Магілёўскі інстытут МУС даў старт марафону добрых спраў

Магілёўскі інстытут МУС даў старт марафону добрых спраў

Калі дакладна, то гэта хутчэй працяг эстафеты. Бо тут існуе традыцыя дапамагаць на працягу года тым, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Па словах начальніка ВНУ генерал-маёра Валерыя Палішчука, для будучага афіцэра, які стаіць на варце інтарэсаў грамадства, гэта асноўнае правіла. Як сенатар ён апякуе ў Магілёўскай вобласці Мсціслаўскі, Дрыбінскі і Горацкі раёны.


Гэтым разам нагодай для візітаў стаў Міжнародны дзень інвалідаў. Для аддзялення кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у аграгарадку Пудаўня Дрыбінскага раёна былі закуплены інвалідная каляска і іншыя патрэбныя ў бытавым карыстанні прадметы, пастаяльцам дома-інтэрната для пажылых людзей і інвалідаў у пасёлку Андраны Мсціслаўскага раёна перададзены цёплыя рэчы і хатнія кансервы, а шматдзетная сям'я Жукавых з Пудаўні атрымала тры ровары і салодкія падарункі. Удзел у акцыі па зборы цёплых рэчаў і прадуктаў харчавання бралі як выкладчыкі інстытута, так і курсанты. Хтосьці перадаваў вязаныя шкарпэткі, нехта — слоік з варэннем. У справах дабрачыннасці важна прасякнуцца духам міласэрнасці, абудзіць у душы патрэбную гаму. Эмоцыі застануцца і замацуюцца. Па сутнасці, увагай адной установы было ахоплена каля 140 чалавек. Валерый Палішчук заўсёды на сувязі з кіраўніцтвам сацыяльных устаноў і бацькамі шматдзетнай сям'і з Пудаўні. Тыя ж ровары — гэта пажаданне дзяцей, бо іх у сям'і восем, а ровар быў адзін.

— Сёння мы аказалі дапамогу пажылым людзям і шматдзетнай сям'і, а ў хуткім часе запланавана нямала мерапрыемстваў, дзе мы павіншуем з надыходзячымі святамі ўсіх тых, хто чакае нашай дапамогі, — адзначыў сенатар. — Пачуццё адказнасці, традыцыі афіцэрства, неабходнасць падставіць плячо ў патрэбны момант і аказаць дапамогу — на такіх прынцыпах мы выхоўваем нашых курсантаў. А яны ўжо па ланцужку перадаюць гэтыя паняцці іншым.

Наперадзе яшчэ шмат дабрачынных візітаў да тых, з кім установа падтрымлівае пастаянныя сувязі і каму патрэбнае садзейнічанне. Сярод іх — былы супрацоўнік інстытута, які мае інваліднасць, — Дзяніс Варэннікаў. Для яго сабраны грашовыя сродкі, яны пойдуць на набыццё дарагіх сродкаў медыцынскага догляду. А яшчэ адзінокая пенсіянерка Вольга Еўдакімаўна Пахоменка. Прадстаўнікі інстытута МУС наведаюць таксама сацыяльныя ўстановы, шматдзетныя сем'і і дзіцячыя цэнтры рэабілітацыі ў Горацкім, Магілёўскім і Мсціслаўскім раёнах.

Все интервью