Чым меншая па памеры сістэма, тым прасцей ёй спалучыцца з іншай. Менавіта таму развіваць супрацоўніцтва цэлай краіне з іншай краінай куды больш складана, чым зрабіць тое ж самае на лакальным узроўні. Аснова любога міжкраінавага супрацоўніцтва закладваецца на ўзроўні больш дробным і канкрэтным — рэгіянальным. У гэтым плане Беларусі і Расіі ўжо ёсць на што абаперціся: сумесная работа гарадоў-пабрацімаў, пагадненні аб супрацоўніцтве, падпісаныя паміж беларускімі гарадамі і абласцямі з аднаго боку і суб'ектамі Расійскай Федэрацыі з другога. А яшчэ — Форум рэгіёнаў, які ў гэтым годзе адбудзецца чацвёрты раз. Пра тое, якім чынам наша краіна рыхтуецца да гэтага мерапрыемства, «МС» запытала ў Мар'яны Шчоткінай, намесніка старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
— Якую ролю Форум рэгіёнаў адыгрывае ў двухбаковых адносінах Беларусі і Расіі? Развіццю якіх сфер ён спрыяе?
— Час паказаў, што такога плана мерапрыемствы — гэта эфектыўная пляцоўка ўзаемадзеяння, якая спрыяе развіццю інтэграцыйнага супрацоўніцтва, умацаванню адносін паміж рэгіёнамі нашых краін. Разгляд пад эгідай парламентарыяў дзвюх краін практычных пытанняў міждзяржаўнага супрацоўніцтва з удзелам рэгіёнаў і суб'ектаў гаспадарання дазваляе ажыццяўляць свайго роду незалежны маніторынг развіцця Саюзнай дзяржавы, выяўляць праблемы і выпрацоўваць кансалідаваныя рашэнні. Гэта асабліва важна ў сучасных зменлівых умовах функцыянавання эканомік Беларусі і Расіі.
Удзел у Форуме кіраўнікоў нашых дзяржаў падкрэслівае высокі ўзровень мерапрыемства, дазваляе абмяркоўваць шырокае кола пытанняў і прымаць па іх аператыўныя рашэнні. На першым Форуме рэгіёнаў абмяркоўваліся пытанні развіцця сельскай гаспадаркі, на другім у Сочы разглядаліся пытанні прамысловай палітыкі. Трэці Форум быў прысвечаны сацыяльнай палітыцы Саюзнай дзяржавы і пытанням гуманітарнага супрацоўніцтва. Тэма чацвёртага Форуму, які плануецца правесці 29—30 чэрвеня ў Маскве, — «Вектары інтэграцыйнага развіцця рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў сферы высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнага грамадства».
Нягледзячы на розныя тэмы форумаў, у цэнтры ўвагі заўсёды застаецца работа па збліжэнні заканадаўстваў нашых дзяржаў. Гэта робіцца з мэтай стварэння роўных умоў для грамадзян Беларусі і Расіі, незалежна ад таго, на тэрыторыі якой дзяржавы яны знаходзяцца, а таксама для развіцця эканамічнага супрацоўніцтва, якое з'яўляецца важным складнікам двухбаковага ўзаемадзеяння і ўмацоўвае падмурак партнёрскіх адносін. Удзельнікі форуму — кіраўнікі рэгіёнаў, ведамстваў, прадпрыемстваў — маюць магчымасць не толькі абмеркаваць пытанні, якія адпавядаюць тэматыцы, але і рэалізаваць канкрэтныя камерцыйныя ініцыятывы, сумесныя праекты, падпісаць пагадненні і кантракты на пастаўку прадукцыі.
— Чаму важна развіваць узаемадзеянне паміж нашымі краінамі менавіта на рэгіянальным узроўні? Наколькі рэгіёны Расіі прыярытэтныя ў эканамічным плане для нас?
— Расія традыцыйна з'яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі і найбуйнейшым экспартным рынкам для беларускіх тавараў. Сёння прамыя гандлёва-эканамічныя адносіны Рэспубліка Беларусь падтрымлівае з 80 рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, у тым ліку больш чым з 60 рэгіёнамі на падставе заключаных пагадненняў аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве. Супрацоўніцтва рэгіёнаў — адзін з найважнейшых складнікаў беларуска-расійскага інтэграцыйнага ўзаемадзеяння, які адкрывае шырокія магчымасці для рэалізацыі ўзгодненай сацыяльна-эканамічнай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве.
Разгляд практычных пытанняў супрацоўніцтва з прыцягненнем рэгіёнаў і суб'ектаў гаспадарання дазваляе выяўляць праблемы, якія ўзнікаюць пры рэалізацыі рашэнняў, што прымаюцца ў інтэграцыйных аб'яднаннях, і працаваць над збліжэннем пазіцый у пошуку шляхоў вырашэння. Пры гэтым прамыя кантакты на ўзроўні кіраўнікоў рэгіёнаў дазваляюць найбольш эфектыўна задзейнічаць увесь напрацаваны патэнцыял гандлёва-эканамічных, навукова-тэхнічных і культурных сувязяў і дасягаць канкрэтных вынікаў.
