Законапраекты варта часцей аддаваць на грамадскае абмеркаванне

Мороз Лилия Францевна
Мороз Лилия Францевна

— Праз вашу камісію праходзілі законы «Аб трацейскіх судах» і «Аб медыяцыі». Наколькі яны сёння неабходныя і эфектыўныя?

— Яны абодва ўжо дзейнічаюць. «Аб трацейскіх судах» — з 2012 года, «Аб медыяцыі» — з 2014-га. Савет Рэспублікі як заканадаўчы орган праводзіць маніторынг таго, як працуюць гэтыя законы на практыцы і вызначаюць, якім чынам іх трэба паляпшаць.

Акурат у мінулым годзе камісія праманіторыла Закон «Аб трацейскіх судах» і высветліла, што ў ім ёсць пэўныя недапрацоўкі. Напрыклад, недакладна вызначаліся ўзаемаадносіны паміж трацейскімі і дзяржаўнымі судамі. Варта было паставіць іх у аднолькавыя ўмовы, каб чалавек выбіраў не той, што таннейшы, а той, які больш мэтазгодны для вырашэння канфлікту. Мы правялі «круглы стол», на які запрасілі тых, хто непасрэдна працуе ў трацейскіх судах ці сутыкаецца з законам, і аформілі прапановы ў выглядзе даведкі, якую накіравалі ў Савет Міністраў. А Закон «Аб медыяцыі» маніторым сёлета. Ён дзейнічае ўжо два гады, і цяпер правапрымяняльнікам закона ёсць што сказаць. Мы таксама правядзём «круглы стол» і, калі будуць заўвагі і прапановы, будзем іх разглядаць.

— «Звязда» ўжо не раз пісала пра абодва законы. Чаму сёння ім надаецца асаблівая ўвага?

— Калі здараецца спрэчка, людзі адразу прывыклі звяртацца ў дзяржаўныя суды. А трацейскія суды і зварот да медыятара — альтэрнатыўны варыянт вырашэння канфлікту. Перавагамі трацейскага разбору з'яўляецца яго канфідэнцыяльнасць, хуткасць разгляду спраў (да трох месяцаў), незалежнасць звароту ад месца жыхарства. І галоўнае — можна самому выбраць сабе суддзю, а часцей за ўсё — гэта сапраўды дасведчаныя спецыялісты ў розных галінах ведаў. Напрыклад, у сферы банкаўскай, страхавой, зямельнай справы. Разгружаюцца і дзяржаўныя суды.

Але з іншага боку, не ўсе пытанні можна вырашыць праз недзяржаўны суд. Напрыклад, у трацейскія суды звяртаюцца толькі са справамі выключна ў сферы грамадзянскага абарачэння. Падобная сістэма існуе і ў медыяцыі. Для ўрэгулявання канфлікту ў вобласці працоўных, сямейных і прадпрымальніцкіх адносін, а таксама ў сферы паслуг, можна звярнуцца да кваліфікаванага і сертыфікаванага «прымірыцеля-перагаворшчыка», так іх называюць. Дарэчы, медыятарам можа стаць любы чалавек. Нават вы, журналісты. Толькі трэба прайсці адпаведнае навучанне і атрымаць станоўчае рашэнне кваліфікацыйнай камісіі.

— Чаму тады ў гэтыя структуры не надта часта звяртаюцца?

— Бо не ведаюць пра іх. Бо мала пра гэта гаворыцца і пішацца. Між іншым, выкарыстанне альтэрнатыўных метадаў прымірэння — гэта частка культурнага асяродку грамадства і ў той жа час павышэнне ўзроўню талерантнасці, культуры адносін паміж людзьмі. Бо спрэчка вырашаецца не крыўдай і псіхалагічным гвалтам, а прымірэннем. Спакойна, мірна, цярпліва. З тымі ж разводамі — усё можна вырашыць без нерваў і псіхалагічна нетраўматычна, звярнуўшыся да медыятара, напрыклад.

