Анатоля Георгіевіча без перабольшвання можна назваць адной з самых уплывовых асоб на Гродзеншчыне. Ён актыўна спалучае сваю службовую дзейнасць з грамадскай, мае нямала ўзнагарод. Аб яго высокім прафесіяналізме сведчыць той факт, што Анатоль Грышук больш за 30 гадоў узначальвае ААТ «Гродзенскі мясакамбінат». Зараз вядзе актыўную заканатворчую дзейнасць як член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па эканоміцы, бюджэце і фінансах.
— Анатоль Георгіевіч, наша сустрэча праходзіць падчас прыёму грамадзян, якую вы толькі што завяршылі. З чым да вас прыйшлі гродзенцы?
— Сёння па асабістым пытанні звярнулася жанчына. Яна хоча працаўладкавацца па сваёй спецыяльнасці — бактэрыёлагам, гэта рэдкая спецыяльнасць. Я прыняў рашэнне яе працаўладкаваць на наша прадпрыемства. Якраз ёсць вакансія.
Таксама прыходзілі «афганцы», сёлета юбілей вываду войскаў з Афганістана, і яны хочуць дастойна адзначыць гэтую падзею. У прыватнасці, паехаць у партызанскі лагер, які створаны на нашым агратурыстычным комплексе, я іх падтрымаў. Звярнуліся да мяне прадстаўнікі прыватнага прадпрыемства, у якога мясакамбінат закупляе каўбасную абалонку. Яны збіраюць пашырацца і цікавіліся, якія зараз патрэбы ў нашага мясакамбіната.
— Як відаць, вам не складана вырашаць пытанні на мясцовым узроўні. А як наконт агульнарэспубліканскіх праблем? Якія з іх патрабуюць вырашэння на заканадаўчым узроўні?
— Зараз адна з актуальных праблем — гэта будаўнічая галіна. Нядаўна па гэтай тэме ў Смалявіцкім раёне прайшло выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі з наведваннем індустрыяльнага парка «Вялікі камень».
Гэта асобая эканамічная зона, рэзідэнтамі якой сталі каля 15 краін і ўжо пачалі рэалізацыю на яго тэрыторыі буйных будаўнічых і прамысловых праектаў. Гэта глабальная пляцоўка як для прыцягнення інвестыцый, так і абмену сусветным вопытам у розных сферах. У рамках пасяджэння абмяркоўвалі многія аспекты будаўнічай галіны.
Другое пасяджэнне па названай тэме мы правядзём у хуткім часе ў Ваўкавыску. Пытанняў шмат. Трэба разабрацца з неплацяжамі, бо вялікая запазычанасць перад будаўнікамі ў
АПК. Таксама нервовае пытанне — нарматыўныя дакументы.
Прывяду такі прыклад. Склалі будаўнікам праект, тэрмін рэалізацыі — чатыры гады. За гэты час змяняюцца пажарныя, санітарныя нормы і іншае. Аб'ект пабудаваны, а здаць яго немагчыма з-за новых правілаў. І хто тут вінаваты? Такія пытанні трэба ўлічваць на заканадаўчым узроўні. Увогуле, у хуткім часе будаўнічую галіну закране шэраг новых рашэнняў, якія дапамогуць выйсці на больш высокі канкурэнтны ўзровень.
Добра тое, што нарэшце будаўнікоў пачулі. Раней наогул ніхто не прыслухоўваўся да гэтых довадаў. Маўляў, будуйце, згодна з праектам.
— Вы заўважылі, што індустрыяльны парк «Вялікі камень» добра працуе з інвестыцыямі. Але гэтыя інвестыцыі патрэбны паўсюдна. Ці хапае іх зараз на мясцовым узроўні?
— Мы будзем разглядаць у Ваўкавыску на пасяджэнні Пастаяннай камісіі гэту найважнейшую для краіны тэму: чаму іх такі мізэр. І гэта пры тым, што у нас даволі льготнае крэдытаванне. Напрыклад, мы будавалі прадпрыемства па крэдытах пад 300 % гадавых. І многія тады казалі: дайце нам 15 % гадавых, і мы перавернем свет. Зараз на гэтай планцы працуюць, але чамусьці ніхто нічога не перавярнуў. Таму што ўсё змяняецца, і цяпер 15 % — гэта дорага. Напрыклад, нашаму прадпрыемству трэба канкурыраваць гатовым прадуктам з Еўропай, дзе крэдыты складаюць 2—3 %, і гэта стала праблемай. Але ў нас няма іншага шляху, як шукаць выйсце.
У Ваўкавыску мы якраз паслухаем усіх — і бізнесменаў, і банкіраў, і ўлады... Лічу, што патрэбны максімальныя льготы. Да той пары, пакуль сітуацыя не стабілізуецца, бізнес-клімат трэба паляпшаць.
— Вы ўзначальваеце абласны клуб прадпрымальнікаў, што цяпер іх хвалюе?
