У цэнтры ўвагі — праблемы жыхароў Смілавіцкага рэгіёну

Железнова Нина Викентьевна
Железнова Нина Викентьевна

Напрыканцы мінулага тыдня ў Смілавіцкім сельвыканкаме правяла прыём грамадзян член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі ад Мінскай вобласці, дырэктар сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Азярыцкі-Агра” Смалявіцкага раёна Ніна ЖАЛЯЗНОВА. З праблемнымі пытаннямі да сенатара звярнуліся пяць чалавек –
жыхары аграгарадка Заполле, гарадскога пасёлка Смілавічы і вёскі Шасціснопы.

У АГРАГАРАДКУ ЗАПОЛЛЕ – НІ ЛАЗНІ, НІ КЛУБА…

Першымі да Ніны Жалязновай прыйшлі прыёмшчык комплекснага прыёмнага пункта Святлана Собалева і бібліятэкар Святлана Загарулька з аграгарадка Заполле. Яны акрэслілі адразу некалькі праблем, якія непакояць мясцовых жыхароў.
У аграгарадку не працуе лазня. І, увогуле, у будынку, дзе разам з ёй месцяцца бібліятэка і комплексны прыёмны пункт, адключылі ваду. Асаблівыя нязручнасці гэта стварае, калі сюды два разы на месяц прыязджае цырульнік.
Як патлумачыла старшыня Смілавіцкага сельвыканкама Валянціна Півавар, гэты будынак знаходзіцца на балансе ААТ “Запольскае”, але абслугоўваецца Чэрвеньскім камунгасам. Менавіта ён і адключыў ваду з-за вялікай запазычанасці гаспадаркі за камунальныя паслугі.
Паводле слоў Валянціны Півавар, названая праблема – на кантролі ў райвыканкаме. Разглядаецца два варыянты яе вырашэння: набыццё гаспадаркай свайго ацяпляльнага катла, або перадача будынка лазні на баланс камунгаса.
На думку Ніны Жалязновай, якая таксама паабяцала не пакінуць лазневае пытанне без увагі, варта абраць другі варыянт. А ўвогуле, як лічыць яна, мясцовыя ўлады сітуацыю “праспалі”: перадаць будынак на баланс камунгаса трэба было даўно…
Яшчэ адна праблема, на якой засяродзілася Святлана Загарулька – у аграгарадку няма клуба. Праўда, ёсць прасторная актавая зала ў мясцовай школе. Але, па зразумелых прычынах, паўнавартаснай альтэрнатывай клубу яна быць не можа. У той жа час, вось ужо чатыры гады ў цэнтры паселішча пустуе адміністрацыйны будынак ААТ “Запольскае”: “канторскія” работнікі, зноў жа з-за фінансавых праблем па яго ўтрыманню, вымушаны былі перабрацца ў Дом механізатара на машынны двор гаспадаркі.
Старшыня сельвыканкама Валянціна Півавар лічыць, што пры невялікай перапланіроўцы ў адміністрацыйным будынку мог бы размясціцца клуб. Аднак, паводле яе слоў, сельгаспрадпрыемства “не хоча яго аддаваць”.
Ніна Жалязнова прасякнулася праблемай, але адначасова зазначыла, што разумее і пазіцыю гаспадаркі. Сваю ўласнасць яна можа пры жаданні прадаць. Але гэта сёння ААТ “Запольскае” перажывае не лепшыя эканамічныя часы, а праз некалькі гадоў усё можа змяніцца. І тады адміністрацыйны будынак зноў спатрэбіцца.
Таксама жыхаркі аграгарадка Заполле ўзнялі праблему транспартнай развязкі пры выездзе з гэтага населенага пункта на магілёўскую шашу. Яе будаўніцтва падчас рэканструкцыі аўтамагістралі першапачаткова планавалася, але потым, у сувязі з неабходнасцю патаннення каштарысу, развязка з праекту знікла. Цяпер, каб патрапіць з Заполля на супрацьлеглы бок шашы, трэба пераадолець ладную адлегласць у накірунку Мінска для развароту. У выніку мясцовая гаспадарка, значная частка ўгоддзяў якой знаходзіцца праз дарогу, вымушана несці вялікія дадатковыя выдаткі на паліва для сельгастэхнікі.
Як распавяла Валянціна Півавар, мясцовыя і раённыя ўлады доўга і безвынікова спрабуюць змяніць сітуацыю. Супраць усталявання скразнога праезду на гэтым адрэзку шашы з-за рэгулярнай гібелі тут пешаходаў катэгарычна выступае ДАІ. Не выканана пакуль што і просьба пабудаваць ля павароту на Заполле падземны пешаходны пераход. Гэта найперш дало б палёгку сталым людзям, многія з якіх не маюць сіл, каб ускараскацца па прыступках на існуючы надземны пераход.

