Да зваротаў грамадзян – з увагай

Ситько Михаил Михайлович
Ситько Михаил Михайлович

Чарговы прыём грамадзян правёў у Шчучыне намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання Міхаіл Міхайлавіч Сіцько. Менавіта ён прадстаўляе інтарэсы шчучынскага рэгіёна ў верхняй палаце парламента.

 Спектр напрамкаў дзейнасці сенатара даволі шырокі. Тым не менш, па  словах М.М. Сіцько, важнае месца ён адводзіць рабоце са зваротамі грамадзян. Гэта дазваляе быць у курсе праблем, якія хвалююць людзей, уважліва паставіцца да іх і садзейнічаць вырашэнню ў рамках дзеючага заканадаўства. Вернасць такой пазіцыі Міхаіл Міхайлавіч пацвердзіў і ў ходзе “прамой лініі” падчас дыялогу з жыхаром райцэнтра. Мужчына скарыстаўся магчымасцю агучыць перад службовай асобай высокага рангу хвалюючае пытанне. Чалавек непакоіцца: сям’я вымушана здымаць жыллё, бо кватэра, якая знаходзіцца ва ўласнасці некалькіх яе членаў, патрабуе рамонту. Выканаць яго сваімі сіламі, па словах заяўніка, немагчыма...

Як вядома, у медаля два бакі. Так і ў любой сітуацыі: з розных пазіцый яна бачыцца па-рознаму. Таму важна глыбока ўнікнуць у сутнасць праблемы, лічыць сенатар. Што ён і зрабіў. Уважліва выслухаў прыйшоўшага на прыём гараджаніна, затым на свае вочы пабачыў дом і кватэру, аб якіх вялася размова. А яшчэ выслухаў спецыялістаў ЖКГ, якія расказалі “біяграфію” жылога будынка. Да таго ж Міхаіл Міхайлавіч даручыў адпаведным службам прадставіць дадатковыя дакументы, што дазволіць дасканала ва ўсім разабрацца.

Вывады з наскоку не робяцца, рашэнне павінна быць абгрунтаваным і законным, лічыць М.М. Сіцько.

У гэты ж дзень сенатар меў зацікаўленую гутарку з начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Дз.Т. Місюком і дырэктарам Шчучынскага РУП ЖКГ Дз.В. Казаноўскім. У прыватнасці, размова ішла аб прадастаўленні асобным катэгорыям грамадзян субсідый на аплату камунальных паслуг. З пісьмовай заявай на гэты конт да М.М. Сіцько звярнулася жыхарка нашага раёна.

Гэтай актуальнай тэме сёння ўдзяляецца шмат увагі, адзначыў сенатар. Мяркуецца, што ў шэрагу іншых яна зноў будзе прадметам абмеркавання ва ўрадзе і ў парламенце.

Цяпер вядзецца падрыхтоўка да чарговых парламенцкіх слуханняў па пытаннях ЖКГ, таму Дз.В. Казаноўскі перадаў М.М. Сіцько прапановы, так бы мовіць, “знізу” па ўдасканаленні прававых, арганізацыйных і эканамічных асноў развіцця і дзейнасці гэтай важнай для краіны і яе жыхароў сферы.

Таццяна ПАЛУБЯТКА

Все интервью