Нашу краіну добра ведаюць у свеце

Герасимович Светлана Михайловна 
Герасимович Светлана Михайловна 

У Замбіі, афрыканскай краіне, якая знаходзіцца ледзь не на іншым канцы свету ад Беларусі, праходзіла 134-я Асамблея Міжпарламенцкага саюза. Гэта міжнародная арганізацыя, якая на сваім пачатку была створана для вырашэння менавіта палітычных пытанняў, а сёння заклікана ідэйна яднаць і каардынаваць парламенты ўсяго свету. Пра тое, як прайшла сусветна значная сустрэча, «Звяздзе» расказала Святлана ГЕРАСІМОВІЧ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні.

У працы асамблеі Святлана Міхайлаўна ўдзельнічала ў складзе дэлегацыі Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі разам з Віталём Бусько, старшынёй Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Беларусі і намеснікам старшыні Парламенцкага сходу.

Па словах сенатара, 134-я Асамблея Міжпарламенцкага саюза — вельмі важная палітычная падзея. У цырымоніі адкрыцця браў удзел прэзідэнт Замбіі Эдгар Лунгу. Асноўнымі тэмамі, пра якія гаварылі парламентарыі больш як са 170 краін свету цягам чатырох дзён, сталі ўдзел моладзі ў справах дзяржавы, ахова і захаванне культурнай спадчыны, міжнародная бяспека і барацьба з тэрарызмам. Апошняя тэма набыла асаблівую актуальнасць у сувязі з нядаўнімі выбухамі ў Бруселі.

Падчас адкрыцця асамблеі нашу краіну прадставіла Святлана Герасімовіч, яна распавяла пра ўдзел моладзі ў парламенцкім руху. Замежнікі былі шчыра здзіўлены, калі даведаліся, што ў Беларусі бясплатныя медыцына, адукацыя, гурткі і секцыі для дзяцей, створаны спецыяльны фонд Прэзідэнта па падтрымцы таленавітых маладых людзей.

Парламентарый падкрэсліла, што імкненне моладзі да дэмакратыі натуральнае, і не менш натуральным з'яўляецца яе імкненне да моцнай дзяржавы, здольнай рэагаваць на сучасныя выклікі і пагрозы, эфектыўна вырашаць сацыяльныя праблемы. У Беларусі цяпер працуе 35 маладзёжных парламентаў, у якіх маладыя людзі могуць сябе праявіць. парламенты былі арганізаваны па ініцыятыве саміх хлопцаў і дзяўчат і дзейнічаюць пры ўсіх абласных Саветах дэпутатаў ці пры некаторых ВНУ. Ужо ў маладым узросце юныя парламенцёры распрацоўваюць уласныя грамадскія праекты і ажыццяўляюць іх.

«Трэба аддаць належнае, нашу краіну ў свеце пазнаюць», — дзеліцца ўражаннямі парламентарый. Па яе словах, удзельнікі дэлегацый з Амана, Францыі і Кітайскай Народнай Рэспублікі ведаюць нашу краіну, бывалі ў ёй і плённа супрацоўнічаюць.

У рамках асамблеі адбыўся шэраг двухбаковых сустрэч прадстаўнікоў Беларусі, у тым ліку з прэзідэнтам МПС Саберам Чаўдхуры, генеральным сакратаром Міжпарламенцкага саюза Марцінам Чунгонгам, старшынёй Пастаяннага камітэта па міжнародных справах Нацыянальнай асамблеі Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам Тран Ван Гангам, а таксама з прадстаўнікамі дэлегацый Расіі, Украіны, В'етнама, Сербіі, Тайланда, Кітая, Швецыі, Польшчы, Амана, Турцыі, Францыі і іншых. Абмяркоўваліся перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва. Асаблівая ўвага была нададзена ўзаемадзеянню рэгіёнаў.

У адзін з дзён асамблеі засядала геапалітычная група «Еўразія» Міжпарламенцкага саюза. На пасяджэнні абмяркоўвалі пытанні саюзнага будаўніцтва, супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх сродкаў масавай інфармацыі і развіццё агульнай інфармацыйнай прасторы, а таксама падрыхтоўку да Трэцяга форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які адбудзецца ў чэрвені гэтага года ў Мінску.

Расійскі бок прапанаваў наступную асамблею правесці ў Санкт-Пецярбургу, прыводзіў як аргумент прыгажосць горада і яго эканамічную прывабнасць. «Калі слова далі мне, вырашыла прадставіць Беларусь, расказала пра нашы культурныя славутасці, створаны спрыяльны для развіцця бізнесу інвестыцыйны клімат, пра спакой на нашай зямлі без войнаў», — падсумоўвае Святлана Міхайлаўна, якая з'яўляецца членам Пастаяннай камісіі па вывучэнні вопыту дзяржаўнага будаўніцтва і мясцовага самакіравання МПС СНД.

Все интервью