"Не пагарджайце роднай мовай…"

Серафинович Екатерина Адамовна
Серафинович Екатерина Адамовна

Член Пастаяннай камісіі Cавета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, намеснік дырэктара па друкаваных СМІ дзяржаўнай установы “Рэдакцыя “ЛідаМедыяКампанія” Кацярына Серафіновіч падзялілася аўтарскай думкай у блогу “Лідскай газеты”.

У мінулую сераду праводзіла прыём грамадзян і “прамую телефонную лінію”. Упершыню рабіла гэта сумесна з членам Маладзёжнага сходу (парламента) пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Ганнай Маліноўскай. Разам з маладой калегай выслухоўвалі пытанні лідчан і прымалі да ведама пажаданні нашых землякоў.

http://lidanews.by/news/blog-ekateriny-serafinovich/26617news.html

Увогуле, будзённая справа – прымаць звароты грамадзян і вырашаць, як лепш паступіць у тым ці іншым выпадку, каб дапамагчы чалавеку, зразумела, у адпаведнасці з заканадаўствам нашай краіны. Аднак у кожным выпадку найменшае, што можна зрабіць, – гэта выслухаць чалавека, а максімум – дапамагчы вырашыць праблему. Часцей за ўсё робіцца гэта сіламі мясцовых службаў. І гэта паказальна: мясцовая заканадаўчая і выканаўчая ўлады (раённы Савет дэпутатаў і раённы выканаўчы камітэт) не заставаліся і не застаюцца ў баку ад вырашэння надзённых пытанняў жыхароў Лідчыны. Але сёння хацелася сказаць не аб гэтым. У маёй журналісцкай практыцы, а цяпер і практыцы прадстаўніка верхняй палаты беларускага Парламента нямала цікавых сустрэч з людзьмі, якія прыходзяць са зваротамі на прыём. На гэты раз таксама не абышлося без пытання, якое прынята называць у нашым грамадстве сацыяльна значным і якое падалося надзвычай актуальным.

Ядзвіга Міхайлаўна з вуліцы Набярэжнай першай дазванілася на “прамую тэлефонную лінію” і запыталася: чаму ў нас так шмат назваў магазінаў, аб’ектаў грамадскага харчавання, розных паслуг на замежнай мове і недастаткова на беларускай або на рускай. Тое ж тычыцца і музычных конкурсаў ды розных творчых праектаў. Лідчанка сказала нават больш востра: надакучыла чытаць назвы на замежных мовах.

І тут я падтрымліваю Ядзвігу Міхайлаўну: нам, беларусам, патрэбна дбаць пра развіццё роднай мовы, культуры, у тым ліку не забывацца пра назвы, якія змяшчаюцца ў публічнай прасторы або знаходзяцца на нейкіх будынках. Я вельмі сумняваюся ў тым, што англамоўны падбор слоў прынясе больш поспеху нейкай ініцыятыве, чым тая ж самая назва на нашай сакавітай роднай мове. Хопіць захапляцца іншаземнымі звычкамі, слоўцамі!.. Дарэчы, з гэтым пунктам гледжання пагадзілася і Ганна Маліноўская, прадстаўніца маладога пакалення, і нагадала, што ў райвыканкам таксама звяртаюцца людзі з просьбай пры адкрыцці нейкіх аб’ектаў звярнуць увагу на назвы з тым, каб часцей гучалі беларускія словы. Цудоўна, што лідчане неабыякавыя да роднай мовы. Ну а кіраўнікам, прадпрымальнікам – падказка: з лагатыпамі на роднай мове цікавасць да тавараў, мерапрыемстваў будзе больш значнай. Вось у мінулым годзе ў Лідзе праходзіў фестываль “Вытокі. Крок да Алімпу” і меў поспех. На слыху фестываль кнігі і друку “Зоркі лідскіх небасхілаў”. Прыклады можна прыводзіць і яшчэ, аднак узгадаю нядаўняе аншлагавае мерапрыемства: у Свіслачы літаральна на днях прайшоў першы ў Беларусі каравай-фэст “Бацькава булка”, які святкавалі ці не ўсёй краінай. Прыгожа? Вельмі! Так што не спыняемся! Беларускі слоўнік надзвычай багаты – у ім шмат простых, мілагучных назваў…

 

 


Все интервью