Жанчынай на кіруючай пасадзе ў Беларусі зараз нікога не здзівіш. Ні на прадпрыемстве, ні ў палітыцы. Мы нават пра гэта не задумваемся, бо ўспрымаем як данасць. А ў суседняй Еўропе, напрыклад, жанчыны адстойваюць права займаць месца ў парламенце. Для гэтага ўводзяцца спецыяльныя квоты, прымаюцца законы…
Да такіх высноў прыйшла Ірына ПЯТКУН, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, дырэктар Рэчыцкага раённага ліцэя, пасля наведвання мерапрыемства ў Сербіі. Яго ў рамках міжнароднага праекта, прысвечанага ўдзелу жанчын у кіраванні дзяржавай, арганізавалі Міністэрства замежных спраў Беларусі і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).
— Наколькі актуальна сёння пытанне гендарнай роўнасці для Беларусі?
— Паляпшэнне становішча жанчын у соцыуме і забеспячэнне гендарнай роўнасці — адзін з найважнейшых кірункаў развіцця ўсяго грамадства ў сучасным свеце. Кожная краіна сама выбірае, як рухацца ў гэтым рэчышчы з улікам уласных гістарычных асаблівасцей і ўзроўню развіцця. У многіх дзяржавах гэты працэс пачаўся даўно, і там назапашаны значны вопыт па пытаннях гендарнай роўнасці, які нам, як маладой дзяржаве, варта пераняць. З мэтай вывучэння такога вопыту і была арганізавана паездка ў Сербію беларускай дэлегацыі, якую я ўзначаліла.
— Ці не падаецца вам, што гэтай тэме часам надаецца за надта вялікае значэнне?
— Ні ў якім разе. У Сербіі жанчынам давозіцца змагацца за аднолькавыя правы з мужчынамі. У вас узнікае пытанне такога кшталту толькі таму, што ў Беларусі гендарная роўнасць захоўваецца неяк натуральна. Ёсць шмат нормаў, якія для беларусаў звыклыя. Напрыклад, тое, што жанчыны і мужчыны могуць свабодна выбіраць і быць абранымі, маюць права роўнага доступу да любых пасад у дзяржаўных органах, права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы, а таксама права на роўнае ўзнагароджанне за працу аднолькавай каштоўнасці, права на адукацыю і на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці. У сферы сямейных адносін жонка і муж таксама цалкам раўнапраўныя. Гэтая традыцыя ў нашага народа існуе спрадвеку. У беларускай мове нават на ўзроўні маўлення заўжды захоўвалася роўнасць паміж мужам і жонкай. Мы кажам «ажаніцца з кімсьці», а не «на кімсьці», значыць, па роўнай згодзе абаіх.
— Вы ўжо згадалі яшчэ адзін важны паказчык роўнасці — узровень заработнай платы. Наколькі ён захоўваецца ў нас?
— Што тычыцца сярэдняй зарплаты, то ў гэтым ні адна краіна свету пакуль не дасягнула гендарнай роўнасці. Напрыклад, у Беларусі сярэдняя зарплата жанчын на 33% меншая, чым у мужчын. Гэта тлумачыцца большай колькасцю працаўнікоў-мужчын у прамысловасці, будаўніцтве, цяжкім машынабудаванні, дзе шкодныя і небяспечныя ўмовы, высокая напружанасць працы і таму большая зарплата. Розніца ў аплаце працы ў хімічнай вытворчасці складае 40,1%, а ў сферы абслугоўвання і гандлю заработная плата жанчын вышэйшая, чым у мужчын, на 12,8%.
Аднак беларускі паказчык, у параўнанні, напрыклад, з еўрапейскімі, адзін з найлепшых. Вясной гэтага года ААН апублікавала даклад аб няроўнасці заробкаў мужчын і жанчын у свеце. Згодна з ім, у сярэднім зарплата жанчын адстае ад мужчынскай на 23%. Ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі жанчыны атрымліваюць за сваю працу на 22 працэнты менш за мужчын, у Францыі і Швецыі — на 31, у Германіі — на 49, у Турцыі — на 75. Таму Беларусь з паказчыкам у 33% выглядае даволі паспяховай.
— А што тычыцца захоўвання правоў у сферы працы?
— Яны замацаваны ў Працоўным кодэксе Беларусі. Напрыклад, з 2007 года гэтым дакументам уводзіцца права маці, якая выхоўвае траіх і больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў або дзіця-інваліда да 18 гадоў, на адзін аплачаны свабодны ад працы дзень у тыдзень. Гэта распаўсюджваецца і на тату. Бацькі гэтыя дні могуць і падзяліць. А жанчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў, могуць прыцягвацца да працы ў начны час толькі з іх пісьмовай згоды.
— Што яшчэ можа паказваць на гендарную роўнасць ці яе адсутнасць?
