Кожны вечар стараюся прачытаць хоць колькі старонак кнігі. Апошнім часам гэта аповесць «Крутыя вёрсты» Уладзіміра Ліпскага. Перад гэтым наведвала раённую бібліятэку і брала сучасную прозу іншых беларускіх аўтараў. Бывае, бяру замежную класіку. Падманваць не буду – скажу як ёсць: навіны з інтэрнэту таксама не абыходжу ўвагай – павінна быць у курсе спраў і ведаць, што адбываецца ў краіне і навокал яе.
Дык вось у чым парадокс: чым больш праглядаю стужку навін з інтэрнэту, тым часцей хочацца проста памыць рукі і абстрагавацца ад таго бруду і падману, што цэбарам халоднай вады выліваецца на карыстальнікаў Сусветнай павуціны. Вось апошнім разам чытала: на паліцах магазінаў Беларусі няма грэчкі. А што гэта ўчора я набыла ў магазіне? Не грэчку? Так кілаграм чаго ўпакаваны пад выглядам маіх любімых грэцкіх круп? Смех, дый годзе, як казаў класік.
Вывучаем далей, чым яшчэ спрабуюць нас запужаць. Цукру няма (падман, ёсць!). А сцвярджэнне, што бульбы ў рэспубліцы засталося на тры дні, увогуле выклікала не толькі смех, але і раздражненне. Толькі ўчора сваячка скардзілася, што дажджлівае надвор’е не дае магчымасці выкапаць тую самую бульбу, якой, па сцвярджэнні нашых нядобразычліўцаў, засталося на тры дні. Я не кажу пра рынкі, магазіны, у якіх другога хлеба беларусаў на любы густ. І чым большую колькасць вы пажадаеце набыць, тым больш задаволены будзе прадавец. Дарэчы, у нашым горадзе пачаў працаваць сельскагаспадарчы кірмаш, на якім рэалізуецца прадукцыя, вырашчаная сельгаспрадпрыемствамі Лідчыны, у фермерскіх гаспадарках і на прыватных падвор’ях.
Каб удакладніць сітуацыю, патэлефанавала ва ўпраўленне гандлю і паслуг Лідскага райвыканкама, запыталася: няўжо апошнія кілаграмы прадуктаў выкладзеныя на паліцы?
Пачула ў адказ, што прадуктаў хапае і запас ёсць. Гэта кагосьці здзіўляе? Нагадаю вядомае: харчовая бяспека краіны – пад асаблівым кантролем урада, і перажываць з нагоды таго, што ў краіне скончылася бульба ці яшчэ які харч, пры дзеючых сельгаспрадпрыемствах і прадпрыемствах перапрацоўчай галіны – неверагоднае глупства.
У Скідзелі прайшлі абласныя «Дажынкі» – свята хлебаробаў Гродзеншчыны. Лідчына на гэтым свяце таксама была прадстаўлена. І яркае, самабытнае свята, дзе ўшаноўваць людзей працы, тых, хто шчыруе на зямлі, – наш найлепшы адказ тым, хто хацеў бы бачыць беларусаў галоднымі. Так не будзе…
Вечарам некалькі старонак любімай прозы зноў абавязкова перачытаю. Гэта вяртае ў тонус і дае разуменне, што ў жыцці ёсць сапраўдныя каштоўнасці. Адна з іх – магчымасць жыць і працаваць на роднай зямлі. А яшчэ – адчуванне любові да сваёй малой радзімы і жаданне бачыць яе квітнеючай.
Все интервью