ЗА РЭЧКАЙ – «ЛЮДЗІ НА БАЛОЦЕ»

Жыхар Смілавічаў Юрый Маслак прыйшоў на прыём да Ніны Жалязновай з праблемай, якая турбуе, бадай, кожнага, хто жыве ў так званым “зарэчанскім” раёне пасёлка. Паколькі мясцовасць тут балоцістая, а сістэма дрэнажу парушана – вуліцы пастаянна залітыя вадою: ні праехаць па іх, ні прайсці. Шматлікія спробы жыхароў змагацца з бездарожжам самастойна, вялікага эфекту не даюць. Былы старшыня райвыканкама Андрэй Зубар абяцаў арганізаваць падсыпку вуліц гравіем. Але ён сышоў, а праблема засталася. Юрый Маслак выказаў надзею на тое, што зварот да Ніны Вікенцьеўны паспрыяе яе вырашэнню.
Валянціна Півавар дадала, што скаргі на дрэнныя дарогі ў “зарэчанскім” раёне паступаюць у сельвыканкам рэгулярна, заклапочаны становішчам, у якім апынуліся яго жыхары, і ў райвыканкаме. На яе думку, сітуацыю часткова можна было б палепшыць рэгулярным грэйдзіраваннем вуліц. Таму зараз прапрацоўваецца пытанне аб набыцці грэйдэра, які б абслугоўваў смілавіцкі рэгіён.

ПРА ВАДУ, ПОМНІК І АЎТОБУСНЫ ПРЫПЫНАК

Прадметную гутарку з Нінай Жалязновай аб праблемах вёскі Шасціснопы мелі яе жыхары – дэпутат Смілавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Майя Хадыка (на здымку) і дырэктар Шасціснопскага сельскага Дома культуры, кандыдат у дэпутаты Чэрвеньскага раённага Савета дэпутатаў Ігар Гарашчук.
Першая з іх – перабоі з вадой на некаторых вуліцах. Як распавёў Ігар Гарашчук, на адной са свідравін пастаянна псуецца помпа. Некалькі разоў жыхары гэтых вуліц “скідваліся” на яе рамонт. Потым за свае грошы набылі новую помпу. Але вады ў летні перыяд так і не дачакаліся.
Паводле слоў Валянціны Півавар, праблемная артсвідравіна знаходзіцца на балансе ААТ “Запольскае”. Гаспадарка мае прэтэнзію да жыхароў Шасціснопаў: маўляў, яны не плацяць за ваду.
Ніна Жалязнова, якая таксама жыве ў гэтай вёсцы і адчувае праблему з водазабеспячэннем на сабе, выказала гатоўнасць дапамагчы вырашыць яе, чаго б тое не каштавала. Пытанне ж аплаты за ваду яна прапанавала ўлагодзіць проста: трэба, каб кожны спажывец паставіў індывідуальны яе лічыльнік…
Увагі патрабуе і помнік воінам Вялікай Айчыннай вайны ў Шасціснопах, які быў пабудаваны яшчэ ў 1969 годзе. Пад уплывам атмасферных ападкаў на ім пачалі з’яўляцца сколы і трэшчыны. Ігар Гарашчук распавёў, што, наколькі мог, сам тынкаваў і падфарбоўваў помнік. Але надышоў час для больш грунтоўнага рамонту.
Як паведаміла Валянціна Півавар, узнаўленчыя работы на помніку ў Шасціснопах сельвыканкам запланаваў на сёлета. І хаця выканаўцы, што гатовыя ўзяцца за справу, ужо ёсць, яна пагадзілася з парадай Ніны Жалязновай пашырыць пошук спецыялістаў, якія б гарантавалі даўгавечнасць зробленага рамонту.
Таксама Майя Хадыка і Ігар Гарашчук абмеркавалі з сенатарам і старшынёй сельвыканкама магчымасць усталявання аўтобуснага прыпынку ля павароту на Шасціснопы перад скрыжаваннем дарог на Турэц і Дукоршчыну з боку Смілавічаў.

Ігар АДАМОВІЧ

Все интервью