Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Совет РеспубликиНационального собрания Республики Беларусь

Будучыня — за малым і сярэднім прадпрымальніцтвам

У складзе дэлегатаў на Усебеларускі народны сход прадстаўлена шырокае кола сенатараў — членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Менавіта тыдзень таму Міхаіл Мясніковіч, старшыня верхняй палаты беларускага парламента, заклікаў парламентарыяў паставіцца да гэтай падзеі адказна, не заставацца ўбаку, а праяўляць ініцыятыву ў прыняцці рашэння аб далейшым развіцці краіны. Сяргей Навіцкі, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, генеральны дырэктар сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Хенкель Баўтэхнік» і дэлегат пятага Усебеларускага народнага сходу, лічыць, што браць на сябе адказнасць трэба не толькі ў гэтай сітуацыі (хаця ў ёй — асабліва), але і штодзённа па жыцці.

Спрыяльны клімат для бізнесу

Мінскі і Дзяржынскі раёны, ад якіх вылучаны сенатар, па яго словах — перадавыя як у Мінскай вобласці, так і ўвогуле па краіне. Пры гэтым Мінскі раён па памерах, колькасці насельніцтва, аб'ёмах прамысловай прадукцыі, будаўнічай вытворчасці можа спаборнічаць з некаторымі абласцямі. Ён — прысталічны, таму патрабаванні да раёна амаль такія ж, як і да самога Мінска, хоць фінансавыя магчымасці не такія высокія.

У абодвух раёнах ёсць гарады-спадарожнікі: у Мінскім — Заслаўе, у Дзяржынскім — Фаніпаль. Напрыклад, апошні ўключаны ў свабодную эканамічную зону «Мінск» і па праве можа называцца прамысловым. У ім месціцца такое буйное прадпрыемства, як «Штадлер» — па вытворчасці электрацягнікоў. «Для развіцця бізнесу гэта адны з самых прывабных раёнаў. У іх вялікая колькасць магчымасцяў падключэння да інжынерных камунікацый, развітая інфраструктура і вялікі доступ да кваліфікаваных працоўных рэсурсаў (з-за блізкасці да Мінска)», — расказвае Сяргей Навіцкі.

Па словах дэлегата, на мінулым, чацвёртым Усебеларускім народным сходзе адной з вылучаных прыярытэтных задач развіцця краіны была падтрымка прыватнай ініцыятывы прадпрымальнікаў. Бо прыватны сектар валодае магчымасцямі хуткага ўключэння ў сваю сістэму працоўных рэсурсаў і здольнасцю да інвеставання, а значыць, можа спрыяць эканамічнаму росту, дакладней, павелічэнне валавога рэгіянальнага прадукту. У працяг заяўленаму Прэзідэнтам была прынята Дырэктыва №4, якая замацавала кірункі і стратэгію развіцця прыватных прадпрыемстваў. «Гэта дало свае плады. Колькасць суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва за пяць гадоў вырасла на 23% — амаль да 110 тысяч. У краінах з развітымі эканомікамі такія суб'екты з'яўляюцца найбольш актыўнымі ўдзельнікамі эканамічнага працэсу і ствараюць да 70% ВУП. Для Беларусі гэты паказчык сёння ў раёне 24%. Сапраўды, ёсць куды расці», — кажа Сяргей Навіцкі.

Сенатар — перш за ўсё заканатворца

«Член Савета Рэспублікі — гэта прадстаўнік заканадаўчай улады. Таму ў большай ступені мы адказныя за стварэнне ўмоў для развіцця і бізнесу, і рэгіёнаў, і краіны ў цэлым. Парламентарыі аналізуюць ужо прынятыя заканадаўчыя акты, уносяць прапановы па іх паляпшэнні — адаптацыі да пануючых сёння эканамічных, палітычных, сацыяльных і культурных умоў, а таксама выступаюць ініцыятарамі выпрацоўкі новых законаў. Кожны сенатар удзельнічае ў прыняцці ўсіх заканадаўчых актаў у рэспубліцы», — адзначае Сяргей Навіцкі. Адна з галоўных задач, якую ён ставіць перад сабой як сенатар, — гэта палепшыць з дапамогай ухваленых законапраектаў бізнес-клімат. Акрамя таго, за апошнія пяць гадоў з'явіўся шэраг новых заканадаўчых актаў, якія станоўча паўплывалі на прадпрымальніцкую супольнасць: аб рамесніцтве, аб гандлі, аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве.

