Маладзечанскі Палац культуры: ні дня без творчасці

Сороко Светлана Григорьевна
Сороко Светлана Григорьевна

Прыемна адзначыць, што Год культуры распачаўся адной з самых урачыстых і прэстыжных у краіне цырымоній уручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне», спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва, якая адбылася 12 студзеня ў Палацы Рэспублікі. Штогод ушаноўваюць людзей, якія сваім талентам і нераўнадушнымі адносінамі да справы ўносяць уклад у духоўнае развіццё нацыі, захаванне культурнай спадчыны. У ліку яе ўладальнікаў – дзеячы культуры і мастацтва, навукоўцы, урачы, свяшчэннаслужыцелі, сацыяльныя работнікі – тыя людзі, якіх называюць здабыткам нацыі.

Распрацаваны рэспубліканскі план культурных мерапрыемстваў. У праграме Года культуры будзе адведзена пачэснае месца для ўшанавання знакавых для Беларусі постацей. Шмат важных юбілеяў прыпадае на гэты год. Гэта 125-годдзе Максіма Багдановіча, 120-я гадавіна Кандрата Крапівы, 95-годдзе Івана Шамякіна, 75 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна.

Гэты год стане значным для ўсёй галіны культуры — будзе прыняты Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры, які стане першым на постсавецкай прасторы і наогул у свеце, першы кодэкс па-беларуску, які сістэматызуе заканадаўства ў галіне культуры, спросціць яго прымяненне і палепшыць умовы для працы ўстаноў культуры і людзей, якія працуюць у гэтай галіне. Год культуры будзе напоўнены знакавымі мерапрыемствамі, творчымі юбілеямі, яркімі падзеямі.

Культурныя сталіцы Беларусі

Культурная сталіца Беларусі – акцыя, якая заключаецца ў штогадовым абранні горада Беларусі цэнтрам культурнага жыцця краіны з мэтай развіцця і ўзбагачэння культурнага жыцця рэгіёнаў, актывізацыі мясцовай грамадскай ініцыятывы па падтрымцы нацыянальнай культуры, прыцягнення ўвагі шырокай грамадскасці, турыстаў.

Да 2009 года ўключна культурнай сталіцай Беларусі быў Віцебск, 21 студзеня 2010-га культурнай сталіцай афіцыйна быў абвешчаны найстаражытнейшы горад краіны Полацк. Затым штогод у рамках спецыяльнай акцыі вызначалася новая культурная сталіца. У 2011 годзе эстафету прыняў Гомель, затым Нясвіж (2012), Магілёў (2013), Гродна (2014). Два гарады – Гомель і Магілёў — адначасова мелі статус «Культурная сталіца СНД». У мінулым годзе культурнай сталіцай Беларусі быў горад Брэст.
29 кастрычніка 2015 года на калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь стала вядома, што ў 2016 годзе тытул культурнай сталіцы Беларусі атрымае горад Маладзечна.

18 снежня мінулага года ў Брэсцкім абласным Палацы культуры прафсаюзаў прайшло фінальнае мерапрыемства рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца Беларусі 2015 года», на якім адбылася цырымонія перадачы эстафеты культурнай сталіцы гораду Маладзечну. Нашаму гораду быў уручаны сімвалічны знак «Культурная сталіца Беларусі 2016 года».

Урачыстая перадача сертыфіката Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, які пацвярджае, што Маладзечна афіцыйна з’яўляецца культурнай сталіцай 2016 года, адбылося 5 лютага ў Палацы культуры горада Маладзечна. Прэзентацыя рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца Беларусі 2016 года» прайшла з удзелам заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага, вядучых аматарскіх калектываў мастацкай творчасці Маладзечанскага раёна, выканаўцаў беларускай эстрады – ураджэнцаў горада Маладзечна. Ганаровымі гасцямі ўрачыстасці сталі дзеячы культуры і мастацтва нашай краіны – удзельнікі выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Маладзечна – унікальны горад

Нягледзячы на сваю доўгую гісторыю, Маладзечна застаецца горадам маладым і хвалюючым, які жыве яркім, рознабаковым культурным жыццём.
Маладзечна – горад адметны, яго заслужана называюць сэрцам культурнага жыцця вобласці, за ім ужо даўно замацаваўся тытул культурнай сталіцы Міншчыны дзякуючы працы вядучых устаноў культуры нашага горада, якія ператварылі правінцыю ў сапраўдны сімвал музычнага мастацтва і культуры наогул.
Багатае і разнастайнае культурнае жыццё Маладзечна. Штогод калектывам Палаца культуры г. Маладзечна праводзіцца больш за 400 мерапрыемстваў, у тым ліку звыш 40 маштабных праектаў міжнароднага, рэспубліканскага, абласнога ўзроўняў. На базе Палаца працуюць 35 творчых калектываў, з іх 12 — для дзяцей. Ганаровыя званні «заслужаны», «народны», «узорны» маюць 12 клубных фарміраванняў.

Галоўнымі сцэнічнымі пляцоўкамі для правядзення асноўных культурных мерапрыемстваў рэспубліканскай акцыі «Маладзечна – культурная сталіца Беларусі 2016» стануць ДУ «Палац культуры г. Маладзечна» і Летні амфітэатр.

