Наталля Качанава: Ваша прызначэнне — служыць людзям і аказваць ім дапамогу і падтрымку

Наталля Качанава: Ваша прызначэнне — служыць людзям і аказваць ім дапамогу і падтрымку

Старшыня Савета Рэспублікі сустрэлася з дзяўчатамі-курсантамі ўніверсітэта грамадзянскай абароны МНС.


















— Мне заўсёды прыемна сустракацца з тымі, хто прыходзіць да нас у Савет Рэспублікі. А наогул цяпер шмат людзей, моладзі, якія б хацелі пабываць тут, — пачала сустрэчу Наталля Качанава.

Паводле яе слоў, такія сустрэчы — магчымасць абмеркаваць пытанні, якія хвалююць людзей. Тым больш, цяпер, калі ў інтэрнэце распаўсюджваецца недакладная інфармацыя і фэйкі. 

— Каб даведацца праўду — трэба чытаць і глядзець дзяржаўныя СМІ, — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі.

Яна адзначыла, што законы павінны ісці ад жыцця. Такую задачу ставіць перад парламентарыямі Прэзідэнт. 

— Працуючы над заканапраектамі, мы запрашаем у якасці экспертаў усіх, хто зацікаўлены ў разглядзе таго ці іншага пытання. Прэзідэнт выразна сказаў: мы павінны навучыцца жыць па законах і павінны гэтаму навучыць наша грамадства. Тое, што мы прававая дзяржава і жывём па законах — гэта праўда. У нас ёсць Канстытуцыя — Асноўны Закон краіны. Каля 3 тысяч законаў дзейнічаюць у нашай краіне, — паведаміла моладзі Наталля Качанава.

Вельмі важным напрамкам дзейнасці верхняй палаты парламента яна лічыць работу з насельніцтвам. 

— Мы праводзім прыёмы па асабістых пытаннях, прамыя тэлефонныя лініі, дыялогавыя пляцоўкі, прымаем удзел у пасяджэннях выканкамаў, праводзім выязныя прыёмы — імкнёмся быць у гушчы людзей для таго, каб разумець, як правільна паступаць у тых ці іншых пытаннях. А другое — імкнёмся там, дзе людзі не атрымалі дапамогі, падтрымкі і звяртаюцца да нас — адназначна зрабіць усё, каб ім дапамагчы.

Звяртаючыся да дзяўчат, Наталля Качанава засяродзіла ўвагу на тым, што абраная імі прафесія мае вельмі важнае значэнне ў грамадстве. 

— Ваша прызначэнне — служыць людзям. І тое, што сказаў Прэзідэнт, калі пры неабходнасці спатрэбіцца (а вы людзі ў пагонах) абараняць нашу краіну, то і гэта прыйдзецца рабіць. І гэта абсалютна правамерна, — пераканана Наталля Качанава. — Таму я заўсёды з вялікай павагай стаўлюся да дзяўчат у пагонах. У вас высокае пачуццё патрыятызму, любові да сваёй Радзімы, да свайго народа. Толькі такі чалавек можа смела пайсці туды вучыцца, дзе прыйдзецца апрануць пагоны і абараняць сваю краіну. 

Яна канстатуе: вельмі б гэтага не хацелася, бо ўсе разумеюць, што самае страшнае — калі людзі знаходзяцца ў стане вайны. 

— Але, бачыце, зараз няпростая сітуацыя складваецца ў свеце: сцягваюць тэхніку, войскі да межаў нашай краіны, — падкрэсліла яна. 

Спікер звярнула ўвагу ўдзельніц сустрэчы на ўнікальнасць нашай краіны і выказала ўпэўненасць у тым, што кожная краіна мае права на незалежнасць і суверэнітэт: 

— І яна мае права жыць па сваіх законах, улічваючы свае традыцыі, лад жыцця народа. 
У сувязі з гэтым спынілася Старшыня Савета Рэспублікі і на тэме рэспубліканскага рэферэндуму, правядзенне якога запланавана на 27 лютага. 

— Гэта вельмі сур’ёзны перыяд у нашым жыцці, — адзначае яна і робіць акцэнт на тым, што Канстытуцыя і яе навацыі накіраваны выключна на ўмацаванне дабрабыту людзей. 

Між іншым, спікер верхняй палаты парламента звяртае ўвагу на санкцыйную палітыку Захаду, якую ўлады нашай краіны імкнуцца мінімізаваць для насельніцтва: 

— Пастаўлена задача, каб людзі на сябе гэта не адчулі, — патлумачыла Наталля Качанава. — За мінулы год эканоміка спрацавала цудоўна. Як будзе сёлета? Канешне, год будзе няпросты. 

Разам з тым, яна выказала ўпэўненасць, што краіна пераадолее і гэта выпрабаванне. 

— Вельмі хацелася б, каб наша моладзь разумела, чаго гэта каштуе і цаніла, што зрабілі старэйшыя пакаленні, якія жылі і працавалі, ствараючы краіну на працягу амаль 30 гадоў, — адзначыла спікер. — Зараз, калі стварылі прыгожую краіну, якой трэба ганарыцца і якую мы павінны аберагаць, з’яўляюцца людзі, якія хочуць разбурыць і расцягнуць яе па кавалках. Мы не можам гэтага дапусціць! Таму ваш святы абавязак — зрабіць усё, каб наша краіна заставалася такой. А для гэтага трэба разумець працэсы, што адбываюцца і даваць ім аб’ектыўную ацэнку. 

Наталля Качанава звярнула ўвагу: многія маладыя людзі нават не разумеюць, што ўяўляе сабой дзяржава і што зрабіла яна для кожнага чалавека. Менавіта таму, пераканана спікер, наспеў час унесці праўкі ў Канстытуцыю, якія вельмі годныя. 

— Там з’яўляецца новы сур’ёзны дзяржаўны орган — Усебеларускі народны сход. Гэтая форма вядомая нам, мы па ёй працуем і правялі ўжо шэсць сходаў, — нагадала яна. — Але калі УНС надзяляецца сур’ёзнымі паўнамоцтвамі, трэба, каб ён быў дакладна інтэграваны ў дзяржаўную ўладу. 

Яна выказала ўпэўненасць, што людзі ў нашай краіне разумныя, змогуць разабрацца ў гэтых працэсах і зрабіць правільны выбар. 

Все интервью