Медыяцыю, дарэчы, плануюць часткова ўводзіць і ў вырашэнне няцяжкіх крымінальных спраў. Бо наўрад ці турма выправіць злачынца, але калі ён сапраўды пакаецца перад пацярпелым у здзейсненым, застанецца на волі і выправіцца, зажыве па-новаму, ці гэта будзе не лепей? Пакуль адпаведны законапраект знаходзіцца на стадыі абмеркавання. Асабіста я падтрымліваю ідэю даваць магчымасць вырашаць спрэчкі альтэрнатыўным спосабам і ў гэтым выпадку.

— Ёсць у вашых словах намёк на тое, што заканадаўства варта гуманізаваць. Як вы ўвогуле разумееце шматзначнае слова «гуманізацыя»?

— Я лічу, што гэта тады, калі цяжкасць пакарання адпавядае цяжкасці злачынства. Апошнім часам шмат пытанняў вырашаецца па змене адказнасці ў крымінальным заканадаўстве. Часта само жыццё дыктуе іх. Напрыклад, летам 2013 года ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці нецвярозы пасадзіў у маторную лодку дзесяць чалавек, пяць з іх загінула. Хоць лодка разлічана толькі на пяцярых! У сувязі з гэтым у законапраекце, які быў нядаўна ўхвалены, узмацняецца крымінальная і адміністрацыйная адказнасць за выкарыстанне маламерных суднаў тымі, хто знаходзіцца ў стане наркатычнага ці алкагольнага ап'янення. Ці гуманнае такое рашэнне? Для злачынцы — не, для астатніх — так. Бо так ратуюцца жыцці ні ў чым не павінных людзей.

Таксама намі былі ўхвалены змены, якія прадугледжваюць узмацненне жорсткасці адказнасці за катаванне, здзейсненае ў дачыненні да састарэлай асобы. Цяпер за такое злачынства можна атрымаць да 5 гадоў пазбаўлення волі. Усё гэта робіцца зноў-такі для абароны ўразлівых слаёў насельніцтва — у гэтым выпадку нашых старых. На вялікі жаль, статыстыка паказвае, што выпадкаў такога кшталту становіцца ўсё болей.

— Ці ёсць змены, звязаныя з хуткім развіццём сучасных тэхналогій?

— Ёсць і такія. Праўда, не надта прыемныя і даволі неадназначныя. Быў паменшаны з 16 да 14 гадоў узрост, з якога наступае крымінальная адказнасць за крадзеж з дапамогай камп'ютарнай тэхнікі. Гэта своеасаблівая абарона ад хакерства школьнікаў, якія лічаць, што раз ім няма 16-ці, адказнасць за рабаўніцтва не наступае. Няхай лепей розум юных тэхнікаў накіроўваецца ў мірнае рэчышча.

— Ці будуць прымацца падобныя законы сёлета?

— Плануецца ўнесці змены ў некаторыя законы па пытаннях бяспекі на лёдзе. Апошнім часам ахвярамі тонкага лёду становіцца маса людзей, у тым ліку і дзяцей. Таму можа быць уведзена адміністрацыйная адказнасць за выхад на яго. Раз людзі самі не клапоцяцца пра сваё жыццё, калі іх можа пакараеш рублём, задумаюцца? Хаця б тыя ж рыбакі. Няўжо жыццё каштуе тае рыбы?

— Ваша камісія таксама займаецца не такой блізкай людзям, але важнай і актуальнай сёння гарманізацыяй і ўніфікацыяй заканадаўства з краінамі ЕАЭС. Якія крокі ўжо зроблены?

— Дагавор аб ЕАЭС азнаменаваў перш за ўсё стварэнне эканамічнага саюза. Таму ў дачыненні да яго мы не можам казаць пра парламенцкае вымярэнне. Еўразійская эканамічная камісія прымае рашэнні па розных пытаннях, і тады краіны-ўдзельніцы мусяць гарманізаваць сваё заканадаўства ў адпаведных абласцях. Далучаецца да гэтай працы і парламент. Наша камісія, напрыклад, разглядае пытанні адносна ўстанаўлення адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за шэраг правапарушэнняў.