— Занятасць жанчын. Адной з уласцівасцей нашай краіны з’яўляецца яе высокі паказчык — 52,1%. Сярод занятых у эканоміцы доля працуючых жанчын з вышэйшай адукацыяй складае 33,9%, у той час гэты ж паказчык сярод мужчын — 24,4%. Сярод дзяржаўных служачых жанчыны складаюць 68,5%. У найвышэйшых органах заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады доля жанчын таксама большая — 55,4%. Сярод прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыі — 55, 7% жанчын, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі гэтая лічба яшчэ большая.
— А калі сказаць пра палітычную арэну, колькі жанчын у беларускім парламенце?
— У складзе Нацыянальнага сходу практычна дасягнута дэкларуемае міжнароднымі дакументамі 30-працэнтнае прадстаўніцтва жанчын. У нашым арламенце іх 29, 7%. А на апошнім пасяджэнні Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь было адзначана, што Беларусь — адна з нешматлікіх краін, дзе ўзровень ўдзелу жанчын у складзе мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў перавышае ўзровень удзелу мужчын — 62,7%.
— Самі парламентарыі гэтаму таксама паспрыялі?
— Не толькі гэтаму, але і ўвогуле захоўванню роўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі. Толькі на працягу апошніх гадоў парламентам прыняты шэраг заканадаўчых актаў у сферы аховы мацярынства, бацькоўства і дзяцінства, недапушчэння дыскрымінацыі пры працаўладкаванні, звальненні, прафесійным прасоўванні, прадухіленні гвалту ў адносінах да жанчын, гвалту ў сям’і і інш. Дарэчы, у 2013 годзе ў Беларусі праведзена ўсеабдымная гендарная экспертыза нацыянальнага заканадаўства, якая не выявіла наяўнасці дыскрымінацыйных прававых нормаў у адносінах да жанчын.
Што тычыцца ўдзелу дзяржавы, то ў Беларусі дзейнічае Нацыянальны савет па гендарнай палітыцы. Ён сочыць за недапушчэннем праяў дыскрымінацыі па прыкмеце полу і імкнецца ствараць для гэтага спрыяльныя ўмовы. Таксама ў гэтым годзе завяршаецца рэалізацыя чацвёртага «Нацыянальнага плана дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2011-2015 гады». Ужо выкананы практычна ўсе яго мерапрыемствы. Але для таго, каб ацаніць і прааналізаваць работу ў гэтым напрамку і яе вынікі, неабходна пастаянна вывучаць вопыт нашых замежных калег. Бо ўсё пазнаецца ў параўнанні.
— У парламенце Сербіі такая ж высокая колькасць жанчын?
— Так. У Сербіі жанчыны займаюць важныя пасады ў грамадстве і ўдзельнічаюць у прыняцці і правядзенні важных палітычных рашэнняў. У выніку палітычнай барацьбы яны дамагліся, каб кожная трэцяя ў партыйных спісах кандыдатаў на парламенцкіх выбарах была жанчынай. У 2012-м нават быў прыняты адпаведны закон.
— Што з вопыту захавання гендарнай роўнасці ў Сербіі можа запазычыць Беларусь і наадварот?
— У Сербіі існуе Парламенцкая сетка жанчын. Сустрэча з яе прадстаўнікамі была карыснай у плане вывучэння вопыту жанчын-дэпутатаў ва ўзмацненні ролі жанчын як на палітычнай арэне, так і ў ліквідацыі гендарнай няроўнасці, развіцці жаночага грамадскага руху. У сваю чаргу дэлегацыя Рэспублікі Беларусь падзялілася вопытам ліквідацыі гендарнай няроўнасці ў нашай краіне. Асаблівую цікавасць у Сербскага боку выклікаў дастаткова высокі працэнт жанчын у парламенце Беларусі без наяўнасці закона аб гендарнай роўнасці і кватаванні месцаў у ім.
У рамках візіту мы таксама сустрэліся з незалежным экспертам Аляксандрай Уладзісаўлевіч, якая расказала пра вопыт Сербіі ў правядзенні штогадовай гендарнай экспертызы бюджэту краіны. Рэалізацыя паправак у бюджэтаванні праводзіцца праз Парламенцкую сетку жанчын і Міністэрства фінансаў.
Таксама дэлегацыя Беларусі наведала ўрад Сербіі. Падчас сустрэчы былі абмеркаваны пытанні гендарнай экспертызы нацыянальных заканадаўстваў. Сербскія калегі не раз чулі пра поспехі ў гендарнай палітыцы нашай краіны і з цікавасцю даведаліся пра вопыт Беларусі ў яе рэалізацыі.
— Чым карысны быў візіт?
— Удзел беларускай дэлегацыі ў ім апраўданы. Прынцыпова важнае значэнне наша дэлегацыя надавала наладжванню двухбаковых кантактаў з парламентарыямі Сербіі, паглыбленню эканамічных сувязяў з нашай рэспублікай. Узаемадзеянне з парламентарыямі іншых краін ствараюць спрыяльныя ўмовы для падтрымання і развіцця міжпарламенцкіх кантактаў, для давядзення да замежных калег аб’ектыўнай інфармацыі пра сітуацыю ў нашай краіне, распаўсюджвання ідэй і вопыту Беларусі.
Вераніка ПУСТАВІТ
Все интервью