Варта адзначыць, што калі па выніках першага Форуму падпісана 4 пагадненні аб супрацоўніцтве, то па выніках трэцяга — ужо 39 сумесных дакументаў. Гэта сведчыць аб зацікаўленасці нашых рэгіёнаў у сумеснай працы, ва ўмацаванні ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва. Для падпісання ў рамках чацвёртага Форуму рэгіёнаў прапрацоўваецца каля 60 пагадненняў рознага ўзроўню з рэгіёнамі Расіі.
— Якія беларускія прадпрыемствы возьмуць удзел у Форуме? Мяркуючы па мінулых трох гадах, наколькі эфектыўным для іх аказалася прадстаўляць сваю прадукцыю расійскім калегам?
— На другім Форуме рэгіёнаў беларускімі і расійскімі суб'ектамі гаспадарання былі падпісаныя кантракты больш чым на $230 млн. Вынік трэцяга Форуму — кантракты на суму большую за $300 млн.
Для ўдзелу ў чацвёртым Форуме рэгіёнаў запрошана шырокае кола арганізацый, бо ў яго рамках пройдуць мерапрыемствы рознага фармату. Так, для ўдзелу ў выстаўцы запрошаны арганізацыі, якія найбольш поўна адпавядаюць тэматыцы Форуму, плануецца, што яны прадставяць інавацыйныя высокатэхналагічныя прадукты і тэхналогіі, сумесныя беларуска-расійскія распрацоўкі. Канчатковы пералік экспанентаў і экспанатаў будзе сфарміраваны ўжо ў найбліжэйшы час. У выстаўцы возмуць удзел больш за 60 арганізацый, якія прадэманструюць сапраўды новыя і цікавыя праекты.
Традыцыйна ў рамках Форуму праводзіцца кірмаш-продаж беларускіх тавараў. Ён адбудзецца і ў гэтым годзе ў Маскве. Пералік арганізацый-удзельнікаў ужо ўключае каля 70 назваў. На кірмашы будуць прадстаўлены ўсе вобласці нашай краіны і горад Мінск. Масквічам і гасцям расійскай сталіцы прапануюць беларускія прадукты і спажывецкія тавары, якія карыстаюцца асаблівай папулярнасцю.
Таксама ў рамках Форуму адбудзецца падпісанне цэлага шэрагу камерцыйных кантрактаў на пастаўку прадукцыі ў розных галінах. Мы разлічваем, што вынікі будуць не горшыя, чым у мінулым годзе.
— Лейтматыў Форуму рэгіёнаў у гэтым годзе — інавацыі. Якім чынам гэта будзе адлюстравана ў праграме мерапрыемства, якіх практычных вынікаў у гэтай сферы мы можам чакаць?
— Чацвёрты Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі закліканы надаць новы імпульс партнёрству дзвюх краін у сферы інавацый, высокіх тэхналогій і інфармацыйнага грамадства, спрыяць працягу работы па нарошчванні рэгіянальнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Зыходзячы з гэтага сфарміравана і праграма мерапрыемстваў Форуму. Адбудуцца пасяджэнні шасці секцый, на якіх удзельнікі абмяркуюць розныя аспекты супрацоўніцтва ў названай сферы. Гэта і пытанні стымулявання развіцця канкурэнтаздольных высокатэхналагічных вытворчасцяў Расіі і Беларусі, і асобныя аспекты навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ў сферы інавацыйнай дзейнасці і высокіх тэхналогій.
Будзе ўдзелена ўвага і ролі інфармацыйных тэхналогій у развіцці інстытутаў грамадзянскай супольнасці Саюзнай дзяржавы, разгледжаны праблемы і перспектывы гарманізацыі заканадаўства, новыя магчымасці і перспектывы рэгіянальнага супрацоўніцтва. Вынікі сваёй работы секцыі прадставяць у форме рэкамендацый, якія будуць пакладзены ў аснову выніковага дакумента Форуму. Сумесная праца над праектам гэтага дакумента ўжо вядзецца.
Важна, што пляцоўка Форуму таксама будзе задзейнічана для наладжвання новых міжрэгіянальных, узмацнення кааперацыйных сувязяў. Адзін з прыярытэтаў — як мага больш новых сумесных праектаў, праграм, кантрактаў, якія ахопліваюць розныя сферы: навуковую і навукова-тэхнічную, прамысловасць, будаўніцтва, інавацыі і новыя тэхналогіі, космас, ІТ-тэхналогіі і іншыя напрамкі, што з'яўляюцца важнымі фактарамі паглыблення інтэграцыі і развіцця кааперацыйных сувязяў паміж беларускімі і расійскімі суб'ектамі гаспадарання.
Вераніка ПУСТАВІТ
Все интервью