— Уладзімір Іванавіч, наколькі вострай для нашай краіны з'яўляецца тэма банкруцтва дзяржарганізацый?
— Па даных Міністэрства эканомікі, у першым паўгоддзі мінулага года меры па фінансавым аздараўленні прымяняліся да 875 дзяржаўных арганізацый, а гэта 68% ад усіх неплацежаздольных арганізацый па даных на пачатак мінулага года. З іх распрацаваныя меры выканалі 393 арганізацыі, а не справілася, на жаль, большасць — 482. Прытым з першых аднавілі плацежаздольнасць усяго 55, палепшылі яе 477 прадпрыемстваў. Асноўныя прычыны фінансавых няўдач — рост крэдыторскай запазычанасці, тарыфаў на сыравіну, а таксама недахоп абаротных сродкаў для павелічэння аб'ёмаў прадукцыі і продажаў адпаведна.
Але сёння ад банкруцтва не застрахаваны ніхто. Рэзкае падзенне попыту, немагчымасць расплачвацца па даўгах, складанасць прыцягнення крэдытаў і шэраг іншых прычын здольныя ператварыць у банкрута любое паспяховае і ўстойлівае ў фінансавым плане прадпрыемства...
— Няўжо ўсё так песімістычна?
— Банкруцтва суб'ектаў гаспадарання можа і павінна несці ў сабе і стваральную сілу. Яго прамой задачай з'яўляецца павышэнне гарантый зваротнасці інвестыцый, а гэта азначае рост іх прытоку ў краіну. Такім чынам, умовы для інвестыцый калі і трэба мяняць, то толькі ў лепшы бок. Рабіць усё, каб інвестар разумеў, што ўкладанні ў Рэспубліцы Беларусь выгадныя і надзейныя. Пры гэтым без банкруцтва не абыходзіцца вядзенне спраў ні ў адной дзяржаве. «Эканоміка, у якой не бывае банкруцтваў, абавязкова збанкрутуецца», — такую думку выказаў расійскі журналіст Максім Званароў. Таму наша прамая задача — накіраваць непазбежны для эканомікі працэс у правільнае рэчышча.
Закон аб банкруцтве прадугледжвае наступныя стадыі працэдуры: спачатку ўласнікі, заснавальнікі і органы ўлады (калі гэта датычыцца дзяржпрадпрыемстваў) прымаюць меры па папярэджанні банкруцтва, другая стадыя — гэта дасудовае аздараўленне, трэцяя — эканамічная неплацежаздольнасць, санацыя (працэдура аздараўлення) і чацвёртая — банкруцтва з ліквідацыяй. Сёння такая сістэма дазваляе падтрымліваць у працэдуры банкруцтва не больш за 100 прадпрыемстваў дзяржсектара.
У той жа час мы задаёмся пытаннем: як зрабіць так, каб паспяховага бізнесу было больш, а прадпрыемстваў-банкрутаў — менш? Што рабіць з горадаўтваральнымі, сацыяльна значнымі прадпрыемствамі, якія маюць патрэбу ў фінансавым аздараўленні? Тут з аднаго боку аказваюцца рынкавыя законы, без выканання якіх немагчымая здаровая эканоміка. З другога — людзі, інтарэсы якіх неабходна ўлічваць.
— Як у такім выпадку абараняць інтарэсы людзей?
— Асабліва вострае сацыяльнае напружанне ўзнікае, калі на мяжы банкруцтва аказваюцца малыя і сярэднія прадпрыемствы ў гарадах і пасёлках, калі гаворка ідзе пра затрымкі зарплаты. Падае якасць жыцця, адбываецца дыскваліфікацыя і дэмаралізацыя асобных груп работнікаў. Пратэрміноўкі зарплаты не толькі адмоўна ўплываюць на сацыяльную абстаноўку, але і наносяць удар па ўзнаўленні працоўных рэсурсаў, гарантыях пенсійнага забеспячэння.