— Цяпер крэдыты даступныя, але шмат іншых перашкод у развіцці. Напрыклад, дарагі газ, што таксама адбіваецца на экспартным патэнцыяле. Я ведаю дзве фірмы, якія будуюць заводы ва Узбекістане, таму што там танная рабочая сіла. Для дзяржаўнага бізнесу галоўны бізун — паператворчасць.
— Ваша прадпрыемства — гэта даволі буйны холдынг, у якім ёсць нават былы калгас. Як вы ставіцеся да далучэння слабых гаспадарак да моцных? Ці дапаможа гэта падцягнуць іх?
— Вы не думайце, што далучаюць, каб перакачаць грошы ад багатага да больш слабага. Яны павінны падцягнуцца за кошт моцных менеджараў, якія будуць шукаць там недапрацоўкі і рэзервы. І прыкладаў у нашым рэгіёне нямала, калі адна гаспадарка, больш моцная, «праглынула» слабейшую. І гэты працэс ідзе. Нядаўна пачаў дзейнічаць указ, які дае магчымасць адтэрміноўкі плацяжоў. Не ўсе прадпрыемствы змогуць падняцца, дзякуючы гэтаму ўказу, калі палова падымецца — гэта будзе поспехам.
— На прыкладзе вашага прадпрыемства, як бы вы ацанілі дыверсіфікацыю экспарту?
— Каб выходзіць на экспарт, трэба мець прадукт. Як мы робім? Укладаем інвестыцыі ў новую вытворчасць. Некалькі гадоў таму пабудавалі цэх па выпуску сыравэнджанай каўбасы. Мы выраблялі 80 тон у месяц і прадавалі, а тут замахнуліся на 500 тон. І праз паўтара года ўжо прадавалі не 500, а амаль 700 тон. Мы раскруцілі прадукт у Расіі, цяпер у нас гатовы браць і Казахстан, і Азербайджан. Для іх мы робім каўбасы з ялавічыны.
Так, Расія — выгадны партнёр. Але ёсць рызыка ў санкцыях. Сёння закрытыя на гэты рынак два гродзенскія прадпрыемствы — у Слоніме і Ашмянах, якія ўваходзяць у наш холдынг. Адзінае, аб чым можна сур'ёзна гаварыць — гэта Кітай. Наша вобласць сябруе з правінцыяй Ганьсу. Уяўляеце — правінцыя — 20 мільёнаў чалавек! Губернатар быў на нашым прадпрыемстве, і ён уплывовы чалавек у Кітаі, нядаўна мне патэлефанаваў, сказаў, што мы адпавядаем усім іх стандартам. І ўжо ёсць заданне і даручэнне — адкрыць для гродзенцаў шлях на Кітай. Лагістыка, канешне, складаная, але замацавацца там — гэта вялікая справа. І свініну яны таксама развіваюць.
— Вы адзін з нямногіх у краіне, хто мае такую незвычайную ўзнагароду — ордэн Усмешкі. Я ведаю, што яго ўручаюць за заслугі перад дзецьмі...
— Гэта міжнародны ордэн ад Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, у мяне ён за нумарам 552. У Савецкім Саюзе першым яго атрымаў заснавальнік маскоўскага тэатра лялек Сяргей Абразцоў. І для мяне вялікі гонар мець такі ордэн з выявай сонца на стужцы. Я заўсёды нашу яго 1 чэрвеня, у дзень абароны дзяцей. Мы праводзім штогод у сваім агратурыстычным комплексе дабрачыннае свята, усё бясплатна, прыходзіць 600—700 дзяцей, мы рыхтуем для іх падарункі.
— Сутыкаецеся вы з расчараваннямі?
— У жыцці без гэтага немагчыма. Мяне расчароўваюць сітуацыі, калі яны суб'ектыўнага характару. Калі нехта недапрацаваў у плане прыняцця рашэнняў, калі людзі бяруцца не за сваю справу. Бяруцца за гуж, а потым не могуць яго пацягнуць... Я не расчароўваюся, калі, напрыклад, выпала шмат снегу і цяжка праехаць, ці калі рыба не клюе...
— Што вы цэніце ў чалавеку?
— У жанчыне?
— Увогуле...
— Я перш за ўсе цаню аптымізм, калі ён не ные, а ставіць перад сабой абгрунтаваную мэту і дасягае яе, а можа, нават і перабольшвае. Гумар цаню, калі чалавек любіць гумар — гэта добры чалавек... Цаню прафесіяналаў у любым плане.
— Вы родам з Бераставіцкага раёна. Што для вас малая радзіма і як вы яе ўшаноўваеце?
— Бываю там, і апошняе, што там зрабіў — у сваёй вёсцы Галынка за ўласныя сродкі паставіў вялікі прыгожы крыж на месцы былога храма. Падчас вайны храм быў разбураны, усё было зарослае. Адзін веруючы чалавек мне падаў такую ідэю. Есць ідэя працягнуць гэты праект і добраўпарадкаваць нашу рачулку.
Трэба паглядзець на вопыт іншых краін і, можа, у далейшым распрацаваць праграму па ўзнаўленні малых рэчак. Калі рабіць прадумана і паэтапна, грошы знойдуцца.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Все интервью