Дзеля краіны, дзеля сябе…

Казаровец Николай Владимирович
Казаровец Николай Владимирович

Мікалай КАЗАРАВЕЦ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:

— Памятаю, для мяне, калі я ўпершыню ішоў на выбары, гэта было вялікім хваляваннем. Сам я родам з Віцебскай вобласці, з вёскі Харкі, што ў Пастаўскім раёне. Выбары адбываліся ў гарадскім пасёлку Варапаева, дзе ўсё праходзіла вельмі святочна. Я тады ўпершыню прыйшоў на выбарчы ўчастак і аддаў свой голас за аднаго з дэпутатаў тады яшчэ Вярхоўнага Савета. Ужо прозвішчаў патэнцыйных парламентарыяў не ўзгадаю, праўда, але добра памятаю тое хваляванне, адчуванне адказнасці, калі апускаў бюлетэнь ва урну. Нас, такіх маладых хлопцаў, было чацвёра. Мы загадзя абмяркоўвалі ўсе кандыдатуры, а ў дзень выбараў разам галасавалі. Чамусьці гэтыя дні ўзгадваюцца радаснымі, вельмі светлымі. І галоўнае — мы адчувалі сябе сапраўды дарослымі людзьмі. Гэта быў моцны душэўны пад’ём. Адказнасць, яе разуменне, гонар за сваю краіну, бо яна давярала нам выказаць сваю думку наконт фарміравання парламенцкага сходу краіны.

Працуючы ў Савеце Рэспублікі, мы сустракаемся з маладымі людзьмі, якія ўпершыню галасуюць. Мы запрашаем іх у госці, у наш будынак, і хачу сказаць, што яны таксама хвалююцца, як і мы, калі былі маладымі. Гэтаксама разумеюць адказнасць і значнасць гэтага моманту, таму што нарэшце дасягнулі пэўнага ўзросту і праяўляюць уласнае волевыяўленне як грамадзяне сваёй дзяржавы. Таму я лічу, што як было хваляванне ў маладых людзей дзесяцігоддзі таму, так яно і засталося. Бо гэта сапраўды значны крок у плане ўзросту (акурат маладыя людзі дасягнулі 18 гадоў), усё адбываецца ўпершыню (як тут застанешся спакойным?), а самае галоўнае — перш чым аддаць свой голас, малады чалавек вывучае кандыдатаў, іх вопыт, прафесію, ацэньвае, разважае і робіць выбар.

Я лічу, што абавязак кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь — выказаць сваё меркаванне ў плане дзяржаўнага парадку, далейшага развіцця грамадства. Грамадзянін мае права ў нашай дэмакратычнай краіне аддаць свой голас за любога кандыдата, які яму даспадобы. Я, напрыклад, ужо не ў маладым узросце, маю вялікі жыццёвы вопыт, і таму дакладна ведаю, за каго прагаласую 11 кастрычніка. Заклікаю кожнага прыйсці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць, тым самым непасрэдна паўдзельнічаўшы ў вырашэнні далейшага лёсу краіны.

Тамара ДАЎГАШЭЙ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, галоўны ўрач установы аховы здароўя «Гродзенскі абласны клінічны кардыялагічны цэнтр»:

— Медыкі Гродзенскай вобласці, у тым ліку і супрацоўнікі нашага кардыялагічнага цэнтра, аказваюць людзям высокаспецыялізаваную кардыяхірургічную і кардыялагічную дапамогу. За мінулыя 4 гады мы зрабілі значна больш, чым запланавалі. Да канца 2015 года збіраемся выканаць каля 500 аперацый на сэрца, каля 1000 — рэнтгенэндаваскулярных, а ў цэлым — 2000 разам з дыягнастычнымі ўмяшаннямі. Гэта ўзровень буйнога еўрапейскага цэнтра.

За мінулы год мы ўкаранілі некалькі новых методык, у тым ліку некалькі інавацыйных. Распачалі і актыўна выконваем аперацыі на адкрытым сэрцы па пратэзаванні клапана і па накладанні шунтоў на каранарныя артэрыі з лініяй разрэзаў 4-5 сантыметраў, пратэзаванні і пластыцы аорты. Па гэтай аперацыі за мінулы год ніводзін чалавек не адпраўлены ў Рэспубліканскі цэнтр кардыялогіі.

Перад выбарамі настрой у калектыве аптымістычны, бадзёры. Усе мы ў гэты перадвыбарчы перыяд думаем аб дзяржаўнасці. І калі выключыць палітычны складнік гэтага паняцця, у агульначалавечым сэнсе гэта перш за ўсё клопат аб грамадзянах нашай краіны, у тым ліку аб іх здароўі. Менавіта гэта пераконвае нас у тым, што дзяржаўнасць у нашай краіне ёсць і яе трэба захоўваць і падтрымліваць, у тым ліку і асабістым удзелам у выбарах.

Вераніка ПУСТАВІТ

Все интервью