профiльнай камiсii Савета Рэспублiкi.

На думку суразмоўнiцы, падвесцi прамежкавы вынiк цяпер можна па рэалiзацыi ўказа № 143, астатнiя носяць больш доўгатэрмiновы характар.

Даведка «МС»

Кожны негатыўны факт, звязаны з нясвоечасовай выплатай заробку, знаходзiцца на кантролi Дэпартамента дзяржаўнай iнспекцыi працы. За пяць месяцаў прыцягнута да адмiнiстрацыйнай адказнасцi ў выглядзе штрафаў 838 арганiзацый i 800 службовых асоб.

Вольга АНУФРЫЕВА

Все интервью