Таксама адным з дасягненняў мінулых пяці гадоў з'яўляецца павышэнне больш чым на дзясятак пунктаў у рэйтынгу «Doіng busіness» месца Беларусі.

З аднаго боку — гэты рэйтынг не адлюстроўвае ўсёй карціны створаных для прадпрымальнікаў умоў, але з другога выступае своеасаблівай лакмусавай паперкай для тых, хто збіраецца арганізаваць у той ці іншай краіне сваю справу. Цяпер Беларусь займае там 44-е месца. Але і гэта не мяжа, перакананы дэлегат сходу. Найбліжэйшая мэта — увайсці ў трыццатку краін рэйтынгу з найлепшымі ўмовамі для вядзення бізнесу — дасягальная і павінна адбыцца.

Вучыцца самастойнасці...

«Безумоўна, большасць пытанняў у грамадзян, якія звяртаюцца да мяне як да члена Савета Рэспублікі, звязаная з бытавымі праблемамі, — тлумачыць сенатар. — Іх, як правіла, 80%. Гэта пытанні, звязаныя з жыллёва-камунальнай гаспадаркай, з інфраструктурай, зямлёй, паслугамі, якія аказваюцца насельніцтву. Яны, безумоўна, — найперш адказнасць выканаўчай улады. Але калі яна не спраўляецца, то да вырашэння пытання падключаецца сенатар ці дэпутат».

У задачу сенатара ўваходзіць не толькі дапамагчы вырашыць праблему, але і абагульніць яе, занатаваць, зразумець, якія хібы ў якім законе паспрыялі яе з'яўленню, і выкараніць недахоп, унёсшы прапановы па зменах у законапраекты.

Вядома, усё ўлічыць у законе адразу немагчыма, але пастарацца гэта зрабіць — асноўная задача парламентарыя:

— Да мяне нядаўна звярнуліся жыхары аграгарадка Ратамка. Сёння гэты пасёлак расцягнуўся амаль на 7 кіламетраў. Аўтобусны маршрут, які ахопліваў амаль увесь гарадок, скарацілі, бо не было магчымасці арганізаваць для транспарту разваротнае кола. І некаторым грамадзянам даводзілася ісці да бліжэйшага прыпынку па 3 кіламетры. Прыйшлося выносіць гэтую праблему на ўзровень Мінскіх абласнога і гарадскога выканкамаў. Цяпер распрацоўваецца закон аб транспарце. І гэты выпадак падштурхнуў мяне зрабіць прапановы па тым, каб адразу вырашыць, хто з'яўляецца заказчыкам такога кшталту маршрутаў. Бо ў гэтай сітуацыі недапасаванасць адказных структур была відавочнай, — лічыць сенатар.

Праўда, вялікая колькасць людзей на прыём прыходзіць не столькі, каб вырашыць канкрэтную праблему, а хутчэй каб адзначыць недапрацоўкі ўладаў. На думку сенатара, за савецкі час у насельніцтва сфарміраваліся ўтрымальніцкія настроі. «Будзе ляжаць папера на падлозе, і замест таго, каб яе падняць, што зойме хвіліну, чалавек напіша скаргу і будзе чакаць, што прыйдзе спецыяльна навучаны спецыяліст па падбіранні папер, якога дашле мясцовая ўлада... Жартую, вядома ж. Але варта браць на сябе больш адказнасці і ініцыятывы за паляпшэнне ўласнага жыцця. Дзяржава не можа вырашаць усе праблемы. Яна чакае ўзаемных намаганняў», — падсумоўвае Сяргей Навіцкі.

Все интервью