З пункту гледжання сацыяльных гарантый беспрацоўны мае права на дапамогу пры страце заробку. А працаўнік, які страціў сродкі для існавання ў выніку банкруцтва, падобнага права пазбаўлены і павінен чакаць кампенсацыі ад работадаўцы. Больш таго, чалавек, які працуе без зарплаты на арганізацыю-банкрута, фармальна прызнаецца працуючым. А жыць жа яму на штосьці трэба!
— Каму варта накіроўваць вырашэнне гэтага пытання?
— Савет Рэспублікі ўжо накіраваў яго да профільнага міністэрства — Мінпрацы. Мы лічым, што менавіта гэтай структуры неабходна клапаціцца пра такую жыццёва важную для многіх работнікаў праблему і выступаць ініцыятарам распрацоўкі механізма безумоўных выплат за працу. Спагнанне даўгоў — доўгая і працаёмкая працэдура. Працоўныя калектывы не павінны наймаць адвакатаў або іншых спецыялістаў, каб разбірацца ў прычынах пратэрміноўкі зарплаты. Такім чынам, без спецыяльных кампенсацыйных механізмаў не абысціся. Пытанне ў тым, якімі ім быць і на якіх умовах яны павінны стварацца?
Сёння варыянты вырашэння праблемы запазычанасці па аплаце працы можна разглядаць як своеасаблівую мадэль карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці. Будучы механізм павінен знізіць узровень сацыяльнай напружанасці і працоўных канфліктаў, палепшыць фінансавую дысцыпліну, узмацніць адказнасць работадаўцы перад работнікам і, галоўнае, рэалізаваць цывілізаваны падыход да ўрэгулявання адносін паміж работнікамі і работадаўцам, а не карыстацца гвалтоўным спыненнем працы, правядзеннем акцый пратэсту ці іншымі радыкальнымі мерамі.
— Якія яшчэ праблемы ў сферы банкруцтва пакуль не вырашаны?
— Па-першае, дагэтуль існуе несвоечасовая ініцыяцыя праблемным прадпрыемствам свайго банкруцтва, што прыводзіць да значных страт дзяржавы і супрацоўнікаў установы, а таксама зніжае магчымасці захаваць арганізацыю. Тут яшчэ належыць распрацаваць дадатковыя стымулы. Для гэтага трэба актывізаваць работу камісій па папярэджанні эканамічнай неплацежаздольнасці. Але ў аднаўленні плацежаздольнасці павінны быць зацікаўлены, перш за ўсё, самі прадпрыемствы.
Па-другое, вялікая колькасць крэдытораў ад дзяржавы робіць выплату даўгоў больш складанай, заблытанай. Прапанаванае камісіяй рашэнне — вызначэнне кансалідаванага (адзінага) крэдытора ад імя дзяржавы ў асобе падатковых органаў. Усё гэта мусіць адбывацца з урэгуляваннем механізма перадачы яму фіскальных патрабаванняў, што дазволіць скараціць тэрміны і працэсуальныя выдаткі.
Па-трэцяе, мы падтрымліваем падыход да прадстаўлення кандыдатур антыкрызісных кіраўнікоў і іх прызначэння ў канкрэтныя справы выпадковым спосабам. Але прапаноўваем асноўны аб'ём кантролю за імі перанесці на сходы крэдытораў.
Па-чацвёртае, трэба перавесці таргі па продажы маёмасці даўжніка (коштам звыш вызначанай мяжы) выключна ў электронную форму.
Усе гэтыя прапановы — вынікі аналізу, які мы праводзім не першы год. Нягледзячы на тое, што наша галоўная задача — уносіць змены ў заканадаўства, кожную з іх мы бяром з жыцця: гутарым з людзьмі, наведваем прадпрыемствы, улічваем прапановы кіраўнікоў кампаній. Напрыклад, у гэтым месяцы выязджалі ў Магілёў, дзе абмяркоўвалі тэму банкруцтва разам з выканаўчай уладай, Міністэрствам эканомікі, дырэктарамі дзяржаўных прадпрыемстваў. Бо для парламентарыя галоўнае памятаць пра тое, што законы створаны перш за ўсё для людзей і ўнесеныя змены мусяць ісці менавіта ад іх.
Вераніка ПУСТАВІТ
Все интервью