Выязное пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання, якое прайшло ў Гродзенскай вобласці, вызначыла першачарговыя задачы ў рабоце мясцовых Саветаў на найбліжэйшую перспектыву. Аб павышэнні адказнасці дэпутацкага корпуса ў рэгіёнах і шляхах вырашэння набалелых праблем інтэрв'ю старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандра Папкова.
— Аляксандр Андрэевіч, аналізуючы вынікі нядаўняга выязнога пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання ў Гродзенскай вобласці, што вы адзначылі б у першую чаргу?
— Галоўны прыярытэт у фарміраванні эфектыўнай рэгіянальнай палітыкі — чалавек з яго праблемамі і патрэбамі. Гэты пастулат быў узяты за аснову пры падрыхтоўцы пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі, якое адбылося ў Гродзенскай вобласці. У рамках выканання пратакола даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі Савет Рэспублікі ў тры этапы праводзіць пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання, прысвечаныя павышэнню ролі мясцовых органаў улады ў фарміраванні эфектыўнай эканомікі на рэгіянальным узроўні і паляпшэнні жыццезабеспячэння насельніцтва.
Першае пасяджэнне адбылося ў Слаўгарадзе ў канцы красавіка. Разам з актывам Магілёўскай і Гомельскай абласцей мы абмеркавалі тэму павышэння ролі органаў мясцовага самакіравання ў вырашэнні пытанняў устойлівага развіцця рэгіёнаў.
У Ашмяны і Астравец мы запрасілі кіраўнікоў Саветаў дэпутатаў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей і зрабілі акцэнт на праблемах павышэння эфектыўнасці работы прадпрыемстваў і прыцягнення інвестыцый у эканоміку мясцовых бюджэтаў. Наступнае пасяджэнне ў найбліжэйшы час плануем правесці ў Барысаве, каб працягнуць размову па пытаннях фарміравання рэгіянальнай палітыкі са старшынямі раённых Саветаў дэпутатаў ужо Мінскай і Віцебскай абласцей.
Гаварыць сумленна і адкрыта пра набалелыя праблемы — першапачаткова зададзеная танальнасць удзельнікаў усіх пасяджэнняў Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання. У цэлым у краіне, нягледзячы на дасягнутыя поспехі апошніх гадоў, — нізкі ўзровень інфляцыі, адноўленыя аб'ёмы экспарту, паляпшэнне структуры плацежнага балансу, — застаецца нявырашаным шэраг сацыяльна-эканамічных праблем.
Па выніках студзеня — мая 2018 года ва ўсіх рэгіёнах Беларусі дасягнута станоўчая дынаміка па валавым рэгіянальным прадукце. Разам з тым гэты паказчык у разліку на душу насельніцтва значна адстае ў параўнанні з іншымі развітымі краінамі. Пачынаючы з мінулага года назіраецца тэндэнцыя росту сярэдняй заработнай платы. У той жа час яе рост не збалансаваны з ростам прадукцыйнасці працы. Па выніках І квартала 2018 года па ўзроўні сярэдняй заработнай платы Брэсцкая вобласць займае чацвёртае месца сярод рэгіёнаў рэспублікі, Гродзенская вобласць — пятае. Нямала праблем у рабоце прамысловасці і сельскай гаспадаркі, ёсць нявырашаныя пытанні ў будаўніцтве жылля, напружанай застаецца сітуацыя на рынку працы.
Але важна не толькі вызначыць і паставіць праблемныя пытанні. Трэба знайсці шляхі іх вырашэння. Падчас падрыхтоўкі пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні ў Гродзенскай вобласці ставілася мэта на прыкладзе абмеркавання болевых пунктаў рэгіёна настроіць усіх прадстаўнікоў мясцовых органаў улады на прамую канструктыўную размову аб прычынах існуючых праблем і вызначыць шляхі іх вырашэння. Кожны кіраўнік павінен дакладна ўяўляць слабыя і моцныя месцы эканомікі свайго прадпрыемства, раёна або вобласці і на падставе аналізу вызначаць дакладную стратэгію далейшага развіцця.