Асноўныя праекты рэспубліканскай акцыі

На працягу года ў нашым горадзе будуць рэалізаваныя звыш 300 цікавых маштабных культурна значных праектаў рознага ўзроўню, у тым ліку міжнародныя пленэры, фестывалі, тэлепраекты і форумы, а таксама гастрольна-канцэртныя праекты. Кожны з іх будзе мець свой стыль і тэматыку.

Значнай падзеяй у 2016 годзе стане правядзенне XVI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна» – культурнай візіткі горада. Гэта адзіны музычны форум, які мае статус нацыянальнага і з’яўляецца адным з самых значных фестываляў, што вызначаюць культурную прастору сучаснай Беларусі. Ён адкрывае новыя імёны, дае магчымасць пазнаёміцца з творчасцю беларускіх кампазітараў і паэтаў. У 2016 годзе фестываль асаблівы – прысвечаны 75-годдзю народнага артыста СССР, усімі любімага і ўшанаванага Песняра – Уладзіміра Мулявіна. І мы спадзяёмся, што гэта надасць фестывалю непаўторную цеплыню.

Калі засяродзіць увагу на самых значных праектах 2016-га, то першае, што хочацца адзначыць, што на працягу года адным з цікавых для гараджан і гасцей горада стане праект «Майстры мастацтваў – культурнай сталіцы Маладзечна». Гэты праект уключае канцэрты беларускай эстраднай песні з удзелам беларускіх кампазітараў, паэтаў, эстрадных выканаўцаў, вядучых прафесійных калектываў Беларусі; спектаклі, сустрэчы з дзеячамі культуры і мастацтваў, літаратурныя і музычныя вечары, выставы і іншыя культурныя мерапрыемствы, прысвечаныя знамянальным падзеям і вядомым асобам культуры. У праекце прымуць удзел вядомыя выканаўцы і прафесійныя калектывы блізкага і далёкага замежжа, якія прадставяць сваё эстрадна-песеннае мастацтва і нацыянальную культуру. У рамках гэтага праекта адбудзецца канцэрт-справаздача вядучых творчых калектываў і выканаўцаў Міншчыны.

Культурную сталіцу наведаюць прафесійныя танцавальныя, музычныя, харэаграфічныя калектывы: заслужаны калектыў «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі», Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі», заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь дзяржаўны ансамбль танца Беларусі, выхаванцы Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У. Мулявіна і інш.

Асноўнымі праектамі ў 2016 годзе стануць Дні культуры замежных краін, міжнародны турнір па спартыўных бальных танцах «Кубак Маладзечна – 2016», міжнародны фестываль бардаўскай песні, фестываль «Золотой шансон», «ART-HAUS» – фестываль сучаснага маладзёжнага мастацтва, XXVI абласны фестываль духавой музыкі «Майскі вальс», фестываль «Музыка душы маёй» харавых і вакальных калектываў духоўнай музыкі, рэспубліканскі конкурс «Свет прыгажосці – 2016», арт-майстэрня «Содружество», у якой прымуць удзел дэлегацыі і творчыя калектывы гарадоў-пабрацімаў г. Маладзечна і Маладзечанскага раёна, «Рэспект года — 2016» – урачыстае ўручэнне маладзёжнай прэміі, «Талент – 2016» – свята, прысвечанае Дню работнікаў культуры, Году культуры і інш.

У 2016 годзе адбудуцца сумесныя тэлевізійныя праекты Палаца культуры і Белтэлерадыёкампаніі «Маладзечна запрашае», нацыянальная музычная прэмія «BELARUS TOP-50», «100 песень для Беларусі», «Я могу!», «Танцы» з удзелам фіналістаў тэлевізійнага шоу «Танцы на ТНТ», «Беларускія матывы», праект «Маладыя таленты Беларусі» з удзелам пераможцаў рэспубліканскага творчага радыёконкурсу, вечар-канцэрт, прысвечаны 10-годдзю Маладзечанскага маладзёжнага народнага музычнага тэатра, юбілейны вечар-канцэрт Валянціна Сухадольца – саліста Масканцэрта, выпускніка музычнага каледжа і інш.

Прыхільнікаў класічнага мастацтва парадуюць праекты «Канцэрты опернай і класічнай музыкі», «Вечера волшебной оперетты» з удзелам сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі і салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, салістаў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

У Міжнародным творчым праекце «Маладзечанцы – роднаму гораду» возьмуць удзел выпускнікі ўстаноў культуры горада: вядучыя салісты оперных тэатраў свету. У рамках гэтага форуму адбудуцца творчыя вечары вядомых землякоў: заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, ганаровага грамадзяніна Мала-
дзечанскага раёна, кампазітара Алега Елісеенкава, ганаровага грамадзяніна Маладзечанскага раёна, паэта Леаніда Путырскага, паэта Кастуся Цыбульскага і інш.

