Сенатар — аб інвестыцыйным клімаце ў краіне і аб рэспубліканскім бюджэце на наступны год.
Восенню ў парламенце толькі і размоў, што пра бюджэт — дакумент, які ў пэўнай меры вызначыць фінансавае жыццё краіны на наступны год. Але перш чым ён будзе рэалізаваны, яму належыць прайсці не адно заканадаўчае кола. Мы распыталі Уладзіміра ПАНЦЮХОВА, старшыню Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, аб тым, што неабходна дапрацаваць у бюджэтным пакеце, а таксама пра тое, як складаецца інвестыцыйны клімат у нашай краіне.
— Гэтай восенню перад парламентам стаяць два ключавыя кірункі. Гаворка ідзе пра ўдасканаленне інвестыцыйнага заканадаўства і бюджэт на 2018 год. Прэзідэнт нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў сваім звароце да беларускага народа і Нацыянальнага сходу ў красавіку 2017 года назваў прыцягненне інвестыцый разам з нарошчваннем экспарту жыццёвай неабходнасцю.
Статыстыка такая, што з 2011 года доля інвестыцый у асноўны капітал скарацілася ў 1,6 раза (з 32,1% у 2011 годзе да 19,8% у 2016-м). Аб'ём прамых замежных інвестыцый у беларускую эканоміку таксама скараціўся ў 1,6 раза (з $11,1 млрд да $6,9 млрд). Актуальным пытаннем застаецца і якаснае змяненне структуры інвестыцый у асноўны капітал. Калі ў 2011 годзе доля машын і абсталявання ў тэхналагічнай структуры інвестыцый складала 45,3%, то ў 2016 годзе — 35,7% (першае паўгоддзе 2017-га — 36,7%), што абумоўлівае зніжэнне аддачы ад інвестыцый.
Часта даводзіцца чуць шмат прыгожых слоў пра прывабныя ўмовы для інвестара, створаныя ў нашай краіне. І тут я зноў прывяду цытату са звароту кіраўніка дзяржавы: «Калі ўсе ўмовы створаны, то чаму аб'ёмы інвестыцый скарачаюцца? Дзе мы недапрацоўваем?» Чаму інвестыцыйны клімат у нас, на жаль, рэальна горшы, чым сітуацыя ў эканоміцы? Разуменне неабходнасці і важнасці інвестыцый, у тым ліку замежных, у рэальны сектар эканомікі ў дзяржаўных органаў сфарміравана. Аднак сёння інвестыцыйны працэс мае ў большай ступені пасіўны характар.
Менавіта таму нам варта перабудоўваць работу з інвестарамі, нацэльваючы яе на вынік, узмацняючы нашы канкурэнтныя перавагі, каб інвестар разумеў — укладанні ў Рэспубліку Беларусь выгадныя і надзейныя. Пры гэтым, на мой погляд, не варта рабіць акцэнт выключна на прэферэнцыйныя за кошт выдачы падатковых ільгот, ператвараючы краіну ў «вялікі афшор». Бо інвестыцыйная прывабнасць уключае ў сябе і палітычную стабільнасць, празрыстасць намераў і наяўнасць антыкарупцыйных механізмаў.
— Якім чынам заканадаўчая ўлада можа паўплываць на паляпшэнне інвестыцыйнага клімату ў краіне?
— У цяперашні час інвестыцыйную сферу ў нашай краіне рэгулююць 40 прававых актаў. Створана рабочая група па выпрацоўцы сістэмных мер па ўдасканаленні інвестыцыйнага клімату ў Рэспубліцы Беларусь пад кіраўніцтвам першага намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Васіля Мацюшэўскага.
Аднак смелых і эфектыўных навацый у інвестыцыйным заканадаўстве да гэтага часу няма, комплексныя рашэнні не прымаюцца. Гэта сістэмны недахоп, які не дазваляе сёння выходзіць на амбіцыйныя інвестыцыйныя праекты.