— Паспяховае развіццё рэгіёнаў вызначаецца і ўзроўнем даходаў мясцовых бюджэтаў. Але як сёння развіваць эканоміку, калі большасць раёнаў датацыйныя?
— Гэту праблему мы ўсебакова абмеркавалі на нарадзе ў Ашмянах і Астраўцы. У той жа Гродзенскай вобласці з 17 раёнаў толькі Гродзенскі з'яўляецца бездатацыйным. У Воранаўскім, Зэльвенскім, Карэліцкім, Мастоўскім, Свіслацкім раёнах датацыі складаюць звыш 50 % да агульнага аб'ёму даходаў. З улікам рэгіянальных асаблівасцяў мясцовыя органы ўлады павінны дакладна вызначыць тыя кірункі, тыя перспектыўныя вытворчасці, якія дазволяць атрымаць дабаўленую вартасць і вывесці праблемныя раёны з залежнасці ад рэспубліканскіх датацый.
Там жа, у Ашмянах, мы азнаёміліся з шэрагам паспяховых прадпрыемстваў раёна, якія выпускаюць запатрабаваную і канкурэнтаздольную прадукцыю, атрымліваюць прыбытак і нядрэнна развіваюцца. Значыць, ёсць магчымасці і можна знайсці нявыкарыстаныя нішы на рынку, калі падыходзіць да вырашэння праблем з веданнем справы. На жаль, у некаторых сучасных кіраўнікоў няма маштабнага бачання перспектыў, адсутнічае рынкавае мысленне, а ёсць некаторая зацыкленасць на вырашэнні дробных бягучых задач. Такая пазіцыя не прыносіць поспеху і не дазваляе рухацца наперад.
Рашэннем Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання мясцовым Саветам дэпутатаў і выканаўчым камітэтам рэкамендавана ў мэтах фарміравання эфектыўнай рэгіянальнай палітыкі па кожным раёне вызначыць пункты эканамічнага росту, канкурэнтныя перавагі кожнага раёна і выпрацаваць адпаведныя напрамкі развіцця, уключаючы эканоміку і фінансы, геаграфічнае становішча, прамысловую і сацыяльную інфраструктуру, стан аграпрамысловага комплексу.
Напрыклад, у Гродзенскай вобласці ў большай ступені павінны быць выкарыстаны магчымасці яе геаграфічнага размяшчэння: шэраг раёнаў мяжуе з краінамі Еўрасаюза. Сярод канкурэнтных пераваг гэтага рэгіёна — развітая камунікацыйная інфраструктура, высокі ўзровень урадлівасці сельскагаспадарчых зямель, наяўнасць значных радовішчаў карысных выкапняў для прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. З улікам гэтых пераваг у вобласці цэнтрамі эканамічнага росту вызначаны восем адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак.
— Аляксандр Андрэевіч, зыходзячы са сказанага вамі, мясцовыя органы ўлады цяпер павінны неяк перабудаваць сваю працу?
— Ім неабходна заняць актыўную пазіцыю і ўзяць адказнасць за развіццё сваёй вобласці, раёна, горада ці пасёлка. Прэзідэнтам пастаўлена няпростая задача: у найбліжэйшыя сем гадоў выйсці на ўзровень ВУП у 100 мільярдаў долараў, тым самым павысіць узровень жыцця насельніцтва ў краіне. І пачынаць гэту працу трэба з асобна ўзятага раёна і вобласці. Пакуль кожны кіраўнік — ад старшыні сельгаспрадпрыемства, сельскага Савета да кіраўніка абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў — не зразумее для сябе, што гэта яго адказнасць і яго задача, дамагчыся запланаванага выніку будзе складана.
Мясцовым Саветам дэпутатаў трэба больш эфектыўна выкарыстоўваць нададзеныя заканадаўствам паўнамоцтвы па вырашэнні пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў.