У рамках праекта «Грамадска-культурныя, патрыятычныя акцыі» адбудуцца акцыя «Спяваем Гімн разам!», мітынг «Мы славім цябе, Беларусь!», святочныя мерапрыемствы «Краіну слаўлю я сваю!», «Горад, у якім хочацца жыць!» і інш.

У рамках праекта «Духоўная спадчына Маладзечна. Народная традыцыйная культура. Выставачная дзейнасць» для маладзечанцаў і гасцей горада будуць арганізаваныя імпрэзы, прэзентацыі, выставы, пленэры. Найважнейшымі мерапрыемствамі стануць міжнародны пленэр мастакоў «Маладзечна ART – 2016», пленэр скульптараў «Вернісаж камянёў», цыкл выстаў фотамайстроў горада «Фотосессия: Молодечно и времена года», IV маладзёжны праваслаўны баль «Сретение – 2016», удзел у якім прымуць прадстаўнікі Маладзечанскага благачыння, дабрачыннага фонду «Спадчына М.К. Агінскага», моладзь, навучэнцы кадэцкіх ліцэяў, удзельнікі творчых калектываў Маладзечанскага і Вілейскага раёнаў.
Усе мы ведаем, што наша будучыня за маладым пакаленнем, і ад нас залежыць, якім яно будзе. Таму шмат мерапрыемстваў праводзіцца для гэтай катэгорыі. Іх агульная мэта — каб моладзь была не гледачом, а актыўным удзельнікам. У гэтым годзе запланаваны такія святы і конкурсы як «Маладзечна – твая прастора творчасці», Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, баль выпускнікоў «Выпускнік – 2016», конкурс «Міс Маладзечна – 2016», «Арт-Старт», фестываль этнічнай музыкі «Маладзечна-этна», ІІІ адкрыты фестываль-конкурс «Свята саксафона», творчая акцыя «Маладзечна – горад маладосці» да Дня моладзі з удзелам маладзёжных музычных беларускіх гуртоў і аматарскіх калектываў альтэрнатыўнай музычнай культуры. Асобнай падзеяй для моладзі стане маладзёжны форум «Время жить!», які ўжо набыў папулярнасць і праграма якога дазваляе не толькі выявіць таленты, але і прыцягнуць сацыяльна небяспечную моладзь да актыўнага творчага жыцця і валанцёрскай дзейнасці.

Аматараў джазавай, сучаснай і рок-музыкі чакаюць незабыўныя вечары і сустрэчы ў канцэртных праектах «Маладзечна. Рок» з удзелам гуртоў «Нейра Дзюбель», «Akute», «J: Морс», «NRM», «Крама» і аматарскіх калектываў альтэрнатыўнай музычнай культуры, расійскіх аўтараў і выканаўцаў Аляксандра Ламінскага, Наргіз Закіравай, Дзмітрыя Калдуна, груп «Чысты голас», «Дразды», «IOWA» і інш.

Аматары мастацкага слова, тэатральнага мастацтва змогуць сустрэцца з народнай артысткай Расіі Кларай Новікавай; наведаць «Паэтычную гасцёўню», у якой прымуць удзел члены Саюза пісьменнікаў Беларусі; паглядзець спектаклі «Пясняр» у пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, «Любі мяне, як я цябе» Маскоўскага тэатра сучаснай камедыі з удзелам народнага артыста Расіі Б. Няўзорава, Л. Нільскай. Пройдуць прэм’еры спектакляў Ж. Марсана «Проделки Мельпомены» ў пастаноўцы тэатра мініяцюр «Брава!» і М. Донаха «Королева красоты» ў пастаноўцы народнага тэатра «Метамарфозы» Палаца культуры.

Пры планаванні культурных мерапрыемстваў улічваліся ўзроставыя асаблівасці насельніцтва, прадугледжваліся іх інтарэсы і пажаданні. Так, для людзей сталага ўзросту будуць праведзены фестываль ветэранскіх калектываў «Звини, наша песня, победным салютом!», свята «Асенні настрой». Яны збяруць лепшыя ветэранскія калектывы і выканаўцаў, якія сваім запалам і тэмпераментам даказваюць, што «старасць не бяда, была б душа маладая».

Вялікая колькасць мерапрыемстваў будзе праводзіцца з актыўным удзелам гараджан. Так, у 2016 годзе пройдуць свята мікрараёнаў горада «Мой любімы мікрараён», конкурс архітэктурна-дызайнерскіх праектаў «Добраўпарадкаванне тэрыторыі», акцыі «Горад-сад», «Чысты горад» па добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый, балконаў, тэрас і навядзення чысціні і парадку ў горадзе, акцыя «Зберажом спадчыну» з прыцягненнем моладзі да работы па добраўпарадкаванні гісторыка-культурных і сацыяльных аб’ектаў і інш.

Год культуры падорыць маладзечанцам цікавыя сустрэчы і творчыя імпрэзы, адкрыцці новых талентаў і прыемныя ўражанні.

Зладжанасць працы не толькі ўстаноў культуры і мастацтва, але і сумесная дзейнасць усіх структурных падраздзяленняў райвыканкама дазваляе быць упэўненым, што Маладзечна заслужана і адказна будзе несці ганаровае званне «Культурная сталіца года».

Все интервью