Фарміраванне канкурэнтаздольнай вытворчасці, нарошчванне экспарту, укараненне высокапрадуктыўных айчынных сартоў раслін і парод жывёл — такія кірункі развіцця сельскай гаспадаркі вызначаны ў мінулай Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011—2015 гады. Пра тое, што было дасягнута ў гэтай сферы за пяць гадоў работы і што яшчэ належыць дапрацаваць, «Звяздзе» расказала Лідзія ГРЫНЕЎСКАЯ, намеснік дырэктара сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Палеская ніва» ў аграгарадку Рамель, член Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, вылучаная ад Столінскага раёна, дэлегат пятага Усебеларускага народнага сходу.
Хто працуе, таму і шанцуе
Сёння «Палеская ніва» — гэта СВК з развітымі племянной жывёлагадоўляй і элітнай гаспадаркай па збожжавых культурах і бульбе. Яшчэ ў 1995 годзе «Палескую ніву» ўключылі ў праект па дзяржпадтрымцы племянной жывёлагадоўлі. Яе галоўная адметнасць цяпер у тым, што элітныя прадуктыўныя пароды не завозяцца з-за мяжы, а вырошчваюцца на месцы, у краіне.
У 1995-м вучобу па тым, як весці гаспадарку, праводзілі спецыялісты з Германіі. Супрацоўнікі кааператыва з таго часу веды ўдасканалілі і цяпер дзеляцца імі з усімі ахвотнымі. «Да нас часам на тыдзень ці больш прыязджаюць з іншых СВК, вучацца, засвойваюць тэхналогію. Мы не патрабуем з іх ні дакументаў, ні афіцыйных запытаў. Толькі б перанялі наш станоўчы вопыт і пазбеглі памылак. Таксама часта праводзім кансультацыі, выязджаем на месцы», — дзеліцца намеснік дырэктара кааператыва.
У гэтай пяцігодцы — у 2012 годзе — да «Палескай нівы» далучылі нерэнтабельную гаспадарку «Агра-Колас». Сам СВК традыцыйна займае першыя месцы ў паказчыках па надоі малака ў Столінскім раёне. Тады, чатыры гады таму, нягледзячы на далучэнне, «Палеская ніва» не знізіла свае пазіцыі, а засталася на першым месцы. Нядаўна да гаспадаркі далучыліся і дзве найбліжэйшыя да аграгарадка Рамель вёскі. «На паказчыкі гэтыя змены паўплывалі нязначна, але такім чынам мы «падцягнулі» на больш высокі ўзровень вытворчасці вёскі, зарплата ў іх стала вышэйшай, як у свой час у «Агра-Коласе», — расказвае сенатар.
Як вырасціць кадры?
Зараз у «Палескай ніве» цалкам укамплектаваны штат супрацоўнікаў. Ёсць тут і дактары, і фельдшары, і заатэхнікі, і селекцыянеры, чаго не скажаш пра больш дробныя гаспадаркі. Па словах дэлегата сходу, сёння для сельскай гаспадаркі кадравае пытанне найбольш вострае.
— У свой час была прынятая праграма адраджэння і развіцця сяла на 2005—2010 гады, дзякуючы якой сталі ўзводзіцца аграгарадкі, — успамінае Лідзія Грынеўская. — Гэту сферу і надалей варта развіваць. Дамы, што збудавалі калісьці, ужо занятыя. Таму трэба будаваць новыя ўжо для маладых сем'яў. Трэба і надалей працягваць будаваць дамкі.
На думку дэлегата сходу, у сельскай гаспадарцы важна не толькі развіваць матэрыяльнае забеспячэнне маладых спецыялістаў, але і актыўна ўдзельнічаць у іх станаўленні як прафесіяналаў. «Трэба ўдзяляць ім як мага больш увагі: дзесьці зрабіць заўвагу, паправіць, растлумачыць, як лепш зрабіць, дзесьці — даць параду, адказаць на пытанні, і галоўнае — паказаць перспектыву і ў тым, як будзе паляпшацца вытворчасць, і ў іх прафесійным росце. Бо калі не звяртаць увагі на маладых, то як вырасціць такія неабходныя нам сёння кадры?», — задаецца пытаннем парламентарый.
Вучыць любові да зямлі змалку
На думку Лідзіі Грынеўскай, у сельскай гаспадарцы варта развіваць і аграэкатурызм. У Столінскім раёне для гэтага ёсць і экалагічныя, і чалавечыя рэсурсы. Напрыклад, дырэктар Цэнтра драўляных скульптур, уладальнік звання «Ганаровы паляшук», ураджэнец вёскі Цераблічы Столінскага раёна Іван Супрунчык сваёй творчасцю нязменна прываблівае турыстаў. Таксама «Палеская ніва» арганізавала і Фестываль каня ў родным аграгарадку Рамель. Сёлета ён адбудзецца ў маштабах раёна другі раз — 21 жніўня. Летась гэта падзея аказалася цікавай не толькі жыхарам Століншчыны, але і гасцям з усёй краіны.
— Цяпер сярод школьнікаў найбольшай папулярнасцю карыстаецца маршрут на нашу племянную каняферму, дзе мы катаем дзяцей, пасля яны таксама наведваюць і Івана Піліпавіча. Такім чынам мы спрабуем прывучыць з дзяцінства школьнікаў да роднай культуры, да зямлі, да гаспадаркі. Бывае, прыедзе група, правядзе час, а адно дзіця з усіх сапраўды захопіцца. Глядзіш, праз тыдзень ужо з бацькамі ізноў прыехаў пакатацца на кані, пасля яшчэ раз... Такі пасля, калі звяжа лёс з сельскай гаспадаркай, да працы сваёй будзе нераўнадушны і рабіць яе стане годна ў любых умовах, — лічыць намеснік дырэктара «Палескай нівы».
Все интервью