Савет Рэспублікі неаднаразова прадстаўляў ва ўрад і іншым зацікаўленым канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні заканадаўства ў інвестыцыйнай сферы. Аднак пытанне аб наяўнасці ў краіне дружалюбнай прававой сістэмы, арыентаванай на айчыннага або замежнага інвестара, і сёння з'яўляецца адкрытым.
— Што прапануецца для інвестараў і ў цэлым для паляпшэння бізнес-клімату?
— Па-першае, гарантыя збыту на ўнутраным рынку часткі прадукцыі, атрыманай у выніку рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Для гэтага патрабуецца развіццё інстытута спецыяльных доўгатэрміновых інвестыцыйных дагавораў, калі інвестар пад прадугледжаныя дагаворам абавязацельствы атрымлівае гарантыі на дзяржаўныя закупкі тавараў, вырабленых у адпаведнасці з названым дагаворам. Пры гэтым павінна быць разуменне таго, што вытворчасць, якая з'явілася нядаўна, не можа ў першы час канкурыраваць з тымі замежнымі кампаніямі, якія працуюць на рынку даўно.
Па-другое, гарантыі стабільнасці пры змене заканадаўства (так званая стабілізацыйная агаворка). Патэнцыйныя інвестары павінны быць упэўненыя ў тым, што наша краіна будзе прывабным месцам для інвестыцый у доўгатэрміновай перспектыве. Мэтазгодна таксама ўвесці правіла аб тым, што нормы, якія пагаршаюць становішча інвестара, не дзейнічаюць у дачыненні да яго на працягу пэўнага перыяду часу. Пры гэтым названае правіла неабходна забяспечыць судовай абаронай, г. зн. інвестар павінен мець права звярнуцца ў суд і атрымаць імунітэт ад дзеяння такога роду нормаў.
Па-трэцяе, неабходна перагледзець меры адказнасці ў сферы інвестыцыйных адносін. Павінна быць забяспечана суразмернасць штрафных санкцый, якія налічваюцца інвестарам, па інвестыцыйных дагаворах, выяўленых парушэннях, а таксама размежавана адказнасць юрыдычнай асобы і яе заснавальнікаў у выпадку эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва), г. зн. субсідыярная адказнасць прымяняцца не павінна.
Па-чацвёртае, трэба ўкараніць выдзяленне дадатковых стымулаў для інвестараў, якія плануюць ажыццяўляць інавацыйную дзейнасць, для ўкаранення новых тэхналогій.
Па-пятае, неабходная дэкрыміналізацыя эканамічных рызык, вызваленне ад крымінальнай адказнасці за шэраг парушэнняў у эканамічнай дзейнасці, адмена канфіскацыі тавару і выручкі як віду адміністрацыйнага спагнання, памяншэнне памераў штрафу за падатковыя і мытныя правапарушэнні.
Па-шостае, важна даваць камерцыйным банкам магчымасці ўдзельнічаць уласнымі рэсурсамі ў фінансаванні праектаў у ролі інвестараў, а не толькі крэдытуючых арганізацый, несці з пазычальнікам салідарную адказнасць і прымаць на сябе магчымыя рызыкі.
Па-сёмае, прапаную безумоўна выконваць прыняты ў 2015 годзе Закон Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве», якім закладзена прававая аснова для пашырэння ўзаемадзеяння дзяржавы і бізнесу.
Лічу, што названыя вышэй прапановы неабходна актыўна рэалізоўваць, у тым ліку шляхам унясення змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб інвестыцыях», Банкаўскі кодэкс і іншыя акты заканадаўства.
— Традыцыйна восень — час абмеркавання бюджэтных законапраектаў...
— Іх разгляд з'яўляецца адной з ключавых задач для Савета Рэспублікі ў рамках гэтай сесіі. У першую чаргу гаворка ідзе пра бюджэт на 2018 год як асноўны фінансавы план развіцця краіны. Таксама ў «партфелі» сенатараў будуць законапраекты аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Бюджэтны і Падатковы кодэксы, бюджэтах фондаў сацыяльнай абароны насельніцтва і грамадзянскай авіяцыі.
