Грошы і рэгіёны. Гутарка з Уладзімірам Панцюховым аб развіцці эканомікі

Пантюхов Владимир Иванович
Пантюхов Владимир Иванович

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзімір Панцюхоў расказаў пра тое, як заканадаўцы забяспечваюць умовы для развіцця эканомікі.


— Уладзімір Іванавіч, якія прыярытэты ў рабоце камісіі былі ў 2018 годзе?

— Работа не толькі Пастаяннай камісіі, але ўсёй верхняй палаты парламента сёлета была накіравана на фарміраванне заканадаўчай базы для рэалізацыі прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, ухваленых дэлегатамі пятага Усебеларускага народнага сходу — інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя, моладзь. Як бачыце, чатыры з пяці датычацца сферы эканомікі.

— Інвестыцыям былі прысвечаны нядаўнія парламенцкія слуханні.

— Верхняя палата сфармулявала канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні заканадаўства ў інвестыцыйнай сферы і прадставіла іх у Палату прадстаўнікоў, ва ўрад і Адміністрацыю Прэзідэнта. Гэта і развіццё інстытута спецінвесткантрактаў, і ўвядзенне стабілізацыйнай агаворкі (нераспаўсюджванне на інвестараў нормаў, якія пагаршаюць умовы іх працы), і развіццё прававых умоў для рынку аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, і распаўсюджвання ў іншых сектарах эканомікі паспяховай мадэлі «адна станцыя». Калі, як гэта зроблена ў Беларуска-кітайскім індустрыяльным парку, увесь комплекс паслуг для інвестара аказваецца на адной тэрыторыі, а для замежных інвестараў, якія пастаўляюць найноўшыя тэхналогіі і абсталяванне, прадугледжаны льготы. Інвестыцыі непасрэдным чынам звязаны з тэмай занятасці насельніцтва. Бо гэта — новыя рабочыя месцы, добрыя заробкі, у рэшце рэшт — дабрабыт людзей.

Пытанням занятасці насельніцтва было прысвечана выязное пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі ў Магілёве вясной. Па яго выніках мясцовай уладзе даручаны шэраг захадаў па павышэнні эканамічнага патэнцыялу рэгіёнаў.

Гэта работа была працягнутая ў ліпені, калі на круглым стале ў Віцебску абмяркоўвалася практыка выкарыстання закона «Аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва». У Мінэканомікі былі накіраваны рэкамендацыі па ўдасканаленні заканадаўства і, у прыватнасці, праекта ўказа «Аб дзяржаўнай фінансавай падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва».

— Чым адметная работа заканадаўцаў па падтрымцы экспарту?

— Наша місія — фарміраванне прававых умоў для падтрымкі прадпрыемстваў-экспарцёраў. Асноўная прапанова сенатараў — актыўнае стымуляванне экспарту высокатэхналагічнай прадукцыі і комплексная падтрымка «на знешнім контуры» інавацыйна актыўных прадпрыемстваў.

У чэрвені Пастаянная камісія па эканоміцы, бюджэце і фінансах правяла пашыранае пасяджэнне на базе ААТ «Магатэкс» у Магілёве, прысвечанае дыверсіфікацыі экспарту. Мы вызначылі, што для атрымання доступу на рынак Еўрапейскага саюза беларускім прадпрыемствам трэба паляпшаць маркетынгавую і кіраўніцкую палітыку, павышаць сваю канкурэнтаздольнасць. Дзіўна, што большасць сайтаў беларускіх прадпрыемстваў у англамоўным варыянце не дае неабходную інфармацыю аб экспартуемай прадукцыі. Адсутнічаюць універсальныя спецыялісты, здольныя прасоўваць тавар на знешнія рынкі.

І яшчэ. Нарошчванне долі беларускіх таваравытворцаў на рынку Еўразійскага эканамічнага саюза стрымліваецца пераважна нетарыфнымі абмежаваннямі: адміністрацыйнымі (сертыфікаты, ліцэнзіі) і тэхнічнымі (маркіроўка, ветэрынарны кантроль, стандарты якасці). Мяркуем, што адказным органам выканаўчай улады (МЗС, Мінэканомікі, галіновыя міністэрствы) неабходна больш актыўна абараняць нацыянальныя інтарэсы ў інтэграцыйных структурах, дамагацца роўных умоў працы для ўсіх суб'ектаў гаспадарання.

— Што датычыцца інфарматызацыі, то пад яе знакам, здаецца, прайшоў увесь 2018 год.

— І недарэмна. Пашырэнне спектру і аб'ёмаў работ у ІT-сферы — гэта дадатковая валютная выручка, новыя рабочыя месцы з высокай дабаўленай вартасцю і, у цэлым, развіццё сферы паслуг з нізкай матэрыяла- і энергаёмістасцю. Таму мэтавай задачай парламентарыяў з'яўляецца садзейнічанне ў пазіцыянаванні Беларусі як ІT-краіны і стварэнне прававой базы для лічбавізацыі эканомікі.

Стрыжнем заканадаўства ў ІT-сферы з'яўляецца Дэкрэт Прэзідэнта № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі», які быў прыняты ў канцы мінулага года. Нягледзячы на тое, што гэты дакумент з'яўляецца самадастатковым, мяркуем, што ва ўвязцы з ім неабходна прыняцце цэлага комплексу нарматыўна-прававых актаў, якія б развівалі яго нормы і дазволілі б «мякка» рэгуляваць сферу лічбавай эканомікі, ствараючы «прававы каркас» для далейшай інфарматызацыі краіны.