Нядаўна намі былі ўхвалены праўкі такога кшталту аб парушэннях мытнага заканадаўства ў межах ЕАЭС. Цяпер у межах саюза дакладна вызначана, якія тавары нельга правозіць праз мяжу. І гэтая мера — адзіная для ўсіх краін — удзельніц ЕАЭС. Акрамя таго, была ўстаноўлена адзіная адказнасць за незаконнае перамяшчэнне праз мяжу наркотыкаў і зброі, а таксама ўсяго, з чаго іх можна стварыць. Змены, унесеныя ў Крымінальны кодэкс, адпавядаюць зместу аналагічных артыкулаў заканадаўства ўдзельнікаў ЕАЭС. У найбліжэйшы час будзе прымацца законапраект, але ўжо аб адміністрацыйнай адказнасці. Цяпер ён унесены ў Палату прадстаўнікоў. Згодна з ім будзе вызначана адміністрацыйная адказнасць за парушэнне патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў. У першую чаргу гэта тычыцца бяспекі і якасці прадукцыі, якая размяшчаецца на рынку Рэспублікі Беларусь.

— Усё ж такі вернемся да абывацельскіх праблем. Пра гэта не так шмат гаворыцца, але члены Савета Рэспублікі таксама сустракаюцца з насельніцтвам. Якія пытанні даводзіцца вырашаць вам і вашым калегам? Бо, па логіцы, гэтым павінны, перш за ўсё, займацца мясцовыя ўлады.

— Сенатары прадстаўляюць пэўныя тэрыторыі абласцей. Самі па сабе сустрэчы з грамадзянамі — наш абавязак і неабходнасць. Але як яшчэ даведацца, чым жыве народ? Галоўнае, што, пагутарыўшы з людзьмі, становіцца зразумела, наколькі эфектыўна працуюць мясцовыя ўлады: выканкамы, Саветы дэпутатаў, органы мясцовага самакіравання. Звароты ад насельніцтва бываюць абсалютна рознымі: ад непамерных патрабаванняў да ўлад да ўстаранення памылак выканаўчай улады. У другім выпадку мы сумесна вырашаем праблему. І галоўнае — сенатары часта аказваюць канкрэтную дапамогу. Напрыклад, адзін з членаў нашай камісіі, Юрый Аляксей, генеральны дырэктар «Гроднааблкінавідэапракат», дапамог арганізаваць курсы камп'ютарнай асветы ў горадзе Шчучыне, у тым ліку для пенсіянераў. Таццяна Удавенка, таксама член камісіі, дырэктар вытворчага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Вікторыя», дапамагла жыхарам Лунінца ў вырашэнні жыллёвых пытанняў і працаўладкаванні, а студэнтам — у ліквідацыі запазычанасці па стыпендыях, якія навучаліся за кошт аднаго з мясцовых сельскагаспадарчых кааператываў.

— Ці часта прыходзяць людзі з прапановамі ўнесці змены ў закон?

— Часам самі звароты — ужо нагода для гэтага. Не толькі праз правядзенне маніторынгаў, але і праз пэўныя выпадкі ў жыцці людзей становіцца відавочна, які артыкул у законе — слабое звяно. Але нават калі прапановы слушныя, для таго, каб закон паправіць, спатрэбіцца год ці болей.

Я лічу, што варта больш законаў выносіць на грамадскае абмеркаванне: размяшчаць на сайтах, у газетах. Як гэта зрабілі з Кодэксам аб культуры і Законам аб карупцыі. Няхай людзі выказваюцца, даюць парады, а мы возьмем з гэтага рацыянальнае зерне. Бо ўлады таксама не могуць ведаць усе тонкасці. Лепей, чым проста скардзіцца, звяртайцеся з канкрэтнымі прапановамі. А мы ў сваю чаргу будзем імкнуцца зрабіць законы яшчэ больш зразумелымі — не толькі юрыстам, але і кожнаму жыхару Беларусі. Бо законы пішуцца найперш для людзей.

Все интервью