Уменне выказвацца і слухаць, марыць і дзейнічаць і не залежаць ад знешніх меркаванняў

Серафинович Екатерина Адамовна
Серафинович Екатерина Адамовна

16 студзеня 2021 г. член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, галоўны рэдактар «Лідскай газеты» Кацярына Серафіновіч апублікавала артыкул у асабістым блозе на сайце Лідскай газеты.

«На вуліцы студзень. Пачатак 2021 года многім запомніцца вось такім па-сапраўднаму зімовым, са скрыпучым снегам пад нагамі, бліскучым інеем на заснежаных дрэвах. Мы адвыклі ад такіх прыгожых зім, якія для нашых геаграфічных шырот былі характэрнымі, здаецца, зусім нядаўна. Таму так шчыра радуемся і снегу, і марозікам…»

Парламентарый адзначае, што у сацыяльных сетках халоднае надвор’е стала адной з самых «гарачых» тэм — так шмат у інтэрнэце здымкаў на фоне зімовых краявідаў, каментарыяў, рэпостаў. Але цудоўнае надвор’е, якое ўсталявалася на тэрыторыі нашай краіны, — гэта толькі адна з тэм, цікавая для людзей рознага ўзросту, сацыяльнага статусу, якая актыўна абмяркоўвалася ў апошнія дні.

Іншыя тэмы — Год народнага адзінства, аб’яўлены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам, і правядзенне шостага Усебеларускага народнага сходу — маюць яшчэ больш высокі індэкс цытавання. І гэта не здзіўляе, бо Усебеларускі народны сход стане той дамінантай, якая вызначыць стратэгію далейшага развіцця краіны. І раней на такіх сходах акрэсліваліся прыярытэты і задачы на бліжэйшыя пяцігодкі. Тым больш цяпер, калі наша грамадства перажывае не самыя простыя часы, патрэбныя дыялог і рашэнні, якія будуць працаваць на карысць кожнага грамадзяніна рэспублікі, якая, нагадаю, нават пад жорсткім напорам не самых прыемных для краіны падзей не мяняе сваёй сутнасці і застаецца сацыяльна арыентаванай.

Што хацелася б сказаць у пачатку Года народнага адзінства? — пытаееца сенатар. Апошнія тры гады — трыяда малой радзімы — таксама былі значнымі ў жыцці кожнага нераўнадушнага да сваёй Бацькаўшчыны чалавека. Толькі іншым было вымярэннне любові да краю, у якім жывём, і, давайце прызнаемся, мы больш дбалі аб яго чысціні і прыгажосці, рэалізацыі сацыяльных і эканамічных праектаў, чым аб чымсьці іншым.

Цяпер жа асаблівае значэнне маюць патрыятызм, уменне выказваць сваё меркаванне і слухаць апанента, жаданне бачыць свой край квітнеючым і прыкладваць для гэтага намаганні. Гэта час, калі дамінаваць павінны не лозунгі і бравада, а голас розуму, цвярозай свядомасці. Гэта менавіта той момант, калі мы павінны зразумець: у нас адна краіна, погляды на яе развіццё могуць быць рознымі, гэта можна і патрэбна абмяркоўваць, але нельга дапусціць, каб нам навязвалася бачанне сітуацыі не беларусамі, а тымі, каму патрэбны раскол у нашым грамадстве і напружанне ў ім для сваёй карысці.

Кацярына Серафіновіч жадае, каб 2021 год стаў годам аб’яднання нацыі, годам паразумення і дыялогу. Ад гэтага залежаць будучыня Беларусі і магчымасць кожнага яе грамадзяніна мець хлеб надзённы і бачыць прыгажосць навокал ва ўсіх праяўленнях жыцця. У тым ліку тую, што нам дорыць прырода. Заўтра нядзеля — самы час наталіцца зімовымі краявідамі Лідчыны. Яны насамрэч цудоўныя, як і іншыя мясціны нашай роднай Беларусі. Хаця з улікам прагнозу сіноптыкаў, якія і надалей прагназуюць маразы, няблага застацца ва ўтульным доме і правесці час разам з блізкімі.


Все интервью