Дык што там з фэйкамі пра бульбу, якой засталося на тры дні?

Серафинович Екатерина Адамовна
Серафинович Екатерина Адамовна
Кожны вечар стараюся прачытаць хоць колькі старонак кнігі. Апошнім часам гэта аповесць «Крутыя вёрсты» Уладзіміра Ліпскага. Перад гэтым наведвала раённую бібліятэку і брала сучасную прозу іншых беларускіх аўтараў. Бывае, бяру замежную класіку. Падманваць не буду – скажу як ёсць: навіны з інтэрнэту таксама не абыходжу ўвагай – павінна быць у курсе спраў і ведаць, што адбываецца ў краіне і навокал яе. 

Дык вось у чым парадокс: чым больш праглядаю стужку навін з інтэрнэту, тым часцей хочацца проста памыць рукі і абстрагавацца ад таго бруду і падману, што цэбарам халоднай вады выліваецца на карыстальнікаў Сусветнай павуціны. Вось апошнім разам чытала: на паліцах магазінаў Беларусі няма грэчкі. А што гэта ўчора я набыла ў магазіне? Не грэчку? Так кілаграм чаго ўпакаваны пад выглядам маіх любімых грэцкіх круп? Смех, дый годзе, як казаў класік.

Вывучаем далей, чым яшчэ спрабуюць нас запужаць. Цукру няма (падман, ёсць!). А сцвярджэнне, што бульбы ў рэспубліцы засталося на тры дні, увогуле выклікала не толькі смех, але і раздражненне. Толькі ўчора сваячка скардзілася, што дажджлівае надвор’е не дае магчымасці выкапаць тую самую бульбу, якой, па сцвярджэнні нашых нядобразычліўцаў, засталося на тры дні. Я не кажу пра рынкі, магазіны, у якіх другога хлеба беларусаў на любы густ. І чым большую колькасць вы пажадаеце набыць, тым больш задаволены будзе прадавец. Дарэчы, у нашым горадзе пачаў працаваць сельскагаспадарчы кірмаш, на якім рэалізуецца прадукцыя, вырашчаная сельгаспрадпрыемствамі Лідчыны, у фермерскіх гаспадарках і на прыватных падвор’ях. 

Каб удакладніць сітуацыю, патэлефанавала ва ўпраўленне гандлю і паслуг Лідскага райвыканкама, запыталася: няўжо апошнія кілаграмы прадуктаў выкладзеныя на паліцы? 

Пачула ў адказ, што прадуктаў хапае і запас ёсць. Гэта кагосьці здзіўляе? Нагадаю вядомае: харчовая бяспека краіны – пад асаблівым кантролем урада, і перажываць з нагоды таго, што ў краіне скончылася бульба ці яшчэ які харч, пры дзеючых сельгаспрадпрыемствах і прадпрыемствах перапрацоўчай галіны – неверагоднае глупства. 

У Скідзелі прайшлі абласныя «Дажынкі» – свята хлебаробаў Гродзеншчыны. Лідчына на гэтым свяце таксама была прадстаўлена. І яркае, самабытнае свята, дзе ўшаноўваць людзей працы, тых, хто шчыруе на зямлі, – наш найлепшы адказ тым, хто хацеў бы бачыць беларусаў галоднымі. Так не будзе…

Вечарам некалькі старонак любімай прозы зноў абавязкова перачытаю. Гэта вяртае ў тонус і дае разуменне, што ў жыцці ёсць сапраўдныя каштоўнасці. Адна з іх – магчымасць жыць і працаваць на роднай зямлі. А яшчэ – адчуванне любові да сваёй малой радзімы і жаданне бачыць яе квітнеючай.  Все интервью