Асноўныя пазітыўныя моманты, якія закладзены ў праект бюджэту на 2018 год, звязаныя пераважна з рашэннем сацыяльных задач. Гэта значыць з ростам заработнай платы для работнікаў бюджэтнай сферы, паляпшэннем пенсійнага забеспячэння, павелічэннем аб'ёмаў і развіццём бюджэтных механізмаў падтрымкі будаўніцтва жылля для тых, хто мае ў гэтым патрэбу.
Разам з тым лічу, што баланс інтарэсаў усіх удзельнікаў бюджэтнага працэсу на 2018 год пакуль рана называць аптымальным.
— І што вас насцярожвае?
— Напрыклад, на 17% скарачаецца агульны аб'ём выдаткаў на аграпрамысловы комплекс. Лічу, што бюджэтныя механізмы фінансавання АПК мэтазгодна пашырыць, у тым ліку за кошт нормаў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2014 г. №347 «Аб дзяржаўнай аграрнай палітыцы». Крытычна нізкім застаецца аб'ём фінансавання навуковай і інавацыйнай дзейнасці. Нягледзячы на рост у 6,7%, навукаёмістасць ВУП складзе толькі 0,25% пры мэтавай задачы па павелічэнні гэтага паказчыка да 1% у бягучай пяцігодцы.
Недахопам праекта бюджэту варта лічыць уразанне расходаў на фінансаванне цэлага шэрагу дзяржпраграм. Паводле ацэнкі Мінэканомікі, агульны аб'ём недафінансавання дзяржпраграм з бюджэту на 2018 год складае 123,7 млн рублёў. Відавочна, што ў такіх умовах іх выкананне ў поўным аб'ёме будзе праблематычным.
— Якія гэта можа мець наступствы?
— Як вядома, дзяржпраграмы распрацоўваліся ў строгай адпаведнасці з прыярытэтамі сацыяльна-эканамічнага развіцця, замацаванымі ў Праграме пяцігодкі. Таму далейшае скарачэнне расходаў на дзяржпраграмы ставіць пад пагрозу выкананне Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця ў цэлым.
Я пералічыў толькі некаторыя праблемныя пытанні па бюджэце на 2018 год. Праекту бюджэту неабходная дэталёвая экспертыза (з навуковым абгрунтаваннем ключавых артыкулаў расходаў і даходаў).
Што датычыцца бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, то, на жаль, з 2014 года нам удаецца збалансаваць яго толькі за кошт субвенцый рэспубліканскага бюджэту. 2018 год толькі замацоўвае гэты трэнд. У законапраекце зноў прадугледжаны субвенцыі ў бюджэт Фонду на суму 1,4 млрд рублёў. Суадносіны сярэдняй пенсіі і сярэдняй заработнай платы прагназуюцца на ўзроўні 35,2% (па выніках 2017 года чакаецца 36,6%).
Разам з тым у Праграме пяцігодкі ўсталяваны арыенцір у 40%. Відавочна, што яго дасягненне ўжо сёння пад вялікім пытаннем.
— Як вы лічыце, што неабходна зрабіць, каб выправіць сітуацыю?
— Перш за ўсё правесці аптымізацыю льгот па выплаце абавязковых страхавых узносаў у бюджэт ФСАН і скарачэнне асобных відаў выплат, на якія страхавыя ўзносы не налічваюцца. Агульны гадавы эфект ад рэалізацыі гэтых мер, па ацэнцы Мінпрацы і сацабароны, можа скласці 550 млн рублёў. Магчыма, гэта непапулярныя меры, але, калі іх сёння не рэалізаваць, бюджэт Фонду непазбежна будзе заставацца дэфіцытным.
Пагадзіцеся, нас ацэньваюць па выніках дзеяння законаў, якія мы прымаем. Палепшылася жыццё — добры закон, не палепшылася — нікому не патрэбны закон. Таму ў цяперашні час парламентарыі працуюць над рашэннем усяго комплексу пытанняў і ў сферы інвестыцыйнага, і ў сферы бюджэтнага заканадаўства.
Вераніка ПУСТАВІТ
Все интервью