Наперадзе – плённая работа на карысць нашай краіны і народа

Ситько Михаил Михайлович
Ситько Михаил Михайлович

У Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання ад Гродзенскай вобласці выбрана восем кампетэнтных, адказных, з дзяржаўнай пазіцыяй службовых асоб. Сярод іх і старшыня Ваўкавыскага райвыканкама Міхаіл Міхайлавіч Сіцько. Кандыдатуру гэтага дзелавога і аўтарытэтнага чалавека пaадтрымалі выканаўчая ўлада і дэпутаты райсавета Шчучыншчыны, якія аддалі за яго свае галасы падчас пасяджэння дэпутацкага корпуса базавага ўзроўню, што прайшло 13 верасня ў Гродне.

Верхняя палата беларускага парламента ўжо актыўна працуе, да выканання новых абавязкаў прыступілі і сенатары. У прыватнасці, М.М. Сіцько прыняў удзел у пасяджэнні Шчучынскага райвыканкама і правёў прыём грамадзян. Скарыстаўшыся магчымасцю, некалькі пытанняў адрасавала сенатару і журналіст “Дзянніцы”.

– Міхаіл Міхайлавіч, прыезд у наш рэгіён для ўдзелу у гэтых мерапрыемствах – гэта Ваша своеасаблівае сенатарскае “хрышчэнне”?

– Калі гаварыць аб рабоце ў рэгіёнах, то менавіта так і ёсць. Гэта мой першы прыёмны дзень у новым статусе. Да таго ж прыехаў сюды, каб шчыра падзякаваць шчучынскаму дэпутацкаму корпусу, кіраўніцтву раёна, што вылучылі, а потым і падтрымалі маю кандыдатуру на гэту высокую дзяржаўную пасаду. А таксама пацікавіцца, як развіваецца рэгіён, і выслухаць жыццёвыя праблемы людзей. Спадзяюся, што ў фармаце такіх дзелавых сустрэч будзем працаваць і далей. Планую весці прыём грамадзян па меры неабходнасці, але не радзей за адзін раз у месяц – ці ў Шчучыне, ці ў суседніх Мастах.

Хачу сёння паўтарыць сказанае на пасяджэнні райвыканкама: Шчучынскі раён – аплот нашай вобласці, а старшыня райвыканкама С.В. Ложэчнік – кампетэнтны, ініцыятыўны і дальнабачны кіраўнік. Адпавядае яму і каманда. Прыемна кантактаваць з такімі прафесіяналамі. Пастараюся ўважліва паставіцца і да зваротаў грамадзян, і да вырашэння на ўзроўні рэспублікі тых актуальных пытанняў, якія дазволяць Шчучынскаму раёну развівацца больш дынамічна. У мяне як сенатара ёсць такія паўнамоцтвы і магчымасці. Сам ужо дзесяць год працую старшынёй райвыканкама, таму не па чутках ведаю, якія праблемы існуюць сёння ў сістэме ЖКГ, будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, сферы занятасці...  А эканоміка і дабрабыт людзей моцна ўзаемазвязаны. 

– Інтарэсы якіх яшчэ рэгіёнаў Вы будзеце прадстаўляць у верхняй палаце парламента?

– Акрамя Шчучынскага, -- Ваўкавыскага і Мастоўскага раёнаў. Савет Рэспублікі – гэта орган тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, і жыццё рэгіёнаў – у сферы яго інтарэсаў. Спадзяюся, наперадзе ў нас добрыя справы, плённая, якасная і вельмі прынцыповая работа, накіраваная на рэалізацыю дзяржаўных прыярытэтаў, мабілізацыю сіл і рэсурсаў дзеля росту эканомікі і дабрабыту людзей. А напрамкі дзейнасці і адрасы прыкладання сіл дакладна абазначыў Прэзідэнт краіны А.Р. Лукашэнка на пятым Усебеларускім народным сходзе. Усе мы, Савет Рэспублікі ў тым ліку, будзем працаваць над рэалізацыяй пастаўленых задач.

– Большасць з абраных у склад Савета Рэспублікі застаюцца спецыялістамі-практыкамі ў тых сферах, дзе працавалі да гэтага. Вось і Вы працягваеце выконваць службовыя абавязкі кіраўніка Ваўкавыскага раёна. Між тым, важны ўчастак работы сенатара – удзел у сесіях, тым самым, далучэнне да заканатворчага працэсу...