У чэрвені на базе «Магілёўліфтмаша» адбыўся выязны круглы стол з удзелам расійскіх і беларускіх сенатараў на тэму «Пераход да лічбавай эканомікі як умова канкурэнтаздольнасці Беларусі і Расіі». Удзельнікі абазначылі шэраг задач у названай сферы: падрыхтоўка кадраў, павышэнне іх кваліфікацыі, сінхранізацыя існуючага заканадаўства дзвюх краін і яго ўдасканаленне.

Перспектывы лічбавізацыі эканомікі ў кантэксце Саюзнай дзяржавы мы разглядалі і на адпаведнай секцыі ў рамках V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

— Адзін з ключавых кірункаў дзейнасці парламента — штогадовая работа над пакетам бюджэтных законапраектаў. Якія прапановы сенатараў увайшлі ў бюджэтныя законы сёлета?

— У ліку нашых прапаноў — павелічэнне долі расходаў на сацыяльныя патрэбы і абслугоўванне знешняга дзяржаўнага доўгу пераважна за кошт унутраных рэсурсаў (альбо на парытэтнай аснове з рэфінансаваннем), а яго пагашэнне за кошт паступленняў ад экспартных пошлін на калійныя ўгнаенні, нафту і нафтапрадукты. У інтарэсах развіцця рэгіёнаў мы, у прыватнасці, прапанавалі пашырыць іх падатковую аўтаномію і гарантаваць захаванне ўзроўню датацый і субвенцый з рэспубліканскага бюджэту пры павелічэнні даходаў мясцовых бюджэтаў.

Я ўжо казаў аб прапанове тэрытарыяльнай палаты па дадатковай бюджэтнай падтрымцы экспарту высокатэхналагічнай прадукцыі, яна таксама знайшла адлюстраванне ў бюджэце на 2019 год.

Удакладнены артыкулы, звязаныя з мясцовымі бюджэтамі і правядзеннем ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Збалансаваны бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва з улікам дынамікі колькасці занятага ў эканоміцы насельніцтва.

— Яшчэ адна значная падзея года — V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Вы згадалі работу секцыі, прысвечанай лічбавай эканоміцы, на якой былі не толькі распрацаваны адпаведныя рэкамендацыі, але і падпісаны канкрэтныя дакументы.

— Так, былі падпісаны Пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы лічбавай эканомікі паміж Беларускім фондам фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў і Фондам развіцця прамысловасці Расійскай Федэрацыі, а таксама кантракты на пастаўку прадукцыі паміж кампаніямі «Магілёўліфтмаш» і «Ніжагародліфт», «Гродзенскі мясакамбінат» і «Смак дзяцінства». Аналагічная работа праведзена і на астатніх чатырох секцыях.

У рамках V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшло таксама пасяджэнне савета дзелавога супрацоўніцтва. Гэта новая падзея ў рамках Форуму і новая пляцоўка, якая дала магчымасць прадстаўнікам бізнесу абмеркаваць актуальныя пытанні супрацоўніцтва ў прамысловай кааперацыі, пераадолення бар'ераў у знешнім гандлі. Бакі абмеркавалі сумесную работу і па імпартазамяшчэнні.

Па выніках пасяджэння савета дзелавога супрацоўніцтва беларускія прамысловыя прадпрыемствы падпісалі 13 дагавораў на пастаўку прадукцыі ў Расію на агульную суму каля 335 мільёнаў долараў. З верасня да кастрычніка агульная сума заключаных экспартных камерцыйных кантрактаў з расіянамі склала рэкордныя для падобных форумаў 539 мільёнаў долараў. Гэту высокую планку трэба будзе захаваць і на VІ Форуме.

— Верхняя палата парламента перыядычна дакладвае кіраўніку дзяржавы аб рашэнні сістэмных праблем эканомікі. На што сенатары звярталі ўвагу?

— На тое, што мер, якія прымае ўрад у развіццё Дэкрэта № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», недастаткова. Больш актыўную ролю павінны выконваць Нацыянальны банк і банкаўская сістэма ў цэлым.

Акрамя таго, не ўдаецца знізіць узровень малазабяспечанасці насельніцтва. Дзве траціны выдаткаў насельніцтва накіраваны на задавальненне базавых (неадкладных) патрэб: харчаванне, жыллёва-камунальныя паслугі і транспарт. Гэта сітуацыя абвастрае дэмаграфічнае пытанне. У 2017 годзе ў Беларусі памерла на 16,8 тысячы чалавек больш, чым нарадзілася.

У сваім аналізе сітуацыі мы абгрунтавалі, што высокія тэмпы развіцця эканомікі ў нашых умовах магчыма забяспечыць у асноўным за кошт інвестыцый у эфектыўныя вытворчасці і віды дзейнасці, а таксама інавацый.

— Раскажыце пра маніторынг заканадаўства.

— Пастаянная камісія па эканоміцы, бюджэце і фінансах сёлета выяўляла праблемы пры прымяненні закона «Аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва». Па выніках маніторынгу зроблены высновы аб неабходнасці ўдасканалення згаданага закона і падрыхтаваны адпаведныя рэкамендацыі, якія, у прыватнасці, прадугледжваюць стварэнне спецыялізаванай арганізацыі па садзейнічанні развіццю малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Мэтазгодна перагледзець крытэрыі аднясення кампаній да суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і стварыць гарантыйны механізм, які забяспечыць выдачу банкаўскіх крэдытаў малому і сярэдняму бізнесу.

— Уладзімір Іванавіч, такім чынам, зроблена нямала. Застаецца спадзявацца, што праблемы, абазначаныя сенатарамі сёлета, у наступным годзе вырашацца.

— Безумоўна. Пры гэтым паўстануць новыя праблемы, якія ўсе мы разам будзем вырашаць, каб рухацца наперад.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Все интервью