Пры неабходнасці ўносіць адпаведныя карэкціроўкі падчас абмеркавання праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця сваёй адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, а таксама актыўна ўцягваць у работу па ажыццяўленні кантролю за выкананнем усіх прынятых праграм дэпутацкі корпус.
У краіне сфарміравана дастатковая заканадаўчая база. Патрэбна дакладнае яе выкананне. У рэгіёнах неабходна зараз працаваць над стварэннем сучасных і запатрабаваных на рынку вытворчасцяў, якія будуць фарміраваць дабаўленую вартасць і спрыяць сацыяльна-эканамічнаму развіццю сваёй тэрыторыі.
Рашэннем Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання ў Гродзенскай вобласці прапанавана свайму актыву ўключыцца ў работу па стварэнні інавацыйных вытворчасцяў, якія выкарыстоўваюць рэсурса- і энергазберагальныя тэхналогіі. На базе іх неабходна арганізаваць выпуск прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю, арыентаванай на экспарт. Стварэнне новых рабочых месцаў дазволіць стымуляваць занятасць мясцовага насельніцтва, спыніць працоўную міграцыю і ў цэлым павысіць дабрабыт людзей.
— Да пытання аб занятасці. На пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання вялікая ўвага была ўдзелена рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1. Якая роля ў гэтай рабоце адводзіцца мясцовым Саветам дэпутатаў?
— Саветам дэпутатаў трэба будзе арганізаваць дзейнасць пастаянна дзеючых камісій па садзейнічанні занятасці насельніцтва. У гэту работу павінен актыўна ўключыцца і дэпутацкі корпус сельскіх, гарадскіх і раённых узроўняў. Неабходна прыцягнуць да гэтай тэматыкі сродкі масавай інфармацыі ў мэтах інфармавання насельніцтва і тлумачэння сацыяльна-працоўных гарантый, якія даюцца дзяржавай.
Хто, як не дэпутат, павінен ведаць усе праблемы сваіх выбаршчыкаў? Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання ў выніковым рашэнні выязнога пасяджэння рэкамендуе ўвесці ў практыку кожнага дэпутата падрыхтоўку пісьмовага заключэння аб магчымасці поўнага або частковага вызвалення працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, або членаў іх сем'яў ад аплаты паслуг з пакрыццём выдаткаў у сувязі са знаходжаннем у цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Галоўная задача сёння і мясцовых органаў улады, і пастаянна дзеючых камісій па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва — прапанаваць рабочае месца ўсім працаздольным грамадзянам з улікам іх кваліфікацыі і такім чынам забяспечыць ім годны ўзровень жыцця. Гэта можна зрабіць шляхам стварэння высокапрадукцыйных вытворчасцяў, пра якія казаў вышэй.
Зараз мы вядзём вялікую работу па вывучэнні сітуацыі на месцах. Удзельнікам пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання і ўсім зацікаўленым рэкамендавана да 15 жніўня 2018 года накіраваць у Савет Рэспублікі ўсе прапановы з месцаў па ўдасканаленні рэгіянальнай палітыкі, уключаючы пытанні эканомікі і фінансаў, карэкціроўкі заканадаўства, паляпшэння адміністрацыйна-тэрытарыяльнай будовы з улікам перспектыў развіцця рэгіёнаў, дынамікі колькасці насельніцтва, канцэнтрацыі вытворчых сіл і г. д. — для выпрацоўкі адпаведных прапаноў па пытаннях павышэння эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў.
У Год малой радзімы мы павінны запусціць механізм устойлівага развіцця тэрыторый. Для гэтага неабходна ў першую чаргу павысіць эфектыўнасць работы эканомікі шляхам прыцягнення інвестыцый у прамысловасць і сельскую гаспадарку, забяспечыць занятасць насельніцтва і тым самым стварыць умовы для высокага ўзроўню жыцця людзей. Ад таго, як яны будуць рэалізаваны ў асобна ўзятым пасёлку, раёне, вобласці, залежыць паспяховае развіццё ўсёй краіны ў цэлым.
Наталля БІТЭЛЬ
Все интервью