– Так. Я з’яўляюся членам пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах. Яна будзе займацца канцэпцыяй развіцця эканомікі краіны. Сам абраў гэту сур’ёзную камісію з улікам уласнай прафесіянальнай практыкі. Я – гаспадарнік, доўгі час працую на кіраўніцкіх пасадах. Ведаю, што грошы – гэта аснова асноў. Многае, што робіцца ў дзяржаве, фінансуецца з бюджэту: прамысловасць, абарона, адукацыя, ахова здароўя, культура, жыллёва-камунальная гаспадарка і г.д. Ладны кавалак бюджэтнага “пірага” атрымлівае “сацыялка”. Дзе сёння шукаць крыніцу рэзерваў для падтрымкі розных сфер? І куды ўкласці грошы, каб атрымаць самую вялікую выгаду? Зноў жа эканоміка, фінансы і напаўненне бюджэту – усё цесна ўзаемазвязана. Няма зарплаты – няма падаходнага падатку, падаюць аб’ёмы вытворчасці – няма падатку на прыбытак... Над пытаннямі эфектыўнай работы эканомікі мы з калегамі і будзем працаваць у камісіі. 

– Вас называюць чалавекам ад зямлі...  

– Я – пан касы і сахі (смяецца). Нарадзіўся ў вёсцы Алекшыцы Бераставіцкага раёна. Бацькі – сельскія інтэлігенты: мама працавала настаўніцай пачатковых класаў, тата – ветэрынарным урачом. У сям’і было трое дзяцей, я – малодшы. Жылі з уласнай працы, таму і цанілі яе. Яшчэ васьмікласнікам на канікулах я пайшоў памочнікам камбайнера. Скончыў сельгасінстытут, да прызыву на службу ў армію працаваў аграхімікам у Хойніцкім раёне. Потым загадваў вытворчым участкам у сваіх Алекшыцах. Знайшоў агульную мову з землякамі, яны ж у 1997-ым абралі мяне старшынёй калгаса імя Леніна. Было ўсё і ўсякае, была і сітуацыя разбітага карыта... Але паступова склаўся калектыў аднадумцаў. Сам многа працаваў, нават ва ўрон сям’і. І справы пайшлі на лад. У 2005 годзе даручылі ўзначаліць Бераставіцкі раён, а праз шэсць гадоў – Ваўкавыскі. Усюды ставіў сваёй мэтай зрабіць, вырашыць, дапамагчы, уласным прыкладам паказаць, што кіраўнік заўжды ў гушчыні і на вастрыі жыцця. Здаецца, гэта ў мяне атрымліваецца.

– Ці знаёмы Вы былі раней са сваімі гродзенскімі калегамі-сенатарамі? 

– Можна сказаць, з усімі: дзесяць гадоў працы ў выканаўчым камітэце далі магчымасць для дзелавых стасункаў. З кімсьці кантактаваў больш, да прыкладу, з тым жа старшынёй абласнога Савета дэпутатаў Ігарам Георгіевічам Жуком, з рэктарам Гродзенскага медуніверсітэта Віктарам Аляксандравічам Сняжыцкім... Увогуле ў складзе Савета Рэспублікі многа вядомых і знаёмых людзей з іншых рэгіёнаў рэспублікі. 

– Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на першай сесіі нацэліў сенатараў на вырашэнне праблем занятасці, эфектыўнага выкарыстання прамысловага і сельскагаспадарчага патэнцыялу і многіх іншых. Вы, Міхаіл Міхайлавіч, напэўна, таксама вызначылі для сябе прыярытэты?

– Я хацеў бы, каб мы сур’ёзна аднесліся да праблем сельскай гаспадаркі. Змяніўся час, і былыя крытэрыі ацэнкі гаспадарчай дзейнасці сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый сталі архаізмамі. Усё павінна ацэньвацца па фінансавым стане. Рэзультаты залежаць ад затрат, ад эфектыўнасці ўкладзенага рубля. Наш галоўны рэзерв у кожнай справе – кадры. Так, у Ваўкавыскім раёне 68 працэнтаў малака прадаём сортам “экстра”. Ведаеце, як гэта атрымалася зрабіць? Мы дайшлі да кожнай даяркі, з кожнай пагаварылі, растлумачылі, як, што і да чаго. Таму, лічу, трэба многа працаваць з людзьмі. Кожны чалавек, і кіраўнік асабліва, павінен быць зацікаўленым у выніках працы прадпрыемства.

А нядаўна паважаны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка пры назначэнні кіраўнікоў, у тым ліку і рэгіёнаў, выказаўся пра тое, што разам неабходна клапаціцца аб чысціні і парадку ў нашым агульным доме. Настольнай кнігай у кожнага кіраўніка раёна павінен стаць канкрэтны план замацавання прадпрыемстваў і арганізацый незалежна ад формы ўласнасці, прыватных асоб за тэрыторыямі і населенымі пунктамі. Зрэшты, важных для нашага грамадства пытанняў, над якімі трэба працаваць, шмат.

Таццяна ПАЛУБЯТКА

Все интервью